«Знайшлі брата і прыйшлі да яго». Што вядома пра ператрусы ў беларусаў, якія з’ехалі за мяжу?


16 – 17 траўня ў Беларусі прайшла хваля ператрусаў у кватэрах беларусаў, якія з’ехалі за мяжу пасля 2020 года. Прыходзілі таксама да іхных сваякоў. Напярэдадні Следчы камітэт заявіў пра крымінальную справу супраць 104 удзельнікаў Дня волі за мяжой. «Медиазона» пагутарыла з эмігрантамі, якія даведаліся пра ператрусы ў сваіх кватэрах ці ў сваякоў.

Дзень Волі-2024. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Прыйшлі па маёмасць, якая належыць маім братам і цётухнам»

«Медиазоне» вядома пра ператрусы ў Менску, Магілёве, Горадні.

Актывіст Ігар быў арганізатарам сёлетняга Дня волі ў Варшаве. Сілавікі прыйшлі з ператрусам у ягоную беларускую кватэру а 6-й гадзіне раніцы 16 траўня. З сабой прывезлі былую жонку эмігранта. Следчыя дзеянні праводзіліся ў рамках крымінальнай справы супраць Ігара, аднак нумар артыкулу сілавікі не паведамілі. Яны хацелі накласці арышт на кватэру, але, калі даведаліся, што яна ўжо не належыць Ігару, з’ехалі.

16 траўня таксама прыйшлі да сваякоў гарадзенкі Юліі, якая дапамагала Ігару з арганізацыяй Дня волі.

«Прыйшлі па маёмасць, якая належыць маім братам і цётухнам. Мне там нічога не належыць. Застаўся дом пасля матулі: яна памерла ў траўні 2020 года, а я з’ехала і не ўступіла ў права ўласнасці. Ёсць яшчэ адзін дом, абодва стаялі зачыненыя. І вось прыйшлі, але не ведаю дакладна, у які з гэтых дамоў, бо не падтрымліваю сувязі са сваякамі», – распавяла жанчына.

Мянчанка Ірына ўдзельнічала сёлета ў Дні волі за мяжою і камунікавала з арганізатарамі. 16 траўня ў ейнай кватэры ў Менску таксама прайшоў ператрус.

«Яны знайшлі брата і прыйшлі да яго – у яго быў ключ ад маёй кватэры. Ён ім аддаў, і яны паехалі да мяне без яго. Што там рабілі – не ведаю», – распавяла Ірына.

Па словах беларускі, сілавікі паказалі брату паперку, у якой было сказана, што следчыя дзеянні вядуцца ў рамках крымінальнай справы, а калі вярнулі ключ сказалі, што на маёмасць наклалі арышт.

«У мяне, казаў слядак, спіс з 200 чалавек»

Вольга з мужам жывуць у Варшаве і сёлета ўдзельнічалі ў Дні волі. У іхную кватэру ў Менску таксама прыйшлі сілавікі. Знаёмыя Вольгі распавялі, што на мужа жанчыны завялі крымінальную справу за здраду радзіме, аднак ці гэта дакладная інфармацыя – невядома.

Hавiны
У беларускай кватэры журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча выламалі дзверы, жытло апячаталі
2024.05.17 16:02

16 траўня сілавікі прыйшлі ў беларускую кватэру ўдзельніцы вроцлаўскай дыяспары Таццяны. Жанчыну абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання – яна несла вялікі бчб-сцяг падчас святкавання Дня волі.

Яшчэ адзін беларус, які даведаўся пра ператрус – Уладзіслаў, распавёў, што адзін з сілавікоў сказаў ягонай бабулі, што зараз закончаць з ёй і паедуць па іншых кватэрах.

«У мяне, казаў слядак, спіс з 200 чалавек», – распавёў Уладзіслаў.

Бабулі хлопца сказалі, што яго падазраюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» і будуць судзіць завочна.

17 траўня ператрусы прайшлі ў беларускіх кватэрах журналіста з Віцебску Дзмітрыя Казакевіча і намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага.

У кватэры Дзмітрыя Казакевіча выламалі дзверы і пасля ператрусу апячаталі жытло. У рамках якой справы прыходзілі, невядома. Гэтак жа не ведае, з чым звязаны візіт сілавікоў, Барыс Гарэцкі.

«Сілавікі прыходзілі з пастановай на ператрус. Я не ведаю, ці нешта было забранае з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады», – распавёў намеснік старшыні БАЖ.

Hавiны
На месцы рэгістрацыі намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў адбыўся ператрус
2024.05.17 17:10

Крымінальная справа супраць 104 сябраў дыяспараў

У сакавіку 2024 года Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу супраць прадстаўнікоў беларускіх дыяспараў. Сярод фігурантаў справы было як мінімум 100 удзельнікаў супольнасцяў «Народныя амбасады» і «Беларусы замежжа».

16 траўня СК заявіў, што дадаў да справы яшчэ 104 сябры беларускіх дыяспараў, якія святкавалі Дзень Волі ў Варшаве, Вільні, Вроцлаве, Беластоку, Бруселі, Батумі, Празе, у гарадах ЗША. Новыя фігуранты абвінавачваюцца ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

«У рамках расследавання крымінальнай справы ўжо атрыманая інфармацыя пра аб’екты нерухомасці і маёмасць на тэрыторыі нашай краіны, якая ім (фігурантам справы – рэд.) належыць. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы», – гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.

Паводле СК, крымінальныя справы будуць разглядацца ў рамках «спецыяльнага вядзення», абвінавачаных будуць судзіць завочна.

Аб’ектыў
Ціск на дыяспару: у 104 беларусаў замежжа адбяруць маёмасць на радзіме
2024.05.16 20:39

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў