Што на межах Беларусі з Еўразвязам: на польскай можа стаць лепш, на літоўскай стала горш


Праблемы з чэргамі на межах Беларусі не вырашаюцца: станам на 30 траўня карыстальнікі чатаў скардзяцца на праблемы на мяжы з Літвой, але ўжо спадзяюцца на змяншэнне чэргаў на мяжы з Польшчай. «Белсат» глядзіць статыстыку памежнікаў за 30 траўня і паведамленні ў чатах беларусаў.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Каменны Лог». 30 траўня 2024 года.
Фота: Gpk.gov.by

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на сярэдзіну 30 траўня публікуе такія лічбы чэргаў на выезд з Беларусі:

  • «Грыгароўшчына – Патэрніекі» (Латвія): 30 легкавікоў, 430 грузавікоў, з ночы змены невялікія.
  • «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва): 160 легкавікоў, 760 грузавікоў, з ночы амаль без зменаў, але чарга павялічылася ў параўнанні з мінулым днём.
  • «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва): 140 легкавікоў, 720 грузавікоў, з ночы амаль без зменаў, але чарга таксама павялічылася ў параўнанні з мінулым днём.
  • «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча, грузавы): 350 грузавікоў, амаль без зменаў.
  • «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча): 200 легкавікоў і 50 аўтобусаў – днём раней было за 300 легкавікоў, а ранкам чарга спадала аж да 110 легкавікоў.

Паводле звестак літоўскіх памежнікаў (PDF), чэргі на раніцу 30 траўня былі такія:

  • «Мядзінінкай»: на ўезд у Літву 780 грузавікоў і 160 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 570 грузавікоў і нуль легкавікоў.
  • «Шальчынінкай»: на ўезд у Літву 700 грузавікоў і 130 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 535 грузавікоў і нуль легкавікоў.

Апошні лічыльнік, імаверна, не працуе, як і ў мінулыя дні.

У чаце пра «Грыгароўшчыну» расказваюць, што праход мяжы на машыне з Беларусі ў Латвію займае каля 11 гадзінаў, з Латвіі ў Беларусь – ад 11 да 13.

У чаце пра «Каменны Лог» паведамлялі, што ноччу ў літоўскіх памежнікаў зламалася база візаў тыпу «С», аўтамабільная чарга расцягнулася на 3 км і рухаецца па дзве машыны на гадзіну. Адзін з карыстальнікаў расказваў, што стаіць у аўтамабільнай чарзе з Літвы ў Беларусь 52 гадзіны – і да шлагбауму застаецца яшчэ 200 метраў. Аўтобус з Літвы ў Беларусь прайшоў мяжу за дзве гадзіны, з Беларусі ў Літву – за 5-7 гадзін.

У чаце пра «Беняконі» распавядаюць, што літоўскія памежнікі нібы «ходзяць п’юць каву, спецыяльна трымаюць». Адзін карыстальнік прайшоў мяжу з Беларусі ў Літву за 17 гадзінаў, другі – за 19 гадзінаў, але з гэтага 3 гадзіны дэклараваў сабаку. З Літвы ў Беларусь адзін карыстальнік праходзіў мяжу 46 гадзінаў. Іншая карыстальніца піша, што з малым дзіцём прайшла мяжу з Літвы ў Беларусь за 4 гадзіны, але сутыкнулася з грубым стаўленнем літоўскіх памежнікаў. Аўтобус з Беларусі ў Літву прайшоў за тры з невялікім гадзіны. У чаце адзначаюць таксама, што з боку Беларусі людзей на мапедах прапускаюць без чаргі.

У чаце пра «Берасце» беларусы пішуць, што ноччу за гадзіну прапускалі 19 машынаў, што ў чарзе з Беларусі ў Польшчу стаялі на легкавіку хто 15 з паловай гадзін, хто 17, а хто толькі 7 гадзін; на аўтобусе – ад 9 да 12 гадзін (пры тым большасць аўтобусаў у чарзе пустыя). Таксама пішуць, што чарга з Польшчы ў Беларусь расцягнулася на 2 з лішнім кіламетры. Але адзін з карыстальнікаў піша, што аўтамабільная чарга ідзе на спад.

«Белсат» паспрабаваў атрымаць каментар ад літоўскага боку аб прычынах вялікіх чэргаў на мяжы. Атрымаў адказ аб тым, што праблемы няма.

Каментар
Літва не пабачыла праблемы ў чэргах на мяжы: «Мядзінінкай» працуе ў звычайным рэжыме
2024.05.29 13:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў