Толькі за першыя пяць месяцаў 2024 года Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў ШІЗА 70 дзён


Муж Паліны Шарэнды-Панасюк распавёў у «Фэйсбуку», што апошнія месяцы былі асабліва цяжкімі для палітзняволенай. «Яе тэрмін стаў бясконцым. Цяпер яна стала закладніцай у руках тэрарыста», – піша Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсці на свабоду 21 траўня. Аднак за два дні да завяршэння тэрміну яе этапавалі ў гомельскае СІЗА і выставілі новае абвінавачанне паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

«Паліна зноў у задушлівай камеры гомельскага СІЗА. Немажлівая спёка, вільгаць і смярдзючы пах з «прыбіральні». Пах, які не перабівае нават едкі дым танных цыгарэтаў. Цяжка дыхаць, пот ліецца струменямі. А душ толькі адзін раз у два тыдні. Лета ў камеры СІЗА – гэта катаванне. Асабліва для жанчыны. А Паліна ў СІЗА ўжо чацвёрты раз. Чацвертая крымінальная справа і бясконцы «год сурка», – канстатуе Андрэй Шарэнда.

Муж палітзняволенай зазначае, што апошнія месяцы для Паліны былі асабліва цяжкімі: толькі са студзеня да траўня ў калоніі яе 70 дзён трымалі ў штрафным ізалятары. На жанчыну чыніўся фізічны і маральны ціск. Паўгода яна была ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага свету.

«Мы нават і блізка не ведаем, чым Паліне пагражалі, што з ёй рабілі, каб зняць тое прапагандысцкае відэа. І лжывыя абяцанні, што яна зможа пабачыць сваіх дзяцей, якіх не бачыла тры з паловай года. І ўрэшце, як удар пад дых, новая крымінальная справа і новы этап. Мы не ведаем, што з Палінай здарылася ў траўні ў калоніі перад этапам, але ў СІЗА яна прыехала амаль без рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць.

Але Паліна вытрымала. У стомленым ад катаванняў целы трымаецца дух свабоды і любові. І гэта дапамагае ёй выжыць. Паліна працягвае барацьбу за гонар і годнасць, барацьбу за жыццё і свабоду».

Паводле Андрэя Шарэнды, Паліна прасіла перадаць, каб не называлі яе палітзняволенай:

«Бо ў любога зняволенага, нават палітычнага, ёсць тэрмін перабывання за кратамі. У Паліны няма нават гэтага – яе тэрмін стаў бясконцым. Цяпер яна стала закладніцай у руках тэрарыста. Для вар’ята-дыктатара Паліна – важная сведка яго злачынстваў, злачынстваў супраць чалавецтва. А для любога злачынцы сведка яго злачынстваў – гэта самая небяспечная асоба».

«Таму Паліну немагчыма выкупіць або абмяняць. Паліну можна вызваліць толькі сілай», – падкрэсліў Андрэй Шарэнда.

Hавiны
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў вельмі цяжкім псіхалагічным стане
2024.06.07 22:21

Нагадаем, грамадскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласным доме ў Берасці 3 студзеня 2021 года. Яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў гвалце ў дачыненні міліцыянтаў і іхнай знявазе, а таксама ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі. Потым палітзняволенай двойчы дадавалі адзін год калоніі паводле арт. 411 КК. У зняволенні Паліна Шарэнда-Панасюк зазнавала сістэматычны ціск.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў