Улады Чарнагорыі адмовілі грамадзяніну Беларусі ў наданні палітычнага прытулку ў сваёй краіне, паведамляе вядомы чарнагорскі журналіст і грамадскі актывіст Любамір Філыпавіч.
Паводле Філыпавіча, беларускаму актывісту Васілю (прозвішча журналіст не дае з прычынаў бяспекі) было адмоўлена ў наданні прытулку, бо «Беларусь – дэмакратычная краіна».
У лісце з пастановай пра адмову ў прытулку, падпісаным генеральным дырэктарам Дэпартаменту ў справах адміністрацыі, грамадзянства і іншаземцаў Радаванам Попавічам, пазначана, што «ўрад Беларусі дазваляе ўсім уцекачам з Украіны доступ на беларускую тэрыторыю і надае ім ахову».
«Пяць абзацаў тлумачэння прысвечаныя таму, колькі міжнародных канвенцыяў падпісала Беларусь, колькі яна вырабляе і куды ўсё гэта экспартуе, а парушэнне правоў чалавека згадваецца ў адным сказе, дзе гаворыцца, што ў Беларусі “ў пэўнай ступені ёсць парушэнні правоў чалавека”», – піша журналіст.
Паводле Любаміра Філыпавіча, у Чарнагорыі жывуць каля тысячы беларусаў, яны некалькі разоў звярталіся да чарнагорскіх уладаў, праводзілі мітынгі з патрабаваннем урэгуляваць іхны статус, бо «з мінулага года не маюць права падаўжаць дакументы ў сваіх амбасадах за мяжой, а мусяць для гэтага вяртацца на радзіму». Аднак адказу ад чарнагорскага ўраду і прэзідэнта яны так і не атрымалі.
«Замест адказу яны атрымліваюць адмену прытулку з самымі дзіўнымі тлумачэннямі», – піша Філыпавіч.
Раман Шавель belsat.eu