«За адзін крок ад шляху да смерці». Найвышэйшы суд Сербіі пастанавіў выдаць Беларусі рэжысёра Андрэя Гнёта


Рэжысёр Андрэй Гнёт паведаміў «Белсату», што Найвышэйшы суд Сербіі пастанавіў экстрадаваць яго ў Беларусь. На гэтую пастанову яшчэ можна падаць апеляцыю, а потым яе мае падпісаць міністр юстыцыі.

Андрэй Гнёт.
Фота: andrewgnyot / Instagram

«Яны не маюць права мяне экстрадаваць сёння, яшчэ мусяць быць фармальныя працэдуры з боку суда другой інстанцыі, і трэцяя інстанцыя – подпіс міністра юстыцыі. Дзве пастановы суда першай і другой інстанцыі мусяць легчы на стол міністра юстыцыі, і ён мусіць прыняць фінальную пастанову, экстрадаваць мяне ці не. Але сітуацыя вельмі-вельмі небяспечная, я за адзін крок ад таго, каб апынуцца на шляху да смерці», – сказаў Андрэй Гнёт.

Яго затрымалі ў Сербіі на запыт Інтэрполу яшчэ ў кастрычніку летась, і суд першай інстанцыі пастанавіў экстрадаваць яго ў Беларусь. Потым апеляцыйны суд скасаваў гэтую пастанову, справу разгледзелі нанова.

Як казала раней «Белсату» дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, запыт у Інтэрпол на затрыманне Андрэя Гнёта напісаў пракурор Савецкага раёну Менску Антон Загароўскі – ён ужо 13 гадоў пад санкцыямі ЕЗ. У чорны спіс службоўца залучылі за ўдзел у рэпрэсіях пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе.

Цяперашнія ўлады ў Менску абвінавачваюць Гнёта ў эканамічным злачынстве, але насамрэч проста выкарыстоўваюць Інтэрпол у рэпрэсіўных мэтах.

Каментар
Андрэй Гнёт, якога могуць экстрадаваць у Беларусь, пра сербскую турму і шанцы на ратаванне
2024.06.06 19:32

6 чэрвеня стала вядома, што рэжысёра перавялі з цэнтральнай турмы Бялграду пад хатні арышт. У каментары «Белсату» ён называў гэта «вынікам салідарнасці беларусаў»:

«Тут два напрамкі – палітычны і народны. Палітычны напрамак, безумоўна, паспрыяў. Але народны беларускі напрамак, мабыць, аказаўся значна большы. Людзі, якія мне пісалі, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў Бялградзе, Лондане, Берліне і Варшаве, – гэта ўсё адна вялікая плынь, якая паспрыяла таму, што сербскі суд звярнуў на мяне ўвагу. Да гэтага я атрымліваў абсалютна стэрэатыповыя пастановы суда аб тым, што, калі мяне перавядуць пад дамашні арышт, то я магу збегчы».

Ён таксама сцвярджаў, што Інтэрпол яшчэ 24 лютага заблакаваў запыт на ягоны арышт, а гэта азначае, што ніводная краіна з чальцоў арганізацыі не можа карыстацца гэтымі дадзенымі для пераследу. «Гэта вялікі-вялікі юрыдычны казус», – адзначыў Гнёт.

Разбор
«Датычыць тысяч беларусаў». Каго рэжым шукае праз Інтэрпол і што рабіць у выпадку затрымання?
2024.04.12 08:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў