Расейцы набліжаюцца да трасы Пакроўск – Канстанцінаўка. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 845-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы зенітнага падраздзялення 24-й механізаванай брыгады ЗСУ ў пошуках расейскіх беспілотнікаў і авіяцыі на пазіцыі ў Данецкай вобласці, Украіна. 11 чэрвеня 2024 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці большай актыўнасцю адзначаюцца Збройныя сілы Украіны, якія контратакуюць на двух участках фронту – з поўначы ад буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» фіксуе інтэнсіўныя баі на ўсходзе ад Ваўчанску, дзе ЗСУ атакуюць з боку сяла Ціхае і намагаюцца перакінуць дадатковыя сілы цераз раку Воўча.

На думку крыніцы, цяпер украінцы чакаюць зручнага моманту для ўводу ў бой ударнай групоўкі сваіх войскаў, але пакуль не могуць знайсці слабае месца ў абароне праціўніка.

Тым часам праўкраінскі канал «Офіцер» сцвярджае, што ў Харкаўскім раёне Збройныя сілы прасунуліся на ўчастку паміж сёламі Глыбокае і Лук’янцы (на поўначы ад Ліпцаў) і цяпер спрабуюць замацавацца. Агулам на гэтым участку фронту адзначаюцца пазітыўная дынаміка для Сілаў абароны Украіны.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў войскі РФ атакавалі каля населеных пунктаў Пішчанае, Грэкаўка, Макееўка і Торскае, але поспеху не дасягнулі.

Між тым канал «Два майора», спаслаўшыся на свае крыніцы, піша, што Узброеныя сілы РФ расшырылі зону кантролю і занялі важныя апорныя пункты праціўніка на захадзе ад сёлаў Іванаўка і Катляроўка.

«Офіцер» фіксуе назапашванне жывой сілы расейцаў на ўчастку Церны – Ямпалаўка (левы бераг ракі Жарабец на поўначы Данецкай вобласці). Прасоўванні на гэтым участку фронту важныя для патэнцыйнага аператыўнага поспеху на суседнім сівэрскім кірунку.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На самім сівэрскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія войскі наступалі ў ваколіцах сёлаў Выемка, Раздолаўка і Івана-Дар’еўка, але прасунуцца не здолелі.

Ніжэй па фронце Узброеныя сілы РФ ціснуць ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр, а таксама з поўначы ад яго ў ваколіцах сяла Багданаўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» піша, што УС РФ пакуль ніяк не ўдаецца выбіць праціўніка за канал Сівэрскі Данец – Данбас, што ў першую чаргу тлумачыцца асаблівасцямі мясцовага рэльефу. У гэты ж час ЗСУ захоўваюць магчымасць перакідаць дадатковыя сілы ва ўсходнюю частку Часовага Яру для правядзення контратак.

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» сцвярджае, што сілы праціўніка на тэрыторыі гораду ліквідаваныя, але расейцы працягваюць атакаваць адразу на некалькіх участках.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Больш складаная для ЗСУ сітуацыя назіраецца на пакроўскім кірунку, дзе Узброеныя сілы РФ развіваюць поспех на захадзе ад гораду Аўдзееўка.

Тэлеграм-канал «Сводки и Аналитика СВО» піша, што на паўночным фланзе войскі РФ расшыраюць зону кантролю ў ваколіцах сяла Новааляксандраўка і рыхтуюцца да далейшага руху ў бок трасы Пакроўск – Канстанцінаўка, да якой цяпер застаецца каля пяці кіламетраў. Пераразанне гэтай транспартнай артэрыі істотна пагоршыць становішча Сілаў абароны ў Данецкай вобласці.

Таксама на поўначы, паводле каналу «Архангел Спецназа», расейцы прасоўваюцца ў лесапалосах каля сяла Калінавае.

Яшчэ адзін прарасейскі тэлеграм-канал – «Рыбарь» – паведамляе, што ніжэй ад Новааляксандраўкі УС РФ атакуюць у сяле Сокал, усходняя частка якога знаходзіцца пад іхным кантролем. 

Акрамя гэтага крыніца фіксуе рух каля Навасёлаўкі Першай.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ЗСУ не далі праціўніку замацавацца каля апошняга населенага пункту.

На курахаўскім кірунку Узброеныя сілы РФ зноў прасунуліся ў Краснагораўцы, але Збройныя сілы Украіны працягваюць утрымліваць частку пазіцыяў у горадзе.

Ніжэй, паводле тэлеграм-каналу «Рыбарь», войскі РФ падышлі да ўскрайкаў сяла Максімільянаўка з боку Георгіеўкі.

Тым часам «Офіцер» піша, што ЗСУ захоўваюць пад сваім кантролем прынамсі 30% тэрыторыі Георгіеўкі.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў расейцы цягам содняў атакавалі ў ваколіцах сяла Старамаёрскае, але, паводле Генштабу ЗСУ, поспеху не мелі.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці захоўваецца ціск з боку войскаў РФ на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але і тут лінія сутыкнення пакуль застаецца нязменнай.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра і на астравах у рэчышчы.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў