news
Агляд

Ці перасядуць беларусы на электрамабілі?

Куды развіваецца беларускі рынак «электрычак» і што ён прапануе.
23.06.202412:57

Улады каторы год абяцаюць стварыць айчынны электрамабіль, але пакуль беларусы так яго і не пабачылі. Тым часам рынак насычаецца прывазнымі электракарамі, якія пераважна трапляюць у краіну з Кітая. Паглядзелі, ці спяшаюцца беларусы перасесці з традыцыйных аўтаў на «электрычкі» і якія прапановы ёсць на рынку новых аўтамабіляў з электрарухавіком.

Рост папулярнасці. Беларусь у трэндзе?

Электрамабілі няўмольна набіраюць папулярнасць у свеце, нягледзячы на ўпартае супраціўленне нафтавага лобі.

Згодна з прагнозам Міжнароднага энергетычнага агенцтва, у 2024 годзе продажы электракараў і гібрыдных аўтаў змогуць вырасці больш як на 20 % і дасягнуць лічбы ў 17 мільёнаў штук (у параўнанні з 14 мільёнамі ў 2023-м). Пры гэтым 10 мільёнаў – гэта будуць электракары кітайскай вытворчасці. Да 2035 года на рынак электракараў будзе прыходзіцца дзве траціны ад прададзеных аўтамабіляў у свеце, сцвярджаюць эксперты агенцтва.

Сусветны трэнд адчулі і ў Беларусі, што пацвярджаецца статыстыкай. Так, цягам 2023 года колькасць электракараў у краіне павялічылася ўдвая. Станам на красавік 2024 года, у Беларусі было зарэгістравана каля 11 тысячаў электрамабіляў. Пры гэтым 83,2 % з іх знаходзяцца ў асабістым выкарыстанні беларускіх грамадзянаў. Прагнозы беларускіх уладаў таксама даволі аптымістычныя: да 2030 году колькасць «электрычак» у Беларусі вырасце да 300 тысячаў.

Прататып першага беларускага спартовага электрамабіля ад НАН Беларусі, прадстаўлены ў 2022 годзе на выставе Minsk Electro.
Крыніца: ixbt.com

Згодна ж з прагнозамі дылераў, у 2024 годзе колькасць прададзеных электрамабіляў вырасце ў сем разоў. Да канца года плануецца прадаць каля 1900 электрычных і гібрыдных аўтаў, з іх не меней 200 электрамабіляў у сегменце лёгкага камерцыйнага транспарту.

Рост попыту на электракары адзначае і аўтамабільная асацыяцыя «БАА». Паводле яе дадзеных, у красавіку 2024 года доля электрамабіляў наблізілася да адзнакі ў 4 % ад усяго аўтарынку, што ўдвая перавышае паказчык 2023 года.

Калі ж мераць «штукамі», то ўскосна ахарактарызаваць сітуацыю з паступленнем электрамабіляў у краіну можна паводле звестак з дзяржтэхагляду: так, у траўні тэхагляд прайшлі 474 электрамабілі, у красавіку амаль столькі ж – 471, а ў сакавіку – 3427. Агулам з пачатку году дазвол на рух атрымалі 8078 электракараў.

Што гэтаму спрыяе

Пасля ўводу ў дзеянне Беларускай АЭС, які супаў з прыняццем маштабных санкцыяў Захаду супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, пытанне збыту электраэнергіі паўстала асабліва востра. Адной з мер па павелічэнні яе выкарыстання якраз і стала развіццё электратранспарту ў краіне. Прынамсі, так выглядае афіцыйная версія, якая транслюецца на дзяржаўным ТБ.

З гэтай мэтай улады прынялі адмысловую комплексную праграму на 2021–2025 гады, якая была зацверджаная пастановай Савета міністраў № 213. Згодна з ёй, напрыклад, цалкам на выкарыстанне электрааўтобусаў перавялі грамадскі транспарт Жодзіна і Шклова.

Але найбольшую ролю ў развіцці электратранспарту, на думку Беларускага расследавальніцкага цэнтру, тут адыграла зусім не пабудова БелАЭС, а палёгкі, прапісаныя ў адмысловым указе Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго, да канца 2025 года ўладальнікі электратранспарту вызваляюцца ад сплаты ПДВ і транспартнага падатку.

Зарадная станцыя Malanka ў Менску.
Фота: poshyk.info

Як бы там ні было, электрычнасць у краіне таннейшая за бензін, і навучаныя эканоміць беларусы хуценька падлічылі сваю выгаду. Прадстаўнікі бізнесу – у першых шэрагах.

Паводле разлікаў, асаблівая эканомія атрымліваецца пры ўсталяванні кампаніямі ўласных зарадных станцыяў (кошт адной станцыі для двух электрамабіляў пачынаецца ад 13 тысячаў рублёў). Па меры павелічэння прабегу становіцца больш прыкметнай і эканомія на зарадках. Так, за пяць тысячаў кіламетраў расходы на электраэнергію з выкарыстаннем уласнай станцыі для зарадкі складуць суму ў раёне 195 рублёў, пры выкарыстанні зарадных станцыяў «Malanka» – 680 рублёў. Параўнайце: для бензінавага аўта – больш за 1000 рублёў, для дызельнага – каля 750 (разлікі прыводзяцца па коштах на красавік 2024 года).

Уласна, падлічыць эканомію прапануе і сам аператар элекразардных установак «Malanka». Зайшоўшы на старонку кампаніі, можна ўвесці адпаведныя значэнні ў адмысловы калькулятар і атрымаць суму эканоміі пры выкарыстанні электракара за канкрэтны перыяд. Так, пры стокіламетровым прабегу ў дзень калькулятар паказвае, што за месяц эканомія на паліве складзе каля 700 рублёў у параўнанні з бензінавым аўтам (АІ-95).

Якія прапановы

Усе гэтыя фактары прыкметна ажывілі рынак электракараў у краіне. У цэлым спектр прапановаў электрамабіляў у Беларусі на сённяшні дзень даволі вялікі – як сусветных вядомых, так і адносна новых для беларускага спажыўца кітайскіх брэндаў.

У Беларусі даступныя новыя «электрычкі» ад «Volkswagen», «BMW», «KIA», «Hyundai», «Honda», «Hongqi», «Voiyah», «Aito», «Avatr», «BYD», «Li», «FAW», «Lotus», «NIO», «Skywell», «Xiaomi», «XPENG», «Zeekr» і «Geely». І гэты спіс яшчэ далёка не поўны.

Няцяжка прыкмеціць, што ў прыведзеным пераліку шмат брэндаў, якія пакуль не на слыху, большасць з іх – выхадцы з Кітаю. Трэнд на кітаізацыю аўтарынку асабліва моцна праявіўся пасля поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі некаторыя буйныя брэнды сышлі з беларускага і расейскага рынкаў.

«Hyundai IONIQ 5», афіцыйны продаж якога ў Беларусі пачаўся ўвесну 2024 года.
Фота: abw.by

Але, як бачна з пераліку вышэй, набыць сёння электрамабіль сусветна вядомага брэнду ў Беларусі – таксама не вялікая праблема: некаторыя прадстаўлены афіцыйна, дый паралельны імпарт ніхто не адмяняў (пры гэтым машыны могуць трапляць у нашу краіну ўсё з таго ж Кітаю).

Прыкметна вырасла і колькасць кампаніяў, якія прапануюць беларусам набыць электрамабілі – сярод іх як дробныя аўтасалоны, так і буйныя аўтадылеры. Напрыклад, «Атлант-М» год таму заявіў, што робіць рэалізацыю электрамабіляў з Кітаю адным з напрамкаў сваёй дзейнасці. Іншыя дылеры, кшталту «Эмір Мотарс Плюс», з’яўляюцца афіцыйнымі прадстаўнікамі канкрэтных брэндаў.

Схема, паводле якой прапануюць набываць аўтамабілі, збольшага працуе аднолькава ў розных кампаніях: пакупнік выбірае жаданую мадэль у каталозе (прычым гэта можа быць як новы, так і былы ў  выкарыстанні аўтамабіль) і заключае дамову на куплю-продаж, а пасля пераводу аплаты кампанія дастаўляе машыну з Кітаю. Напрыклад, «Атлант-М» абяцае дастаўку набытага аўта цягам двух месяцаў. У дадатак да гэтага прапаноўваецца падбор крэдытных праграмаў, абслугоўванне набытых машын ва ўласных сэрвісных цэнтрах, дадатковая гарантыя і іншыя цікавосткі.

Некаторыя кампаніі могуць прыгнаць электрамабіль пры ўнясенні авансу ў 25 % ад цаны машыны – рэшту, калі машына ўжо прыедзе ў Беларусь.

Часам на сайтах імпарцёраў цэны на электрамабілі ўказаныя без уліку дастаўкі. Сама ж дастаўка вагаецца ад 3,5 тысячаў да 4 тысячаў долараў у залежнасці ад тыпу – аўтавозам або чыгункай (апошні варыянт лічыцца больш надзейным). У выніку цана аўта можа быць сувымернай з прапановамі, якія робіць той жа «Атлант-М». Таму выбар застаецца за пакупніком – у залежнасці ад таго, якому з імпарцёраў ён давярае больш.

Прыйсці і купіць

У той жа час чакаць два месяцы не абавязкова. У некаторых салонах Менска можна набыць электрамабіль, «не адыходзячы ад касы», але далёка не ўсе мадэлі. Так, супрацоўнікі ўсё таго ж «Атлант-М» адзначылі, што ў наяўнасці ёсць некаторыя мадэлі «электрычак» ад «BYD», «Zeekr» (кампанія з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком гэтага брэнда ў Беларусі), а таксама такія мадэлі, як гібрыдны «Li L9» або «Volkswagen ID.6».

Прэміяльны седан «Zeekr 007», прадстаўлены кампаніяй «Атлант-М», якая з’яўляецца афіцыйным дылерам у кітайскага брэнда ў Беларусі.
Фота: atlantm.by

Пэўныя мадэлі перад набыццём можна пратэставаць, для гэтага існуе магчымасць запісацца на тэст-драйв. Так, у розных цэнтрах «Атлант-М» можна пратэставаць такія мадэлі, як красовер «Zeekr X», шутынг-брэйк «Zeekr 001», седан «Zeekr 007». У афіцыйнага прадстаўніка аўтадылера «Hyundai» «Хёндэ АвтоГрад» можна запісацца на тэст-драйв «Hyundai IONIQ 5». Кампанія «Эмір Мотарс Плюс», афіцыйны прадстаўнік «Hongqi» ў нашай краіне, прапануе тэст-драйв электракара «E-HS9».

Хто ў топе

Рэйтынгаў папулярнасці, якія б датычыліся менавіта электрамабіляў у Беларусі, на жаль, пакуль вельмі мала.

Па выніках продажаў 2023 года Беларуская аўтамабільная асацыяцыя назвала тройку лідараў у сегменце чыстых электрамабіляў і паслядоўных гібрыдаў. У ім апынуліся «Voyah Free» (244 аўтамабілі), «Geely Geometry C» (137) і «FAW Bestune NAT» (21) з 422 прададзеных цягам мінулага года аўтамабіляў.

Электравэн FAW BESTUNE NAT з аўтаматычнай каробкай перадач і запасам ходу ў 450 кіламетраў.
Фота: av.by

Што да рэйтынгаў замежных, то ў нашых умовах яны не зусім актуальныя, бо ў іх найчасцей трапляюць мадэлі, якія не прадаюцца афіцыйна ў Беларусі – выключэнне хіба што «Hyundai IONIQ 5» і «Hyundai IONIQ 6», якія ў 2022 і 2023 гадах занялі першыя пазіцыі ў рэйтынгах, і якія можна набыць у афіцыйнага дылера.

Цана пытання

На сённяшні дзень на беларускім рынку прапануюцца мадэлі электракараў на людзей з любым даходам – ад бюджэтных да прэміум-класа.

Адзін з найбольш танных новых электракараў, якія могуць набыць беларусы, – гэта «Geely Panda Mini». На сайце кампаніі-імпарцёра цана гэтага невялічкае аўта з рухавіком на 40 к.с. і батарэяй з запасам ходу ў 200 кіламетраў складае 27 666 рублёў (або 8,4 тысячы долараў па курсе 3,29 рубля за долар). Столькі каштуе машына ў Кітаі – да гэтага можна смела дадаваць цану дастаўкі ад трох тысячаў долараў.

Сярод даступных мадэляў можна назваць хэтчбэк «BYD e2». Гэты электракар 2023 года выпуску з рэдуктарам (тып каробкі перадач) і батарэяй з запасам ходу на 405 кіламетраў можна набыць за 58 830 рублёў (або 17,8 тысячы долараў). Машына ёсць на складзе ў дылера, таму плаціць за дастаўку не прыйдзецца.

У катэгорыі да 100 тысячаў рублёў можна вылучыць «FAW BESTUNE NAT» – электравэн з аўтаматычнай каробкай перадач, запасам ходу ў 450 кіламетраў і рухавіком з магутнасцю ў 163 к.с. Ён каштуе 75 990 рублёў, або 23 тысячы долараў. Прадавец таксама прадугледжвае магчымасць прыняцця вашага старога аўта ў залік – у такім разе цана можа скласці 67 490 рублёў.

У гэтай жа катэгорыі можна набыць аўтамабілі брэнда «BYD». Седан «BYD Qin Plus» 2024 года выпуску з рэдуктарам і батарэяй з запасам ходу на 420 кіламетраў можна знайсці за 67 690 рублёў (або 20,5 тысячы долараў). Красовер «BYD Song Plus» 2024 года выпуску з рэдуктарам і запасам ходу 520 кіламетраў – ад 91 тысячы рублёў (27,6 тысячы долараў).

У катэгорыі ад 100 да 200 тысячаў рублёў ужо нашмат больш разнастайных варыянтаў. Сюды трапляе, напрыклад, «Geely Geometria C». Гэты седан з запасам хода ў 550 кіламетраў, рухавіком у 204 к.с. у афіцыйнага дылера «Лакшары Мотарс плюс» каштуе 104,9 тысячы рублёў (амаль 32 тысячы долараў).

