Андрэя Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь, вызвалілі з сербскай турмы


Беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў Сербіі на запыт уладаў Беларусі, перавялі з цэнтральнай турмы Бялграду пад хатні арышт. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Рэжысёр Андрэй Гнёт.
Фота: andrewgnyot / Instagram

«Беларус, якога затрымалі ўлады Сербіі на запыт рэжыму Лукашэнкі, пераведзены з Цэнтральнай турмы Бялграду пад хатні арышт. Гэта першы важны крок у вырашэнні лёсу Андрэя, які больш за 7 месяцаў правёў у поўнай ізаляцыі, без доступу да належнай медычнай дапамогі пры рэзкім пагаршэнні стану здароўя», – паведамляецца ў Telegram-канале кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.

Паводле палітыка, цяпер трэба не дапусціць ягонай экстрадыцыі ў Беларусь, дзе Андрэя Гнёта пераследуюць з палітычных матываў.

У Telegram-канале Латушкі зʼявіўся відэазварот Андрэя Гнёта, дзе ён кажа, што правёў у бялградскай турме «сем страшных месяцаў і шэсць доўгіх дзён». «Пякельныя краты змянілі для мяне хатнім арыштам, але гэта – як рай», – зазначыў мужчына. Гнёт падзякаваў усім, хто дапамагаў яму выйсці з турмы, аднак падкрэсліў, што гэта яшчэ не канец гісторыі.

«Сербскі суд усё яшчэ думае, экстрадаваць мяне ці не. Забіць мяне ці пакінуць у жывых. У гэтым страшным серыяле пачаўся другі сезон. І бойка за мяне будзе яшчэ больш жорсткая і бескампрамісная. Але я не баюся», – заявіў ён.

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе.

Разбор
«Датычыць тысяч беларусаў». Каго рэжым шукае праз Інтэрпол і што рабіць у выпадку затрымання?
2024.04.12 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў