Беларусы прафінансавалі сабе цэлае міністэрства… сепультуры. Гэта Youtube-канал пра музыку


Музычны журналіст Аляксандр Чарнуха 28 траўня абвясціў, што ягоны Youtube-канал «Міністэрства сепультуры» пастаўлены на паўзу: няма грошай на новыя выпускі. Ён папрасіў гледачоў скінуцца праз сэрвіс «Buy Me a Coffee», і за дзень гледачы далі грошы на некалькі новых выпускаў, расказаў Чарнуха «Белсату».

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Міністэрства… чаго?

«Sepultura» – бразільскі мэтал-гурт, адзін з найбольш вядомых у жанры трэш-мэтал. Але «Міністэрства сепультуры» – канал не пра бразільскую, а пра беларускую музыку: і незалежную, і каляўладную.

Аўтар «Міністэрства» Аляксандр Чарнуха працаваў у «Народнай газеце», «Ultra Music» і «Onliner», сышоў у працу ў IT, напісаў раман «Свінні» і мінулай вясной заснаваў свой музычны Youtube-канал.

Аўтар «Міністэрства» тлумачыць, што назва мае шмат пластоў. Гэта і каламбур «культура-сепультура», бо «sepultura» з партугальскай мовы перакладаецца як «магіла», а Міністэрства культуры Беларусі – «міністэрства могілак, а не культуры».

Музыку «Sepultura» любіць, але сувязь з гуртом нават глыбейшая. Вакаліст гурту «Sepultura» Дэрык Грын сустракаўся з беларускай Юліяй, з якой пазнаёміўся на канцэрце ў Менску. А Чарнуха з той Юліяй вучыўся ў адной школе ў Барысаве, нават граў з ёй разам – пару разоў рэпетавалі ў школьнай сталовай кавэры на расейскіх панкаў «Король и Шут», Юлія грала на скрыпцы.

«Першае народнае міністэрства»

Сродкі на працяг працы «Міністэрства сепультуры» знайшліся літаральна за адзін дзень. Чарнуха кажа, што вельмі ўражаны тым, што канал падтрымала больш за сотню чалавек, некаторыя з якіх далі даволі вялікія сумы. Ахвяравальнікам, якія падпісаліся на пакеты «Скураны партфель», «Селектар» і «Кабінет міністраў», журналіст абяцае рассылаць тэксты пра экзатычную музыку, плэйлісты і іншае. Збор не спыняецца, грошы яшчэ можна ахвяраваць.

Чарнуха кажа, не чакаў, але верыў, што ёсць людзі, гатовыя плаціць за тое, каб ім паказвалі цікавы кантэнт. Смяецца: «Міністэрства сепультуры – першае народнае міністэрства». Сапраўды ж, адзінае міністэрства Беларусі, якое працуе на народнай падтрымцы.

На колькі выпускаў хопіць сабранага, ён яшчэ не паспеў падлічыць, але мяркуе, што на некалькі месяцаў працы грошы ёсць. А адзін выпуск можа каштаваць, у залежнасці ад працягласці, да тысячы долараў з улікам здымкаў, мантажу і публікацыі. Дык значыць, знайшлася ніша, у якой незалежнае беларускае выданне можа працаваць на камерцыйнай аснове?

«Я б не назваў гэта камерцыйнай асновай, усё ж гэта не бізнес-рэйкі, – адказвае Чарнуха. – Гэта такія вельмі шчырыя адносіны паміж блогерам і ягонай аўдыторыяй. Я ўяўляю з сябе мікра-медыя. Для буйных медыяў гэта, канешне, не тая падтрымка, якая магла б іх карміць і рабіць эфектыўнымі. Мне падаецца, што гэта ўдзячная глеба для нішавых медыяў. Але трэба ствараць унікальную прапанову. Людзі павінны разумець, за што яны плацяць грошы: за тое, што ім сапраўды цікава, а не за тое, што проста гэта беларускае».

«Тое, што робяць беларускія блогеры для беларусаў і па-беларуску, вельмі складана манетызаваць. Па-першае, проста таму, што аўдыторыя не такая вялікая. Па-другое, Youtube вельмі не любіць беларускую мову. Па-трэцяе, ніякі бізнес зараз не пойдзе рэкламавацца да беларускіх блогераў, калі ёсць хоць нейкі адсотак рызыкі».

Youtube тэарэтычна дазваляе блогерам зарабляць на рэкламе. Але, кажа Чарнуха, ягоныя відэа – вельмі нішавы кантэнт, які не дае тыя колькасці праглядаў і падпісантаў, каб можна было ўвогуле зарабляць на рэкламе. Да таго ж, канал на беларускай мове, а Youtube не дазваляе запускаць рэкламу ў відэа на гэтай мове (пытанне спрабавала вырашыць нават Святлана Ціханоўская).

Hавiны
Ці можа штучны інтэлект напісаць «Тры чарапахі»? Мы праверылі, атрымалі чатыры варыянты
2024.04.09 20:58

«Міністэрства» глядзяць многа ці мала?

Відэа «Міністэрства сепультуры» звычайна набіраюць не менш за 10 тысяч праглядаў, самае паспяховае – звыш 180 тысяч. Пра Аляксандра Саладуху – 168 тысяч, пра Анатоля Ярмоленку – 59 тысяч, пра Сяргея Міхалка – 46 тысяч, пра «Molchat Doma» і Ціму Беларускіх – па 35 тысяч…

Па мерках беларускага Youtube гэта нямала. Але ці не мала для відэа пра найбольш вядомых музыкаў 9-мільённай краіны?

«Калі ў краіне ніколі не было паўнавартаснага шоў-бізнесу, які працуе эфектыўна, няма таблоідаў, якія б стваралі свае легенды, стваралі б з музыкаў сапраўдных медыйных персонаў, а не нішавых… – разважае Чарнуха. – Калі былі б, мы б размаўлялі пра іншыя прагляды. Мне падаецца, сёння з беларускіх музыкаў толькі адзінкі з’яўляюцца не нішавымі, а глабальнымі медыйнымі персонамі».

З другога боку, канал не толькі пра музыку, а і пра сторытэлінг, працягвае Чарнуха. У ягоных гісторыях часам не так важна, якую музыку гралі людзі, як важна паглядзець, што адбывалася з людзьмі і ў якім кантэксце. Можна выходзіць на глабальныя тэмы, якія звязаныя з музыкай толькі ўскосна. Журналіст дадае: «Ды і „Песня года“ звязаная з музыкай толькі ўскосна, будзем шчырымі».

А расказаць ёсць пра што. Чарнуха кажа, хацеў бы расказаць пра шмат якіх музыкаў і іхны прагрэс ці дэградацыю, пераказаць гісторыі шмат якіх ужо зніклых гуртоў, назбіраў тое-сёе для агляду новай музыкі… Матэрыялаў хопіць не на адзін год.

Беларускую музыку не здушылі

Цяпер беларуская музыка быццам бы ў цяжкім стане. Многія музыкі былі вымушаныя эміграваць, раз’ехалася і аўдыторыя. А тыя музыкі, хто застаўся ў Беларусі, мусяць як мінімум не выступаць супраць улады, а то і падтрымліваць яе, каб мець магчымасць выступаць. Ды Чарнуха ўпэўнены, што беларуская музыка развіваецца, нягледзячы на гэта:

«Мне падаецца, што беларуская музыка заўсёды развівалася менавіта праз энтузіястаў і пасіянарыяў, – лічыць Чарнуха. – Усе цудоўна разумелі: мне ёсць што сказаць і я хачу сказаць, таму я буду гэтым займацца, а не таму, што зараз запішу музыку і зараблю шмат грошай. Мне падаецца, нават Макс Корж ніколі не думаў, што будзе зараз зарабляць шалёныя грошы і збіраць стадыёны за адзін дзень».

Адсутнасць сістэмы каардынатаў стымулюе сапраўднае мастацтва: калі табе ёсць што сказаць, ты кажаш. Тут ці нейкае эпігонства падлеткавае з’яўляецца, ці нешта вартае і цікавае, бо гэта шчырыя думкі.

«З іншага боку, калі гэта музыка не палітычнага складніку, а яна не абавязкова мусіць быць палітычная, яна можа развівацца і ўнутры Беларусі. І яна развіваецца, я ведаю шмат прыкладаў цікавых гуртоў, якія толькі цяпер з’яўляюцца, і яны сапраўды цікавыя, у іх ёсць будучыня.

Натуральна, у іх не так шмат варыянтаў, дзе выступіць, дзе паказаць сваю творчасць. Але ёсць інтэрнэт, дзякуй Богу, яго яшчэ не забаранілі пакуль што. Таму нешта развіваецца, нешта мы чуем, слухаем праз Telegram-каналы і нішавыя паблікі, якія нам распавядаюць пра беларускую музыку. Яны ёсць, і гэта крута».

Дзе пачытаць пра беларускую музыку? Ужо даўно не пішуць ні «Ultra Music», ні «Тузін гітоў», ні «Experty.by»… Чарнуха лічыць, што час такіх медыяў незваротна мінуў, бо трэба ўтрымліваць экспертызу, плаціць супрацоўнікам і рэгулярна шукаць нешта цікавае не толькі аўтару, але і аўдыторыі. Больш эфектыўныя мікра-медыі, як то Telegram-каналы, якім не трэба ўтрымліваць хостынг і ствараць вялікія формы.

Некаторыя каналы Чарнуха не хоча «свяціць» з прычынаў бяспекі музыкаў-падпольшчыкаў, але раіць падпісацца на Telegram-канал «Клік» і на свой Telegram-канал «Беларуская музыка».

Інтэрв’ю
Як беларускія «Kurwadziki» робяць Беласток great again. Вялікае інтэрв’ю з «Адкрыццём года»
2024.05.04 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў