Беларускія НПЗ рызыкуюць стаць законнай мішэнню для ўкраінскіх удараў?


Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведамляе пра рэзкі рост аб’ёмаў экспартнага транспартавання наліўных цягнікоў з авіяцыйным рэактыўным палівам у Расею.

Фото:
https: //mnpz.by/

«За апошнія 10 дзён фактычна з нуля рэзка павялічаныя абʼёмы экспартнага транспартавання са станцыі «Барбараў» (Гомельскае аддзяленне БЧ – НОД-4) наліўных складаў з авіяцыйным рэактыўным палівам на станцыі «Маскоўскай» (МскЧ) і «Кастрычніцкай» (АктЧ) чыгунак Расейскай чыгункі на адрасы паліўных сховішчаў Масквы, Санкт-Пецярбургу, Курску і Петразаводску», – гаворыцца ў паведамленні.

Мяркуючы са станцыі адпраўлення, пастаўкі ідуць з Мазырскага НПЗ.

Зафіксаваныя станцыі прызначэння Расейскай чыгункі на сённяшні дзень:

  • Міжнародны аэрапорт «Унукава» (VKO):

    – станцыя «Аэрапорт» (МскЧ).
  • Міжнародны аэрапорт «Дамадзедава» (DME):

    – станцыя «Космас» (МскЧ).
  • Міжнародны аэрапорт «Жукоўскі» (ZIA):

    – станцыя «Нагінск» (МскЧ);

    – станцыя «Пярова» (МскЧ).
  • Нафтапрадуктаперапампоўчая станцыя ГПС «Шылава-3»:

    – станцыя «Шалухава» (МскЧ).
  • Міжнародны аэрапорт Пулкава (LED):

    – станцыя «Лігава» (АктЧ);

    – станцыя «Верава» (АктЧ);

    – станцыя «Фрэзерны» (АктЧ);

    – станцыя «Стары Пецяргоф» (АктЧ).
  • Міжнародны аэрапорт «Курск – Усходні» (URS):

    – станцыя «Рышкава» (МскЧ).
  • Міжнародны аэрапорт «Петразаводск» (PES):

    – станцыя «Томіцы» (АктЧ).

Нагадаем, некалькі месяцаў таму Украіна пачала выкарыстоўваць новую тактыку і накіроўваць ударныя БПЛА на буйныя расейскія НПЗ. Гэта прывяло да істотнага скарачэння вытворчасці нафтапрадуктаў у Расеі. Эксперты выказвалі засцярогі, што калі Беларусь будзе пастаўляць нафтапрадукты для расейскага войска, то беларускія НПЗ могуць стаць законнай мішэнню для ўкраінскіх удараў. Мазырскі НПЗ размешчаны за 40 км ад мяжы з Украінай.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў