«Мой выпадак можа стаць альбо надзеяй, альбо жахам». Паразмаўлялі з Андрэем Гнётам, якога Сербія гатовая экстрадаваць у Беларусь


Засталося толькі паседжанне апеляцыйнага суда да канчатковага рашэння, выдасць Сербія Андрэя Гнёта рэжыму Лукашэнкі ці не. Пакуль жа рэжысёр рэкламы і журналіст застаецца пад хатнім арыштам у Бялградзе, а да гэтага сем месяцаў правёў у сербскай турме. На размову Андрэй падключыўся задыхаўшыся: ледзь не спазніўся вярнуцца дадому да канца адзінай гадзіны, якую яму дазволена праводзіць па-за кватэраю. Некалькі дзён таму Вышэйшы Суд у Бялградзе агучыў рашэнне экстрадаваць беларуса на радзіму. Андрэй кажа, што гэта для яго будзе смерцю.

Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіву

– Як самаадчуванне і настрой пасля рашэння Вышэйшага Суда?

– Калі вы на вайне, у вас ёсць два шляхі – ваяваць і спяваць песні ды танцаваць. Таму я ваюю, спяваю песні і танцую. У мяне настрой, безумоўна, на перамогу, таму і адчуваю сябе як будучы пераможца. А як яшчэ?

– Што, як думаеце, магло б паўплываць на рашэнне ў вашым пытанні?

– На рашэнне апеляцыйнага суда – а з усіх судовых інстанцыяў застаўся толькі ён, гэта будзе апошні крок – можа паўплываць грамадска-палітычны ціск. Сербія намагаецца мяне выкінуць, каб пазбыцца праблемы, я для яе праблемны: трэба разбірацца ў маім кейсе, шукаць дыпламатычныя шляхі, каб і Лукашэнка быў шчаслівы, і Еўразвяз. Але немагчыма ўседзець на двух крэслах, урэшце рашэнне прыняць давядзецца, і грамадскасць з палітыкамі могуць падказаць, як маленькаму дзіцяці, каб той не нарабіў памылак. Бо атрымліваецца, што лукашэнкаўская дыктатура – лялькавод, а Сербія – лялька, якая робіць тое, што ёй кажуць. Гэта вельмі дзіўна для краіны, якая збіраецца стацца сябрам Еўрапейскага Звязу, а Сербія, шчыра кажучы, і выглядае як Еўразвяз. Тое, што краіна намагаецца ісці ў будучыню, а робіць штосьці, што вяртае яе ў замшэлае, цёмнае, дыктатарска-камуністычнае мінулае, – для мяне аксюмаран. Таму грамадскасць і палітыкі мусяць сказаць сваё слова, і не толькі слова – трэба дзеяць, можна, напрыклад, напісаць афіцыйны ліст, зладзіць акцыю пратэсту альбо дэмарш.

Hавiны
Дыпламаты еўрапейскіх краінаў сочаць за cправаю беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, экстрадыцыі якога дамагаецца Менск
2024.03.08 19:07

– Чаму вы кажаце, што экстрадыцыя для вас была б смерцю?

– А што зробіцца з беларускім палітычным актывістам, які ўзначаліў прызнаную рэжымам «экстрэмісцкаю» грамадскую арганізацыю, які ладзіў акцыі пратэсту, які звяртаўся да міжнародных інстанцыяў з, як лукашэнкаўская дыктатура гэта называе, «заклікамі да санкцыяў»? Што будзе з палітычным актывістам, які працаваў з незалежнымі медыямі? Калі палічыць, я мо 5 разоў «экстрэміст». Калі Аляксандра Герасіменя завочна атрымала 16 гадоў турмы, то колькі я атрымаю?

І што робіцца з палітзэкамі ў беларускіх турмах? Спецдакладчыца ААН аб Беларусі Анаіс Марэн усё расказала, гэта не якія-небудзь чуткі. Што зрабілася з Вітольдам Ашуркам і Алесем Пушкіным? Пра дзясяткі, калі не больш людзей у беларускіх турмах мы наагул не ведаем, жывыя яны ці не. Таму, вядома, гэта смерць. І прашу не забывацца, што ў Беларусі існуе смяротнае пакаранне.

– Калі вас затрымалі і стала вядома, з якой нагоды, гэта сталася для вас неспадзяванкаю?

– Так, гэта стала сюрпрызам. Вядома, кожны журналіст, кожны актывіст, кожны, хто зрабіў нейкі заўважны крок пасля 2020 года, разумее, што ён пад патэнцыйным ударам. Але я быў шакаваны, што гэта адбылося са мною вось так і ў Сербіі, больш за тое, я не чакаў, што Інтэрпол унясе мяне ў чырвоны спіс, я ж не Віктар Бут, не Джульян Асанж. Прычым на падставе нейкай фэйкавай справы, у мяне ёсць паперы, дасланыя ў Інтэрпол з беларускага боку – там дзіцячы садок. Але Інтэрпол – прыватная арганізацыя, якая атрымлівае грошы ад краінаў-сябраў за свае паслугі.

Інтэрполу не цікава, што там адбываецца насамрэч, гэта камерцыя, кожны чалавек для арганізацыі – грошы. Кажуць, жыццё немагчыма купіць за грошы, а ў Сербіі я зразумеў, што магчыма.

Што было б, калі б мае сваякі і сябры не дапамагалі грашыма, каб я мог купляць прадукты ў турэмнай краме, якія каштуюць на 30–50 % даражэй, чымся ў звычайных крамах, і не аплочвалі вельмі дарагія паслугі адвакатаў? Гэта бізнес на людзях, у тым ліку Інтэрпол.

Агляд
16 ахвяраў рэжыму Лукашэнкі са жніўня-2020: «Прававая ініцыятыва» сабрала, што пра іх вядома
2023.11.12 16:19

– Колькі ў Сербіі каштуюць адвакаты?

– Адзін судовы працэс – 7 тысяч еўраў, адзін візіт у турму на 15–30 хвілінаў – 400 еўраў, кожная паперка, тэлефанаванне, кожны крок мае свой тарыф. Калі мае сваякі і сябры шукалі адвакатаў і размаўлялі з адной адвакацкай канторай, там папрасілі пакласці на рахунак дэпазіт 10 тысяч еўраў, пасля чаго яны былі гатовыя азнаёміцца са справай і сказаць, ці будуць яны з ёю працаваць. А калі такія ўмовы не падабаюцца – бывайце!

– У дзень, калі вас затрымалі, вы прыляцелі ў Сербію на здымкі як рэжысёр. Што ў выніку зрабілася з гэтым здымачным днём?

– Для мяне гэты праект, ясна, сарваўся, але я дасюль не пытаўся ў прадакшан-кампаніі і прадзюсараў, што яны зрабілі ў той сітуацыі. У любым разе сітуацыя была крызісная, бо гэта міжнародны праект, і на здымкі ў Бялград з’язджаліся людзі з розных краінаў – для гэтага ўсё было падрыхтавана. А рэжысёр, галоўны на пляцоўцы, не з’явіўся.

Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіву

– Раскажыце пра сябе на момант, калі вы прыляцелі ў Сербію. У якой сферы вы развіваліся?

– На той момант я займаўся рэжысёрскаю творчасцю ў галіне камерцыйнай рэкламы і ў гэтым кірунку дабіўся даволі вялікіх поспехаў, атрымліваў міжнародныя ўзнагароды. Сёлета я адзначаю 21 год у прафесіі, палову жыцця я крок за крокам займаюся гэтым рамяством, так што ў Сербію прыляцеў у статусе, можна сказаць, рэжысёра-мастадонта. Гэта цяжкая цынічная індустрыя, і людзі ў ёй хутка выгараюць, бо творчасць і цынізм дрэнна спалучаюцца, але я рэкламу вельмі люблю, гэта і мой хлеб, і мая аддушына. У Сербію я прыляцеў на здымкі для міжнароднай карпарацыі «Tele2», для мяне гэта было вельмі радасна, бо люблю здымкі для тэлекамунікацыяў, але я апынуўся за кратамі.

– То бок вы паспяхова развіваліся ў сферы рэкламы за мяжою?

– У Беларусі праз крызіс сферы я ў 2018 годзе пакінуў прадакшан-бізнес і стаў папросту іпэшнікам. Як ІП «Андрэй Гнёт» я працаваў да затрымання, ездзіў па розных краінах свету на здымкі – рэжысёру ўсё-ткі трэба развіццё, трэба бачыць, як працуюць у іншых краінах. Гэта ўвогуле трэвэл-прафесія і інтэрнацыянальная сфера. Калі я здымаў для «Danone», у мяне быў аператар з Лос-Анджэлесу, стыліст недзе з-пад Лондану, я сам – беларус.

– Як месяцы ў ізаляцыі паўплываюць на вашую працу, калі вы вызваліцеся?

– Драматычна, радыкальна паўплываюць, я нават яшчэ не ведаю як. Да затрымання я быў у ценю, гэта быў мой свядомы выбар дзеля бяспекі, каб весці нейкую палітычную дзейнасць. Калі б я выйшаў з ценю, мяне б, можа, арыштавалі раней. Цяпер я дэанамізаваны. Калі ўратую сваё жыццё, паглядзім, што атрымліваецца. Але я ведаю, што так, як раней, не будзе ніколі, я вельмі змяніўся за гэты час.

– Як?

– Мяне амаль нічога не пужае, у мяне няма страху, нянавісці, шмат негатыўных эмоцыяў проста згарэлі.

Калі ты думаеш пра смерць кожны дзень раніцай і перад сном, так можа працягвацца ну месяц, ну два, а потым усё згарае.

Я нічога не адчуваю, гэта самая драматычная перамена.

– Дык, можа, гэта добрая перамена?

– Я наагул думаю, што ўсё робіцца да лепшага. Нават у гэтых пякельных кратах, якія сапраўды былі пякельныя, было нешта добрае, нават там я знаходзіў пазітыў. Я думаў: я за кратамі, затое добра сплю – па 9 гадзінаў і больш, бо рабіць асабліва няма чаго. Я за кратамі, затое ем паводле раскладу, хоць і ўсялякую гадасць. Пад хатнім арыштам гэта катастрофа, я магу паснедаць пасля абеду, бо а 9-й раніцы ў мяне сазвон з адвакатам, потым з журналістамі, потым з амбасадарамі, потым з Франкам Вячоркам і так далей. Але гэта наагул не праблема, усё, што не турма, – выдатна. У мяне пытаюць, як кватэра, я кажу: нясвежая, але ўсё цудоўна. Я не скарджуся ўвогуле ні на што, я магу толькі паскардзіцца на Вышэйшы Суд у Бялградзе.

Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіву

– Раскажыце, як з правамі чалавека ў турме ў Сербіі.

– З правамі чалавека там цікава: здаецца, іх сапраўды трымаюцца. Я быў уражаны карэктнымі супрацоўнікамі турмы. Уявіце, я прыехаў здымаць рэкламны ролік, а апынуўся сярод наркаманаў і кілераў, і супрацоўнікі, якія мяне прымалі ў турме, казалі: «Не хвалюйцеся, ніхто вас не кране, усё будзе добра». Яны ўсміхаліся, а я ж быў гатовы абараняцца ад удараў! Супрацоўнікі маюць нармальныя стасункі з вязнямі, размаўляюць з імі, жартуюць. Мяне яны ўсе ведалі, спачатку называлі «рус», але кожнаму, хто так мяне называў, я казаў: «Калі я рус, то ты албанец». І гэтак усіх прывучыў, што я беларус. Зэкі ведаюць, што супрацоўнік не мае права да іх дакрануцца. У камеры няма відэаназірання і не можа быць, бо гэта парушала б правы чалавека. Ну а тое, што я па сутнасці палітзэк, быццам іх не парушае.

Зэкі і вялікія крымінальнікі ставіліся да мяне з павагаю, казалі, маўляў, мы змагаемся з такімі ж крымінальнікамі як мы, а ты змагаешся з сістэмаю.

У іх няма блатной субкультуры, яны не ведаюць, што гэта, але ў іх ёсць крымінальная субкультура. Яны пытаюць, які ў цябе артыкул, што ты зрабіў і колькі за гэта гадоў: калі ты забойца альбо ў цябе знайшлі 500 кілаграмаў какаіну, цябе паважаюць, а калі ты за кратамі 2–3 месяцы, бо некаму па мордзе даў, цябе не паважаюць. Калі яны даведаліся пра мяне і пра жахі, якія адбываюцца ў Беларусі, прыходзілі на «шэтню», то бок прагулку, прыносілі газеты і паказвалі мне публікацыі пра мяне. Так што я быў амаль на вяршыні. Але здараліся і небяспечныя сітуацыі, асабліва цяжка было апошнія 2–3 тыдні, калі мяне маглі парэзаць. Я ні з кім сяброўскіх стасункаў не меў, гэта іншыя людзі, паміж намі не толькі моўны правал, але і культурны, сацыяльны. Нешта, праўда, нас яднала – спорт, што паесці, шмат размаўлялі пра сям’ю. Апошнімі тыднямі здарыўся інцыдэнт, калі я заступіўся за чорнага хлопца, якога лічылі ізгоем. Тое, што яму казалі, было жудасна: маўляў, ты госць, ты прыехаў у нашую краіну, а гэта нашая турма, нашыя правілы, і ты мусіш ім падпарадкавацца, і калі табе сказалі мыць падлогу, пойдзеш мыць падлогу. Ён сказаў, што не, ён не раб. Я сказаў, маўляў, так, ён не раб. Былі і іншыя сітуацыі, але я не магу пра іх расказаць, пакуль не выбраўся з Сербіі.

– Вы казалі, што для вас у турме галоўнае было захаваць фізічнае і псіхалагічнае здароўе. Далі рады?

– Паглядзіце на мяне! Ці даў я рады, як думаеце?

– Мне здаецца, так.

– І мне здаецца, даў рады, яшчэ як. Фізічнае здароўе я часткова паправіў, часткова страціў. Я пачынаў з чатырох падцягванняў за дзень, а калі мяне прыйшлі выпускаць, падцягнуўся 20 разоў. За кратамі ў зэкаў два шляхі: альбо ты займаешся спортам як дурны і ідзеш да нейкай мэты, альбо робішся «джанкі» – цэлымі днямі спіш, ясі чыпсы і салодкае, глытаеш наркотыкі, а за кратамі іх шмат. Гэта вельмі сумна, але спорт – адзінае, што там можа ўратаваць і ўратавала мяне. Ментальна я зрабіўся больш, мяркую, моцным. Але я страціў шмат валасоў. Было шмат болю, бо ніхто не даваў таблетак, і я проста трываў. З’явілася праблема з нагой – яна часткова паралізаваная, я нават не ведаю, што гэта. Мне патрэбна медычная дапамога, але я не магу яе атрымаць, бо магу выйсці з кватэры толькі на адну гадзіну. Такім чынам нешта я атрымаў, нешта страціў: будзем меркаваць, што адбыўся баланс.

–  На што вы выдаткоўваеце дазволеную гадзіну па-за межамі кватэры?

– Прадукты, аптэка – усё. Зусім прымітыўныя рэчы, нешта бытавое. Вось не было сметніцы – купіў сметніцу. Няма часу проста пагуляць, хаця я ў добрым раёне, у цэнтры.

– Але наведваць вас у кватэры могуць?

– Наведваць мяне можна абсалютна свабодна. Хацеў сказаць «прылятайце», але калі ў вас беларускі пашпарт, хіба не варта.

Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіву

– Якія тры першыя рэчы вы зробіце па вызваленні?

– Я патэлефаную сям’і і сябрам – гэта першае, што зраблю. Потым апублікую пост у «Інстаграме», бо шмат хто хвалюецца за мяне. Трэцяе – я сяду ў якім-небудзь рэстаране на тэрасе і вельмі смачна паем. Проста доўга-доўга сядзеў бы там і глядзеў на людзей, на машыны, на наваколле.

– Спадзяюся, ужо хутка гэта адбудзецца.

– Адбудзецца – нікуды не дзенецца. У мяне зараз такі дэвіз: не здаяцеся вы, не здамся і я. Калі б вы ўсе паздаваліся і слёзы пралівалі, можа, я б таксама здаўся. Не хачу, каб пафасна прагучала, але тысячы беларусаў сочаць за маім кейсам з надзеяй. Мой выпадак можа стаць альбо надзеяй, альбо жахам. Я хачу, каб ён быў надзеяй. Я не маю права не перамагчы, і ўсё раблю, каб так не адбылося.

Разбор
«Датычыць тысяч беларусаў». Каго рэжым шукае праз Інтэрпол і што рабіць у выпадку затрымання?
2024.04.12 08:00

Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu 

Стужка навінаў