З цікавых мадэляў – паўнапрывадны красовер «Voyah Free» з запасам ходу ў 500 кіламетраў за 114 900 рублёў (амаль 35 тысячаў долараў), паўнапрывадны красовер «Zeekr X» з запасам ходу ў 512 кіламетраў – ад 106 тысячаў (32 тысячы долараў) або прэміяльны седан «Zeekr 007» з запасам ходу ад 616 кіламетраў – ад 161 900 рублёў (амаль 49 тысячаў долараў).

Прэміяльны электрамабіль кітайскага паходжання Hongqi E-HS9. Набыць яго можна за 287 тысячаў рублёў.
Фота: av.by

У гэтай жа цэнавай катэгорыі знаходзяцца і два лідары сусветных рэйтынгаў ад «Hyundai» – красовер «IONIQ 5» з запасам ходу ў 460 кіламетраў і седан «IONIQ 6» (запас ходу ад 570 кіламетраў), цана на якія пачынаецца ад 179 900 рублёў (амаль 55 тысячаў долараў).

І нарэшце тым, хто гатовы заплаціць 200 тысячаў рублёў і болей, даступныя, напрыклад, такія брэнды, як «Jaguar» (за электрычны «Jaguar I-Pace S» прыйдзецца выкласці ад 222 тысячаў рублёў або 67,5 тысячаў долараў), прэміяльны кітайскі брэнд «Hongqi» (паўнапрывадны універсал «Hongqi E-HS9» з магутным рухавіком у 550 к.с., каробкай аўтамат і запасам ходу ў 510 кіламетраў абыдзецца ў 287 тысячаў рублёў або 87 тысячаў долараў).

Мары пра ўласны электрамабіль

На хвалі папулярнасці электракараў у свеце Беларусь таксама спрабуе ўскочыць у электрацягнік прагрэсу. І робіць гэта ўжо каторы год, але пакуль што безвынікова, хаця гучных заяваў ад пачатку было зроблена нямала.

Першы ўзор электрамабіля быў прадстаўлены грамадскасці яшчэ ў 2017 годзе. Тады старшыня прэзідыуму НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў гучна заяўляў пра магчымасць 100-адсоткавай лакалізацыі электракара. Насамрэч гэта аказалася не болей чым усталяванне расейскага акумулятара ў кітайскі седан «Geely SC7».

Да канца 2021 года беларусам у Мінэнерга зноў абяцалі выпусціць першую тысячу электрамабіляў па дамоўленасці з «Белджы». Тады казалі, што аўтамабіль ужо праходзіць тэставанне, а на сайце кампаніі прымаліся перадзаказы.

У 2022 годзе на Мотавелазаводзе вырашылі пайсці «правераным» шляхам і выпусцілі электраквадрыцыкл «M1NSK», які насамрэч аказаўся клонам кітайскага «Arcfox Lite» са змененай налепкай на бамперы.

У лістападзе 2023 года зноў з’явілася інфармацыя, што новы ўзор беларускага электракара на базе кітайскага «JAC» з’явіцца да канца 2023-га. Тады намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык нават абяцаў здзівіць Аляксандра Лукашэнку. Але як выглядае, так і не стрымаў свайго слова.

Электрамабіль уласнай вытворчасці, які хочуць пачаць вырабляць серыйна да 1 студзеня 2025 года – гэта насамрэч «Belgee X50», які раней быў добра вядомы беларусам пад назвай «Geely Coolray».
Фота: sb.by

І вось у студзені 2024 года, падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі на «Белджы», зноў зайшла размова пра стварэнне ўласнага электракара. На гэты раз была «пастаўлена задача» стварыць і наладзіць серыйную вытворчасць такога аўтамабіля да 1 студзеня 2025 года.

А ў красавіку 2024-га стала зразумела, як гэтая задача будзе вырашацца: НАН Беларусі сумесна з заводам «Белджы» зробяць пяць адзінак электрамабіляў Belgee еX50 і правядуць іх выпрабаванне. Фактычна гэта будзе электраверсія адной з найбольш папулярных мадэляў Geely Coolray.

Пры гэтым генеральны дырэктар АІМ НАН Беларусі Сяргей Паддубка адзначыў, што пакуль пытаннем застаецца, колькі гэты аўтамабіль будзе каштаваць і ці зможа ён канкураваць з электрамабілямі іншых краін. Пытанне сапраўды добрае ў святле таго, што фактычна штомесяц прыток «электрычак» у Беларусь інтэнсіўна павялічваецца.

Агляд
Ці ёсць у Беларусі 100-адсоткава свой аўтамабіль?
2023.10.01 08:23

Раман Шавель belsat.eu