У Менск лятаў самалёт Кадырава. А ці быў Кадыраў на борце?


Днём 29 траўня ў Менск з Грознага прыляцеў самалёт «Airbus A319-100», які, як адзначыла выданне «МотолькоПомоги», з’яўляецца асабістым самалётам кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава. Вечарам 30 траўня самалёт зляцеў. Ці быў на борце Кадыраў, невядома, але ёсць тэорыя аб прычыне магчымага таемнага візіту.

Рамзан Кадыраў
Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў. 16 траўня 2024 года.
Фота: Kadyrov_95 / Telegram

Пра сувязь самалёта з Рамзанам Кадыравым вядома даўно. З 2013 года самалёт вартасцю 80 млн долараў быў зарэгістраваны на Бярмудскіх астравах, летам 2022 года яго перарэгістравалі ў Расею. Палёты самалёта супадалі са з’яўленнем дзяцей Кадырава на курортах. Паводле звестак расейскага тэлеканалу «Дождь», гэты самалёт – адзін з самых раскошных бізнес-джэтаў на свеце, яго лёгка пазнаць на фота, якія публікуе сам Кадыраў.

Дзе быў сам Рамзан Кадыраў 29–30 траўня, невядома. Ніякіх афіцыйных і неафіцыйных паведамленняў аб ягоных візітах не было.

30 траўня Кадыраў апублікаваў відэа сустрэчы з Уладзімірам Пуціным і кіраўніком Узбекістану Шаўкатам Мірзіёевым, але тая сустрэча адбылася яшчэ 27 траўня ў Ташкенце. Адпаведны самалёт лятаў з Грознага ў Ташкент 25 траўня, з Ташкенту ў Грозны 27-га, з Грознага ў Менск 29-га і з Менску па невядомым напрамку на ўсход – 30 траўня.

Здагадку аб мэтах візіту выказала «МотолькоПомоги»: у Беларусі адна з самых кароткіх чэргаў на трансплантацыю ныркі. У расейскіх медыях ужо працяглы час ходзяць чуткі аб моцным пагаршэнні здароўя 47-гадовага Кадырава. Менавіта з кепскім здароўем чачэнскага дыктатара звязваюць нядаўнія прызначэнні Кадыравым ягоных юных сваякоў на высокія пасады ў Чачэніі: у адсутнасць выразнага пераемніка Кадыраў можа ўзмацняць свой клан на выпадак страты дзеяздольнасці.

Hавiны
Медыі: стан здароўя Рамзана Кадырава не пакідае надзеі на выздараўленне
2024.04.22 15:48

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў