Украіна і Грузія набралі першыя пункты, Польшчы давядзецца пакінуць «Еўра 2024»


Польская зборная вельмі цяжка прабіралася на гэты турнір, але трапіла ў Нямеччыне ў «групу смерці» і не дала рады выбрацца з яе – палякі першыя, хто не мае шанцаў на плэй-оф. А вось іспанцы і партугальцы атрымалі па дзве перамогі і выйшлі ў 1/8 фіналу з першага месца. Пакуль праблемы з гульнёй можна назіраць у трох грандаў – Італіі, Францыі і Англіі. Агляд другога тура групавога этапу фінальнага турніру «Еўра 2024».

Чэмпіянат Еўропы па футболе 2024. Група «F», матч паміж зборнымі Турцыі і Партугаліі.
Фота: UWE KRAFT / imago sport / Forum

Немцы ўжо ў плэй-оф

Нямеччына – Вугоршчына 2:0, Швейцарыя – Шатландыя 1:1

Гаспадары турніру здабылі другую перамогу і забяспечылі сабе месца ў плэй-оф, праўда, пакуль не сталі пераможцамі сваёй групы, бо ў выпадку перамогі над немцамі іх могуць абысці швейцарцы.

Зборная Вугоршчыны пад час адбору на «Еўра 2024» лёгка абгуляла сваю групу, не пацярпеўшы ніводнай паразы, на нямецкай жа зямлі ў вугорцаў пакуль адныя паразы. Пры гэтым супраць гаспадароў мадзяры выбралі смелую гульню, але ўсе іхныя спробы зʼеў самы дасведчаны галкіпер фінальнага турніру «Еўра», 38-гадовы Мануэль Ноер. А потым за справу ўзяўся нямецкі капітан, 33-гадовы Ількай Гюндаган, адзін з лідараў «Барсэлоны»: спачатку сам дагуляў момант да канца і вывеў на галявы ўдар Джамаля Мусьялю – і гулец «Баварыі» забіў у другой гульні запар. А потым Гюндаган адзначыўся і сам.

Шатландцы аправіліся пасля буйной паразы ад немцаў і даволі хутка выйшлі наперад у гульні за Швейцарыяй. Але перамогу не ўтрымалі. Забіў швейцарскі ветэран – 32-гадовы Джэрдан Шакіры. У выніку гульня так і скончылася – 1:1. Але Шакіры ўвайшоў у гісторыю, ён цяпер адзіны еўрапейскі футбаліст, каму ўдалося забіць на шасці апошніх топ-турнірах. Пачынаючы з 2014 года, паўабаронца забіў на трох чэмпіянатах свету і Еўропы. Любіць забіваць Шакіры і беларусам, ён паразіў браму зборнай Беларусі ў дзвюх з трох апошніх гульнях зборных.

Што цяпер у гэтай групе? Немцы і швейцарцы ўжо ў плэй-оф, у вочнай гульні яны будуць змагацца за першае і другое месца. Дакладна выйдзе ў плэй-оф зборная Шатландыі, калі пераможа Вугоршчыну. Нічыйны вынік адправіць дадому абедзве каманды.

Іспанія – пераможца сваёй групы

Харватыя – Албанія 2:2, Італія – Іспанія 0:1

Трылер на пару выдалі Харватыя і Албанія. Албанія ў другой запар гульні выйшла наперад, але зноў прапусціла двойчы. Але цяпер змагла набраць першы пункт на турніры, зраўняўшы лік на апошняй хвіліне гульні.

А вось дзейныя чэмпіёны Еўропы, італьянцы, гульню супраць іспанцаў правалілі, а адзіны гол забілі ў сваю браму, калі мяч у сетку зрэзаў абаронца «Балонні» Рыкарда Каляф’ёры. Але трэба сказаць, што ўсё магло для італьянцаў скончыцца значна горш, каб не іхны галкіпер Джанлюіджы Доннарума. Пры гэтым італьянцы ўсталявалі ўласны антырэкорд паводле колькасці ўдараў па браме, іх было ўсяго чатыры. І не адзін з іх не нёс сапраўднай небяспекі.

У выніку іспанцы выйшлі ў плэй-оф з першага месца, у іхным складзе проста неабходна адзначыць двух баскаў з клуба «Атлетык» (Більбаў): 27-гадовага галкіпера Уная Сімона і 21-гадовага паўабаронцу Ніка Ўільямза. Першы на гэтым «Еўра» яшчэ не прапускаў галоў, другі выглядае вельмі ярка на флангу атакі. Цікава, што адным з лідараў «Атлетыка», які выгуляў у гэтым сезоне Кубак Іспаніі, ёсць брат Ніка, 30-гадовы Іннякі, які не трапіў на гэтае «Еўра».

Італьянцы выйдуць у плэй-оф, калі не саступяць Харватыі, а вось албанцам для выхаду ў 1/8 фіналу неабходна зрабіць гучную сенсацыю і перамагчы Іспанію.

Глядач матчу паміж зборнымі Бельгіі і Румыніі. Кёльн, Нямеччына, 22 чэрвеня 2024 г.
Фота: www.imagephotoagency.it / imago sport / Forum

Пракляцце Кейна

Славенія – Сербія 1:1, Англія – Данія 1:1

Яшчэ адзін правальны матч згуляла зборная Англіі. І хаця адзін з фаварытаў «Еўра» адкрыў лік пасля памылкі Даніі ў абароне, адзначыўся Гэры Кейн. Цікава, што сёлета найлепшы бамбардзір у гісторыі Англіі (64 мячы) забіў 36 галоў на 32 гульнях за «Баварыю», але нямецкі клуб упершыню за апошнія дзесяцігоддзі застаўся без трафеяў. Цікава, што ўсю карʼеру Кейн вельмі шмат забівае (ужо 344 галы), але так і не здабыў ніводнага трафею. Як жартуюць футбольныя заўзятары і журналісты, існуе так званае пракляцце Кейна. Паглядзім, ці спрацуе яно на гэтым «Еўра». Цэнтральны паўабаронца зборнай Даніі Мортэн Юльман забіў неймаверным далёкім ударам і зраўняў лік у матчы. Гэты гол стаў ужо трынаццатым на турніры, які футбалісты забілі з-за межаў штрафной. Нягледзячы на тое, што цяпер гуляюць толькі матчы другога туру групавога этапу, гэта ўжо рэкорд у гісторыі чэмпіянатаў Еўропы. На «Еўра 2020» за ўвесь турнір было забіта 12 галоў далёкімі ўдарамі, што і было ранейшым рэкордам. Мортэн Юльман забіў самы далёкі гол «Еўра 2024». 24-гадовы гафбэк «Спортынгу» ювелірна ўвагнаў мяч у сетку рыкашэтам ад штангі з дыстанцыі 30,9 метра. У іншым матчы Сербія на апошняй хвіліне зраўняла лік у гульні са Славеніяй.

У гэтай групе можна здарыцца так, што ў плэй-оф могуць выйсці каманды, якія на першым этапе не атрымалі ніводнай перамогі. Цяжка прайсці паўз плэй-оф Англіі, якая мае ўжо чатыры пункты.

Польшчы не хапіла класу, Францыі не хапае Мбапэ

Польшча – Аўстрыя 1:3, Францыя – Нідэрланды 0:0

Польшча была прыціснутая да сценкі пасля паразы ад Нідэрландаў, таму гульня з Аўстрыяй была для бела-чырвоных апошнім шанцам. Але каманда Аўстрыі паказала высокі клас, і хітры воўк – галоўны трэнер аўстрыйцаў, 65-гадовы (самы дасведчаны трэнер на турніры) Ральф Рангнік, тактычна перагуляў свайго польскага калегу. І калі ў крытычны момант галоўны трэнер палякаў Міхал Пробеж кінуў у бой Робэрта Левандоўскага, выявілася, што лідар палякаў да яго не гатовы, а Аўстрыя для Польшчы – замоцны арэх.

Агляд
Футбалістаў зборнай Украіны прапануюць забраць на фронт, а лідару французаў зламалі нос
2024.06.19 21:31

Класічную нічыю распісалі паміж сабой французы і нідэрландцы, гэты вынік забяспечыў ім выхад у плэй-оф. Гэта была першая гульня без забітых галоў на гэтым турніры. Францыі яўна не хапае Мбапэ, якому зламалі нос у гульні з Аўстрыяй. Да таго ж, у віцэ-чэмпіёнаў свету кудысьці знікла колішняя лёгкасць у гульні – на гэтым турніры, калі не лічыць аўтаголу ад Аўстрыі, Францыі не забіла ніводнага голу.

Люкакю – VAR 0:3

Украіна – Славаччына 2:1, Бельгія – Румынія 2:0

Цікавая сітуацыя склалася ў гэтай групе – усе каманды ў ёй набралі па тры пункты і цяпер любая з іх можа стаць як першай, так і апошняй. Украінцы пасля правалу ў гульні з Румыніяй (0:3) гэтак жа правальна пачалі гульну супраць славакаў, першыя прапусцілі, але пасля перапынку перавярнулі гульню – і галы Шапарэнкі і Ярэмчука прынеслі Украіне першую перамогу на гэтым «Еўра». А Бельгія перамагла Румынію. Цікава, што зноў не быў залічаны гол Люкакю, пасля прагляду VAR былі скасаваныя ўсе тры галы форварда «Ромы».

Партугалія не пакінула шанцаў Турцыі

Турцыя – Партугалія 0:3, Грузія – Чэхія 1:1

Партугалія паказала вельмі прыгожы футбол і тройчы адпраўляла мяч у сетку зборнай Турцыі, праўда, адзін раз гэта зрабіў абаронца туркаў. Грузія набрала першыя пункты на турніры. Але магла і перамагчы. Цяпер для выхаду ў 1/8 фіналу Грузіі трэба зрабіць немагчымае – перагуляць Партугалію, іншых шляхоў у плэй-оф няма.

Руслан Кулевіч: атмасфера на гульнях «Ягелёньі» значна лепшая

Галоўны рэдактар выдання «Мост» Руслан Кулевіч наведаў адну з гульняў «Еўра 2024» і пасля падзяліўся сваімі ўражаннямі з «Белсатам»: «Выпадкова трапіў на «Еўра», быў Сусветны медыяфорум у Боне, і так атрымалася, што ад Бону да Дусэльдорфу – 80 кіламетраў. Казахскія журналісты кажуць: мы едзем і на «Еўра» – і я папрасіў узяць і мяне. Квіткі дарагія, але я вырашыў, што не кожны дзень праходзіць чэмпіянат Еўропы – і трэба гэта ўбачыць сваімі вачыма. Квіткі мы знайшлі і трапілі на матч Францыя – Аўстрыя. Я не заўзею за гэтыя каманды, але мне трэба было паглядзець атмасферу. І шчыра хачу сказаць, што атмасфера на гульнях «Ягелёньі» (чэмпіён Польшчы з Беластоку – заўв. «Белсату») значна лепшая, таму што ўвесь стадыён заўзее за адну каманду, а тут шмат турыстаў з розных краінаў. Палова стадыёну за Аўстрыю, палова – за Францыю. Гэта не было падобна да таго, што адбываецца на футболе ў Беластоку, і я аддаў бы перавагу Беластоку, бо я не адчуваў такога драйву, як на гульнях «Ягі». Ну, у цэлым на «Еўра» ўсё добра арганізаванае, святочная атмасфера».

23 чэрвеня стартуе трэці тур групавога этапу «Еўра 2024», на падставе яго вынікаў мы даведаемся ўсіх удзельнікаў 1/8 фіналу.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў