Мігранты ў цягніку з керамзітам спрабавалі трапіць з Беларусі ў Польшчу


Польскія памежнікі выявілі чатырох нелегальных мігрантаў у таварным цягніку на пункце пропуску ў Кузніцы. Алжырцы спрабавалі незаконна трапіць з Беларусі ў Польшчу ў вагоне з керамзітам, паведамляе прэс-служба Падляшскага аддзелу памежнай службы Польшчы.

Мігранты, якія хаваліся ў вагоне з керамзітам, каб нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу.
Крыніца: hrodna.life

Гэта мужчыны, грамадзяне Алжыру ва ўзросце ад 21 да 29 гадоў.

«Мужчыны хаваліся ў так званых вугальных вагонах, пакрытых тонкім пластом керамзіту. Замежнікі былі перададзеныя працаўнікам памежнага паста ў Кузніцы», – інфармуе прэс-служба.

Адзін з алжырцаў раней атрымаў рашэнне аб высылцы і забарону на ўезд у Бельгію тэрмінам на 10 гадоў у 2020 годзе.

«Прычынай рашэння стала тое, што ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні бытавога крадзяжу з ужываннем гвалту і пагрозаў. Акрамя таго, у 2018 годзе суд Бруге асудзіў мужчыну на 8 месяцаў турэмнага зняволення. Таксама была атрыманая інфармацыя, што алжырац звяртаўся па міжнародную абарону ў Нідэрландах, якой ён не атрымаў. Замежны грамадзянін быў пад судом на тэрыторыі Нідэрландаў за гвалт у дачыненні працаўніка паліцыі і ўдзел у злачыннай групе мігрантаў (крадзяжы, гвалт і пагрозы, гвалт у дачыненні людзей)», – паведамляе прэс-служба Падляшскага аддзелу памежнай службы Польшчы.

Ён таксама атрымаў забарону на ўезд у Нідэрланды на два гады.

Разбор
«На тысячу платоў ёсць дзве тысячы рашэнняў». Як мігранты ідуць у Еўропу праз Беларусь
2024.05.28 07:17

«У дачыненні ўсіх чатырох алжырцаў былі распачатыя адміністратыўныя справы, якія завяршыліся рашэннем, якое абавязвае іх вярнуцца ў краіну паходжання. Усім ім быў забаронены ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення тэрмінам на 5 гадоў. Да таго часу, пакуль яны не пакінуць тэрыторыю Польшчы, мужчыны на рашэнне суда былі змешчаныя ў ахоўны цэнтр для замежнікаў», – інфармуе прэс-служба Падляшскага аддзелу памежслужбы Польшчы.

Памежная служба Польшчы паведамляе, што за выходныя 14–16 чэрвеня агулам было каля 430 спробаў нелегальнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы з Беларусі. Мігранты закідвалі польскія патрулі камянямі.

Адзін чалавек быў арыштаваны за дапамогу нелегальнай міграцыі. Медычную дапамогу аказалі шасці замежнікам.

Абноўлена
Памёр польскі жаўнер, якога параніў нажом мігрант на мяжы з Беларуссю
2024.06.06 16:48

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў