За Саннікавым і Радзінай сачылі з дапамогай праграмы «Pegasus». Хто – невядома


Арганізацыя «The Citizen Lab» апублікавала новыя факты сачэння за грамадзянскімі актывістамі з дапамогай шпіёнскай праграмы «Pegasus» ізраільскай кампаніі «NSO Group». Раней пісалі пра сачэнне праз гэтую праграму за заходнімі журналістамі і актывістамі, пазней – за расейскімі. Цяпер выявілі шпіёнства за траімі беларусамі.

Наталля Радзіна. Вільня, Літва. 30 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

«The Citizen Lab» пры Універсітэце Таронта ў супрацы з «Access Now» і экспертам у лічбавай бяспецы Нікалаем Кванталіяні летась выявілі сачэнне праз «Pegasus» за сузаснавальніцай расейскага выдання «Медуза» Галінай Цімчанкай. Цяпер жа выявілі сачэнне за яшчэ 7 асобамі.

Чацвёра з іх звязаныя з Расеяй: ізраільска-расейскі журналіст радыё «Свобода» Яўгеній Эрліх, латышскі журналіст і былы фрылансер радыё «Свобода» і выдання «Новая газета. Балтия» Яўгеній Паўлаў, расейская журналістка і генеральная дырэктарка выдання «Новая газета. Европа» Марыя Епіфанава, а таксама ананімны расейскі журналіст, які жыве ў Вільні.

З Беларуссю звязаныя трое: апазіцыйны актывіст і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў, галоўная рэдактарка «Хартыі’97» Наталля Радзіна (абое жывуць у Варшаве) і актывіст грамадзянскай супольнасці, які жыве ў Вільні. Прылады апошняга спрабавалі заразіць шкоднай праграмай, а прылады Саннікава і Радзінай заразілі.

Пра заражэнне стала вядома дзякуючы паведамленням ад кампаніі «Apple», прыладамі якой карысталіся гэтыя людзі. Саннікаў і Радзіна атрымалі паведамленні 31 кастрычніка 2023 года. «iPhone» Саннікава, імаверна, быў заражаны «Pegasus» прыблізна 7 верасня 2021 года, прылада Радзінай – тры разы ў снежні 2022 года – студзені 2023-га. На заражанай прыладзе Радзінай знайшлі сляды тых жа зламыснікаў, якія атакавалі прылады Паўлава і ананімнага расейца, на прыладзе Саннікава – сляды зламыснікаў, якія атакавалі Радзіну.

«Pegasus» можа працаваць на прыладах на iOS і «Android», звычайна можа чытаць тэкставыя паведамленні, адсочваць выклікі, збіраць паролі, запісваць лакацыю, атрымліваць доступ да камеры і мікрафона прылады. Прынамсі некаторыя заражэнні адбываліся праз электронную пошту: праграму хавалі пад спасылкамі ў лістах.

Упершыню шпіёнскую праграму выявілі ў 2016 годзе пры спробе заразіць прыладу праваабаронцы з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Пазнай выявілася, што сачылі за сотнямі чыноўнікаў з дзясяткаў краінаў, у тым ліку за прэзідэнтамі Іраку і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, прэм’ерамі Пакістану, Егіпту і Марока. Распрацоўнікі заяўлялі, што праграму прадаюць толькі ўрадавым структурам краінаў, якія не парушаюць правы чалавека.

Расследавальнікі лічаць, што праграму «Pegasus» выкарыстоўваюць супраць расейска- і беларускамоўных журналістаў і актывістаў прынамсі з 2020 года. Але не маюць доказаў, што за актывістамі і журналістамі, згаданымі вышэй, маглі сачыць улады канкрэтнай дзяржавы. Невядома, каб Беларусь, Расея ці Літва былі кліентамі «Pegasus». Польшча заяўляла пра спыненне выкарыстання праграмы ў 2021 годзе. Расследавальнікі заяўляюць, што Эстонія актыўна выкарыстоўвае «Pegasus», але сувязі з гэтымі выпадкамі не відаць, а Латвія выкарыстоўвае, але не для сачэння за людзьмі па-за латвійскімі межамі.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 14:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў