Дна няма. Як Лукашэнка «варыць» беларусаў


Беларускі Хельсінскі камітэт прэзентаваў даследаванне «Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі». З яго вынікае, што адмежаванне правоў і свабод грамадзян носіць сістэмны характар, узровень уседазволеннасці сілавікоў расце і дзяржава не мае намеру спыняць гэтыя трэнды.

Гадавіна Слуцкага збройнага чыну
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Даследаванне, прэзентацыя якога адбылася 16 траўня, ахоплівае перыяд са студзеня па красавік 2024 года.

Аналізаваць змены ў тэндэнцыях беларускай дзяржаўнай палітыкі ў галіне правоў чалавека Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) пачаў з ліпеня 2023 года. Ідэя ўзнікла ў сувязі з тым, што сітуацыя ў гэтай галіне настолькі хутка і радыкальна пагаршаецца, што мяжа паміж галоўным і другасным размываецца. Эксперты БХК фіксуюць галоўныя заканадаўчыя змены, якія мяняюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама правапрымяняльную практыку, якая ў хуткім часе можа быць замацаваная законам, патлумачыла падчас прэзентацыі даследавання экспертка БХК Кацярына Дзяйкала. Яна адзначыла, што дзяржава выконвае ўсе свае пагрозы і абяцанні помсты ідэалагічным ворагам, паступова ўвасабляючы іх у законах. Даследаванне БХК фіксуе не асобныя формы рэпрэсіяў, а іх сістэмнасць.

«Трэнды на легалізацыю рэпрэсій, узмацненне сілавога блока, мілітарызацыю і рашэнне праблемы недахопу супрацоўнікаў праз парушэнне сацыяльных і эканамічных правоў, якія былі зафіксаваныя ў папярэднія перыяды ў 2023 годзе, захаваліся, і ў кожным з іх адбываюцца якасныя змены», – распавяла Кацярына Дзяйкала.

Дзяржава падыходзіць да рэпрэсіяў усё больш «творча» і крэатыўна.

Асабістая прастора звужаецца

Павялічваецца колькасць катэгорыяў грамадзян, дыскрымінацыя якіх замацаваная ў заканадаўстве. Упершыню з’явілася фармальная заканадаўчая аснова, якая стварае глебу для сістэмных дыскрымінацыйных практык і сістэмных пераследаў па прыкмеце гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі і транс-статусу.

19 сакавіка 2024 года Міністэрства культуры ўнесла змены ў адмысловую Інструкцыю, якая датычыць эратычнай прадукцыі і пашырыла вызначэнне тэрміну «парнаграфія». Калі раней да парнаграфіі адносілася «вульгарна-натуралістычная, агіднацынічная, непрыстойная фіксацыя палавых зносін», то зараз гаворка ідзе ўжо не толькі пра тое, як паказаныя палавыя зносіны, а пра тое з кім – калі гэта «гомасексуалізм і лесбійскае каханне, бісексуальныя адносіны, паліаморыя, транссексуалізм», то гэта ўжо парнаграфія.

Патэнцыйна пад забарону можа патрапіць любая інфармацыйная прадукцыя (у тым ліку адукацыйная і асветніцкая), якая згадвае пра адносіны, пазначаныя ў Інструкцыі як «нетрадыцыйныя», робяць выснову эксперты БХК.

Асабістая прастора чалавека ўсё больш звужаецца і ўмацоўваецца рэжым татальнага сачэння. Гэтым разам ён распаўсюдзіўся на перавозкі пасажыраў і банкаўскія аперацыі. Дзяржава дазволіла сабе доступ да персанальных звестак у гэтых сферах, у тым ліку без згоды чалавека. Перавозчыкаў абавязалі даваць доступ дзяржорганам да інфармацыі, хто куды купляў квіткі і весці відэазапіс у таксі, ігнаруецца абарона банкаўскай таямніцы.

Аналітыка
Вайна на чужой зямлі, злы Захад і касмапаліты. Што трэба ведаць пра новую Ваенную дактрыну
2024.04.29 07:00

Лаяльнасць да ўладаў замацоўваецца ў заканадаўстве і ахоплівае ўсё больш прафесійных групаў. Гэтым разам з нагоды палету ў космас грамадзянкі Беларусі патрабаванне лаяльнасць распаўсюдзілі на зусім малалікую групу – касманаўтаў. Так, у заканадаўстве прапісалі, што касманаўт страчвае права на сацыяльныя гарантыі і льготы ў выпадку ўчынення ім злачынстваў або адміністрацыйных правапарушэнняў «экстрэмісцкай накіраванасці». Усё б і нічога, але пад «экстрэмісцкай дзейнасцю» улады разумеюць дэманстрацыю нязгоды з палітыкай беларускага рэжыму.

Сілавікі ўзмацняюцца ў правах

Дзяржава пашырае магчымасці сілавікоў адвольна прымяняць сілў у адносінах да цывільных асобаў. Сілавы блок узмацняецца як частка інстытуцыялізацыі рэпрэсій, адзначаюць праваабаронцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У лютым былі ўнесеныя змены ва Указ ад 26 чэрвеня 2001 г. № 355 «Аб зацвярджэнні агульнавайсковых статутаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». У выніку змянілася палажэнне аб праве ваеннаслужачых прымяняць зброю. Скасавана ранейшая фармулёўка «калі іншымі спосабамі выкананне ўскладзеных на іх задач не ўяўляецца магчымым», гэта значыць, што зараз няма неабходнасці суадносіць, ці можна дасягнуць выніку без ужывання зброі. Ваеннаслужачым дазволена выкарыстоўваць зброю і спецсродкі «з улікам наяўнай абстаноўкі, характару злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння і асобы правапарушальніка». Палажэнне аб адказнасці за выкарыстанне сілы з перавышэннем паўнамоцтваў увогуле знікла з заканадаўства.

Да змен была фармулёўка аб тым, што прымяненню зброі, фізічнай сілы ці спецсродкаў павінен папярэднічаць папераджальны стрэл, зараз дастаткова толькі папярэджання. Акрамя таго з’явілася норма пра тое, што па асабліваму распараджэнню намесніка Міністра ўнутраных спраў – камандуючага ўнутранымі войскамі асабовы склад сутачнага нараду можа ўзбройвацца зброяй з баявымі патронамі.

На пашыранай нарадзе з кіраўніцтвам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Аляксандр Лукашэнка даў указанне ўзбройваць вулічныя патрулі агнястрэльнай зброяй. «Зыходзячы з практыкі, такія вусныя даручэнні Лукашэнкі заносяцца ў пратакол даручэнняў па выніках нарады і далей прымаюцца меры па іх рэалізацыі», – папярэджваюць праваабаронцы.

«Гэта пужае і гэты трэнд ўзмацняецца», – канстатавала Кацярына Дзяйкала.

Злачынны статус тых, хто не згодны з меркаваннем улады, увесь час павышаецца – спачатку гэта былі парушальнікі адміністрацыйных артыкулаў, потым яны сталі крымінальнікамі, праз нейкі час – ужо экстрэмістамі і тэрарыстамі. Зараз нязгодных можна трактаваць, як ваенную пагрозу. Прынятая на УНС Ваенна дактрына адносіць некаторыя формы выказвання сваіх поглядаў да ваенных рызык і выклікаў. У прыватнасці: распаўсюд у беларускім грамадстве ідэй, якія вядуць да адмовы ад традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, правакаванне па ідэйна-палітычных перакананнях; агітацыю, якая падрывае давер да ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы і інш. Масавае ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу таксама прызнанае ваеннай пагрозай. Пры гэтым невядома, што стаіць за фармулёўкай – «масавае», адзначыла Кацярына Дзяйкала.

Агляд
Лекары толькі на трэцім месцы. Якіх спецыялістаў не хапае ў Беларусі і што там у IT?
2024.02.29 16:43

«Жалезная заслона» апускаецца

Ствараюцца ўмовы для максімальнай эксплуатацыі працаўнікоў на патрэбу мэтаў рэжыму – заканадаўча замацаванае права наймальніка павялічваць ліміт звышурочнай працы і працы ў выходныя дні ў прамысловых арганізацыях. Норма пра неабходнасць узгаднення з прафсаюзам і атрыманне згоды работніка прысутнічае, але ў цяперашніх умовах яна можа насіць толькі намінальны характар, лічаць праваабаронцы.

Сумна вядомая з савецкіх часоў «жалезная заслона» усё больш апускаецца – дзяржава вынаходзіць усё новыя і новыя нагоды, каб забараніць маладым людзям выезд з Беларусі. Так, заканадаўча забароненая рэклама працаўладкавання і навучання за мяжой, складана атрымаць патрэбныя для паступлення ці працаўладкавання дакументы. Эксперты БХК прагназуюць умацаванне гэтай тэндэнцыі.

«Антызаходніцкая» палітыка беларускага рэжыму вяртае краіну ў найгоршыя практыкі СССР і не за гарамі той час, калі пытанне «ці ёсць родзічы за мяжой» будуць задаваць пры прыёме на працу. Як расказала Кацярына Дзяйкала, у Беларускім дзяржаўным універсітэце ўжо ўведзены абавязак для супрацоўнікаў запаўняць спецыяльную анкету з 37 пытанняў пасля любой паездкі за мяжу ў любую краіну апрача Расеі. У людзей цікавяцца дзе былі, з кім сустракаліся, пра што размаўлялі, просяць напісаць адрас знаёмых ці родзічаў, якіх наведвалі. Па словах эксперткі, спецслужбы БДУ не самі прыдумалі гэтую анкету – яны скарысталіся напрацоўкамі КДБ, але пайшлі далей – такую анкету ў часы СССР давалі запаўняць толькі асобам, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў.

Разбор
У Беларусі задумалі абмежаваць выезд з краіны дзяржслужбоўцам, вайскоўцам і фактычна – каму захочуць
2022.10.12 15:40

Узаемадапамога па-за законам

Дзяржава мае намер расчалавечыць людзей, забараніць любыя формы ўзаемадапамогі, калі гаворка ідзе пра апанентаў рэжыму. Так эксперты БХК трактуюць усплёск рэпрэсіўнага ціску на сваякоў палітвязняў у сувязі з атрыманнем імі дапамогі. У студзені за гэта было затрымана не менш як 287 чалавек.

Сістэмны занятак дабрачыннасцю ўжо амаль прыраўноўваецца да здрады дзяржаве. Менавіта такія абвінавачанні гучаць у адрас тых, хто данаціў у фонды, якія дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій, а гэта ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Наогул дзяржава робіць добры бізнес на гісторыі з данатамі: паводле звестак Следчага камітэту за 2023 год, сума выплачаных «дабрачынных ахвяраванняў», якую пералічылі ў розныя арганізацыі затрыманыя за данаты беларусы, перавысіла 37 млн. рублёў (гэта больш за 10 млн. еўра).

Недалёка той час, калі ў беларускім заканадаўстве з’явіцца тэрмін «чалец сям’і ворага народу», сумна пажартавала Кацярына Дзяйкала. Не маючы магчымасці «дацягнуцца» да тых апанентаў рэжыму, якія з’ехалі за мяжу, беларуская дзяржава цісне на іх сваякоў, якія засталіся ў Беларусі. Пагроза ў іх адрас прагучала ад Лукашэнкі падчас УНС, што дае экспертам падставы прагназаваць «якасна новае развіццё такога ціску і ўзмацненне трэнду калектыўнай адказнасці».

Усіх «запісаць» у экстрэмісты і адабраць маёмасць

Зафіксаваныя першыя выпадкі палітычна матываванага прыцягнення да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці па артыкулах, якія раней не ўжываліся, адзначаюць эксперты БХК. Так, упершыню ўзбуджана крымінальная справа за адмаўленне «генацыду беларускага народу», сваякоў палітвязняў караюць па артыкуле аб парушэнні заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пашыраюцца практыкі прымянення артыкулаў аб экстрэмізме: упершыню суд прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» сайт на ЛГБТК+ тэматыку; упершыню ў якасці спрыяння «экстрэмісцкай дзейнасці» кваліфікаваны ўдзел у маніторынгу судовых паседжанняў (што зʼяўляецца дадатковым ціскам і новай формай рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў), а таксама дапамога палітвязням у выглядзе грашовых пераводаў.

Мяркуючы па дзеяннях улады, у недалёкай будучыні «экстрэмізмам» будзе лічыцца ўсё, дзе гучыць вызначэнне «палітвязень». Пакуль невядома, як гэта можна зрабіць яшчэ больш злачынным, чым яно ўжо ёсць, але «публічная заведама неправамерная легітымацыя дзеянняў асобаў, якія ўчынілі злачынства, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатусу «палітвязняў» ужо кваліфікавана ў якасці экстрэмісцкай дзейнасці ў рамках складу артыкула 24.15 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе». Гэта не навіна, што статус палітвязня ўлады не прызнаюць, але такая фармулёўка і такі кантэкст выкарыстоўваюцца ўпершыню.

«Ёсць падставы меркаваць, што такая кваліфікацыя можа азначаць намер уладаў больш жорсткімі інструментамі (чым дыскрымінацыйнае стаўленне ў месцах несвабоды) паўплываць як на дзейнасць праваабаронцаў па прызнанні палітвязнямі, так і на адмову сваякоў ад атрымання такога статусу», – прагназуюць праваабаронцы.

Практыка завочных судоў і экспрапрыяцыя маёмасці пашыраецца на ўсё новыя катэгорыі насельніцтва. Гэта ўжо не толькі лідары дэмакратычных сілаў, вядомыя палітыкі і актывісты. Калі з верасня 2022 (калі была адкрытая першая спецыяльная вытворчасць) па канец 2023 года (г. зн. за 1 год і 3 месяцы) спецыяльная вытворчасць была ўзбуджаная ў дачыненні да 30 чалавек, то за першы трыместр 2024 года (за 4 месяцы) – у дачыненні да 59. Акурат падчас прэзентацыі даследавання стала вядома аб тым, што пад завочны пераслед трапілі ўдзельнікі святкавання 106-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі за мяжой. Гэта пацвярджае прагноз праваабаронцаў адносна таго, што завочныя суды і пазбаўленне маёмасці ўжо пастаўленыя «на канвеер» і не маюць намераў спыняцца.

Сітуацыя з узмацненнем рэпрэсіяў нагадвае сумнавядомую гісторыю пра жабу, якую можна зварыць незаўважна, калі павышаць тэмпературу вады паступова – беларусы прызвычайваюцца да абмежаванняў сваёй свабоды, новыя прыдуманыя ўладамі формы ціску шакуюць усё менш і ўспрымаюцца, як норма. Неўзабаве фраза «ну не расстрэльваюць жа» таксама можа згубіць актуальнасць.

Агляд
Рэпрэсіі выйшлі на новы ўзровень. За 2023 год пачалі не менш за 6419 палітычных справаў
2024.02.02 19:31

Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў