«Гэта было забойства». Што сёння вядома ў справе Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі


У гэты дзень, 21 траўня, два гады таму ў шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых абставінах загінуў палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. На знак памяці Вітольда 21 траўня адзначаецца як Дзень салідарнасці з палітвязнямі.

Нагадаем, палітвязень Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня 2021 года ў Лідскім раённым судзе прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр падчас адбывання пакарання на 51-м годзе жыцця. Сябра Партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду», ён не раз балатаваўся ў мясцовы савет і парламент. Падымаў экалагічныя пытанні, ладзіў акцыі, разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясціны, звязаныя з паўстанцамі Кастуся Каліноўскага.

Андрэй Ашурак, брат загінулага палітвязня Вітольда Ашурка, выступае з прамовай падчас акцыі беларусаў у Варшаве, прысвечанай Дню палітвязня і гадавіне гібелі Вітольда Ашурка. Варшава, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

«Да змены ўлады мы нічога не даведаемся»

«Як ні парадаксальна, але я адчуваю сябе выдатна. Нават і сам здзіўляюся! Я добра ведаю, за што сяджу. Калі б можна было вярнуць час назад, я зрабіў бы тое самае. Калі турэмныя муры – цана (альбо ўзнагарода) за тое, што я маю цвёрдыя перакананні, то я гатовы заплаціць гэтую цану. Зразумела, што я, як і кожны нармальны чалавек, хачу сустракаць Святы са сваёй сям’ёй, жыць у сваім доме з каханай жоначкай! Але калі бяда прыходзіць у наш агульны дом, то «грош нам цана», калі не будзем бараніць сваю Айчыну! Таму я ні аб чым не шкадую».

Hавiны
«Мы мусім быць іх голасам». Беларусы ладзяць Дзень салідарнасці з палітвязнямі
2023.05.21 10:28

Так пісаў у адным са сваіх апошніх лістоў на волю Вітольд Ашурак. Сёння ў справе ягонай смерці няма ніякай інфармацыі: улады дамагаюцца таго, каб людзі забылі пра гэтую гісторыю. Аднак сябры і паплечнікі Вітольда робяць усё, каб гэтага не здарылася.

«Вітольд стаў сімвалам, таму што быў сам па сабе незвычайным. Ён быў ідэйным ад самага пачатку, ён ведаў, чаго хацеў, меў мэту і разумеў, чаму ён трапіў у калонію. Ён быў цэльным. Ён быў палітыкам. Лёгка рабіць сімвалам чалавека, які ім сапраўды ёсць», – кажа ў каментары «Белсату» сяброўка і паплечніца Вітольда Вольга Быкоўская.

Паводле яе, справа аб гібелі Вітольда не рухаецца, афіцыйная перапіска з ягоным братам Андрэем спыненая, бо яго палічылі недастаткова блізкім сваяком.

«Адпаведна, на сёння мы маем папярэдні дыягназ смерці «з нявызначаных прычынаў», у пасведчанні аб смерці нічога не напісана, вынікі экспертызаў невядомыя, іх не паведамілі нават сваякам. Крымінальная справа не заведзеная, следства не праводзіцца, вынікі праверкі не былі агучаныя. Штосьці было зроблена, нейкія дакументы ёсць, але да змены ўлады мы гэтых дакументаў не пабачым і нічога не даведаемся», – адзначае наша суразмоўца.

Аднак адсутнасць інфармацыі не спыняе блізкіх Вітольда.

«Ёсць жаданне справядлівасці, асабліва ў брата Вітольда, Андрэя. Ён у Польшчы, мы актыўна камунікуем і маем агульнае бачанне, як павінна развівацца гэтая справа: калісьці мусіць адбыцца суд, на якім будуць вызначаныя вінаватыя ў смерці Вітольда. Усё больш людзей выходзіць са шклоўскай калоніі, і тыя рэчы, якія яны распавядаюць, умацоўваюць перакананне, што гэта было забойства. Неаднаразова паведамлялася, што былі чутныя крыкі з камеры ШІЗА, відавочна – Вітольда білі. Паводле звестак «Кіберпартызанаў», у калонію выклікалі хуткую дапамогу. Я шчыра спадзяюся, што сведчанні не спыняцца, і мы будзем даведвацца ўсё болей, будзе назапашвацца матэрыял для будучай крымінальнай справы, якая калісьці будзе цалкам расследаваная. Дзень смерці Вітольда стаў Днём палітвязняў, і гэта таксама не дае забыць гэтую гісторыю. Пакуль мы памятаем герояў, яны жывыя», – кажа Вольга Быкоўская.

Крыжы ў гонар невядомых паўстанцаў 1863 года. Адным з ініцыятараў ушанавання быў Вітольд Ашурак. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

«Мы павінны быць іх голасам»

Родныя і блізкія загінулага актывіста да гэтай пары балюча перажываюць тое, што здарылася.

«Вітольда, майго сябра, забілі, і я хацела б не толькі ведаць, хто ў гэтым вінаваты, але і ведаць, што гэтыя людзі будуць пакараныя і не змогуць больш такога паўтарыць. Праблема ў тым, што сілавікі ў сённяшняй Беларусі, дзякуючы рэжыму Лукашэнкі, адчулі сваю беспакаранасць, якая падштурхоўвае іх даставаць самае горшае, што ёсць унутры. Гэта дазваляла біць людзей у жніўні 2020-га, катаваць людзей на Акрэсціна і забіць у шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка ў 2021 годзе. Гэтая беспакаранасць дазваляе суддзям адпраўляць людзей з інваліднасцю ў калоніі за лайк пад пастом у інтэрнэце. У людзей няма стопараў, яны гатовыя на ўсё, каб выслужыцца, у кагосьці праяўляюцца садысцкія схільнасці. Гэта трэба спыняць, і гэта можа спыніць справядлівы суд, грамадзянскі кантроль. Гэта тое, што трэба вярнуць у нашую краіну, іначай мы не зможам пераадолець праблемаў, створаных уладай у 2020 годзе», – перакананая Вольга Быкоўская.

Інтэрв’ю
Вольга Гарбунова: «Маё прадстаўніцтва цікавіць пытанне, што рэжым хоча за вызваленне палітвязняў»
2023.05.21 07:09

На памяць пра Вітольда ладзяцца вечарыны, акцыі, флэш-мобы, здымаюцца фільмы і відэаролікі. Сябры не пакідаюць мары выдаць у будучыні кнігу пра актывіста.

«Мы не можам спыніць катаванняў, якія адбываюцца за кратамі беларускіх турмаў. Але я ўсё яшчэ веру ў публічнасць: пра палітвязняў трэба казаць. Улады дамагаюцца таго, каб пра іх забылі. Мне спадабаўся слоган на афішы да Дня палітвязня: «Мы павінны быць іх голасам». І гэта так. Трэба нагадваць пра палітвязняў, распавядаць пра іх інтарэсы, пісаць ім лісты, праводзіць акцыі салідарнасці. Вядома, калі б мы праводзілі акцыі ў Беларусі, было б больш гучна і сэнсоўна. Але гэта, на жаль, зараз немагчыма. Шмат робяць праваабаронцы, каб тэма палітвязняў не сыходзіла з парадку дня. Офіс Святланы Ціханоўскай працуе над тым, каб тэма палітвязняў гучала на еўрапейскіх пляцоўках. Мы не можам адчыніць дзвярэй турмаў, але кожны робіць тое, што можа ў сённяшніх умовах. З апошніх прыкладаў узгадаем, як хутка сабралі грошы на пахаванне палітвязня Клімовіча. Гэта паказвае салідарнасць беларусаў, якая моцная да гэтай пары», – кажа нашая суразмоўца.

Яна перакананая, што кожны палітвязень заслугоўвае ўвагі, і ўсе тыя людзі, якія загінулі за свабоду Беларусі, павінны атрымаць увасабленне ў назвах вуліцаў і плошчаў або ў выглядзе помнікаў.

«У новай Беларусі мы даведаемся яшчэ больш гісторый і трагедый, пра якія сёння баяцца казаць. І з іх будуць выбудоўвацца нашыя новыя героі Беларусі», – падсумавала Вольга Быкоўская.

СП belsat.eu

Стужка навінаў