У Беларусі судзяць нават мёртвых і сталіністаў. Рэпрэсіі 30 траўня


Чатыры гады ў Беларусі трываюць палітычныя рэпрэсіі: практычна штодзённыя затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, што пра рэпрэсіі стала вядома за адзін толькі дзень 30 траўня.

Аляксандр Кулініч, якога судзяць нават пасля смерці.
Фота: Mediazona.by

Берасцейскія сілавікі на ананімным Telegram-канале пахваліліся «пакаяннымі відэа» дырэктараў івэнт-агенцтваў «Ваш Праздник» і «Ивент кафе» Юрыя Капуцкага і Руслана Данілковіча. Першы на відэа кажа, то яго затрымалі за «экстрэмісцкія» рэпосты з лозунгамі «Слава Україні» і «Героям слава», другі – што за фота, дзе ён з калегамі трымае бел-чырвона-белы сцяг. Данілковіч кажа, што разам з ім затрымалі ягоную жонку. Што цяпер з затрыманымі, невядома, таксама як невядома, якая доля праўды ў тым, што іх прымусілі сказаць на камеру.

Гарадзенскія сілавікі на ананімным Telegram-канале апублікавалі відэа затрымання мужчыны нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Выданне «Медыязона» знайшло затрыманага ў сацсетках: ён падпісваецца як Аляксей Давыдоўскі, месцам працы пазначае Гарадзенскі гарадскі цэнтр культуры. Сілавікі называюць яго дыджэем і гукарэжысёрам. Прычыны затрымання невядомыя.

Затое сталі вядомыя прычыны затрымання шумілінскага ксяндза Паўла Лемеха. Як піша «Хрысціянская візія», святара затрымалі 8 траўня і 10 траўня яго асудзілі за «несанкцыянаванае пікетаванне» – размяшчэнне на Facebook выявы пратэстаў у Менску з бел-чырвона-белымі сцягамі і выяву сцяга Украіны. За гэта яго асудзілі на 10 дзён арышту, потым «перазатрымалі» яшчэ на чатыры дні.

Hавiны
На беларускай мяжы затрымалі 18-гадовую грамадзянку Украіны
2024.05.30 14:59

32-гадовага пінчука Артура Радзівановіча 21 траўня асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у 2000 рублёў за тое, што ён перапісваўся з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Паводле следства, мужчына высвятляў парадак далучэння да палка беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, а таксама планаваў паехаць ва Украіну праз Польшчу. На мяжы з Польшчай яго і затрымалі 30 снежня 2023 года.

Горадзенскі абласны суд 30 траўня працягнуў разгляд крымінальнай справы супраць мясцовага жыхара Андрэя Бурдзені, расказвае «Наша ніва». 44-гадовага былога айцішніка судзяць за «абразу Лукашэнкі», «паклёп на Лукашэнку», «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальванне сацыяльнай варожасці», усё гэта – за каментары ў Telegram-чатах.

У Гарадзенскай вобласці 30 траўня за «экстрэмісцкія матэрыялы» судзілі яшчэ не менш як двух чалавек: тамтэйшыя праваабаронцы «Право имеют» заўважылі суды над Юліяй Чужаўкай з Карэліцкага раёну і Цімафеем Гарадковым з Лідскага. Імаверна, судоў было больш: праваабаронцы не заўсёды даведваюцца пра рэпрэсіі дзень у дзень. Так, «Право имеют» толькі 30-га даведаліся, што 20-га ў Горадні мужчыну асудзілі на 15 дзён арышту за тры рэпосты ў Telegram.

Палітвязня Аляксандра Францкевіча будуць судзіць паводле артыкулу 411 КК РБ за «Злоснае непадпарадкаванне», даведаўся «Анархісцкі Чорны крыж». Гэты артыкул дазваляе бясконца трымаць людзей за кратамі без усялякіх доказаў віны. Францкевіча затрымалі яшчэ 12 жніўня 2020 года і асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі. Як пішуць анархісты, ён «трымаецца бадзёра і не маркоціцца».

Для суду не абавязкова быць у Беларусі: ёсць «завочныя суды» для тых, да каго ўлады не могуць дацягнуцца. Так, на 12 чэрвеня прызначылі суд за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» над праваабаронцам Леанідам Судаленкам, які працяглы час знаходзіцца за межамі Беларусі.

Больш за тое, не абавязкова быць жывым. У Берасці за «абразу Лукашэнкі» працягваюць судзіць Аляксандра Кулініча. За тыдзень да суду, 9 красавіка, 51-гадовы мужчына памёр у зняволенні. Нягледзячы на смерць, 30 траўня справу мела разглядаць суддзя Марына Скалковіч.

Hавiны
За Саннікавым і Радзінай сачылі з дапамогай праграмы «Pegasus». Хто – невядома
2024.05.30 17:23

Паводле падікаў «Вясны», за апошнія чатыры гады 36 418 чалавек зазналі адміністрацыйны пераслед з палітычных матываў (і гэта без уліку тых, каго затрымлівалі, але не асудзілі на арышт ці штрафы), у тым ліку больш за 5300 чалавек, якіх асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (а «экстрэмізмам» можа быць нават падабайка пасту «Белсату»).

Рэпрэсіі распаўсюджваюцца не толькі на людзей. Былая бібліятэкарка з Берасця расказала выданню «Зеркало», што пры праверках у бібліятэках шукалі кнігі з бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня, і рабілі гэта так, «нібы бомбу ў школе знайшлі». А ўлады Горадні адказалі (PDF) на петыцыю аб знікненні шыльды ў памяць аб паўстанні Тадэвуша Касцюшкі: «Не валодаем звесткамі пра аб’ект, указаны ў паведамленні».

У сілавікоў часам здараецца «агонь па сваіх». Так, улады працягваюць абвяргаць, што супрацоўнік крымінальнага вышуку кіраваў бандай, якая рабавала дальнабойнікаў, і да надзіва актыўных абвяржэнняў падключыўся нават міністр унутраных справаў… Але па справе нічога не расказаў.

«Агонь па сваіх» ледзь не забіў сталініста і былога дэпутата Вярхоўнага савету СССР Мікалая Петрушэнку, расказвае Orsha.eu. Мужчыну асудзілі на 10 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у сацсетках, хоць спасылка, якую ён размяшчаў у сацсетках, вяла на рэсурс, які на момант публікацыі не быў у спісе «экстрэмісцкіх». За час утрымання пад вартай Петрушэнку, які актыўна падтрымліваў рэпрэсіі супраць беларусаў, сталася блага праз прабадную язву, яго паспелі даставіць у лякарню і выратаваць жыццё.

Але ёсць і добрыя навіны. Беларусы сабралі больш за 20 тысяч еўра на летнія вакацыі дзецям палітнязняў. А Аляксандра Вараб’ёва, якая трапіла на вядомы здымак з пратэстаў-2020, расказала, што пакінула Беларусь і знаходзіцца ў бяспецы.

Hавiны
У Гомлі чыноўнік трапіў пад пераслед за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
2024.05.30 12:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў