Лакальныя змены лініі сутыкнення. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 844-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец 33-й асобнай механізаванай брыгады з пазыўным «Алхімік» кіруе танкам Leopard 2a4 падчас тэст-драйву ў майстэрні падраздзялення, у неўстаноўленым месцы на ўсходзе Украіны, 16 ліпеня 2024 года,
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскага раёну працягваюцца баі на ўчастку фронту паміж населенымі пунктамі Ліпцы і Глыбокае. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што Збройныя сілы Украіны ўвесь час контратакуюць, імкнучыся цалкам перахапіць ініцыятыву, але пакуль не маюць істотных поспехаў.

У Чугуеўскім раёне баявыя дзеянні лакалізуюцца ў цэнтральнай частцы гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што расейцы беспаспяхова намагаюцца прабіцца да сваёй дыверсійна-выведнай групы, якая прынамсі з пачатку чэрвеня знаходзіцца ў атачэнні на тэрыторыі Агрэгатнага заводу.

У гэты ж час ЗСУ часам праводзяць удалыя штурмавыя дзеянні, у ходзе якіх адкідаюць праціўніка і вызваляюць асобныя пазіцыі ў горадзе.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што на поўначы ад Ваўчанску расейскі бок працягвае будаўніцтва абарончай лініі.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў на купянскім і ліманскім кірунках Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Бераставое, Макееўка і Неўскае. Баі на гэтых участках фронту працягваюцца.

Тым часам тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся на адлегласць да 500 метраў з усходу ад сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы ўжо замацаваліся на новых пазіцыях, у сваю чаргу ЗСУ адышлі на поўдзень да Петрапаўлаўкі.

Іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – піша, што таксама УС РФ рухаюцца на захадзе ад сяла Крахмальнае.

Акрамя гэтага фіксуецца ўзнаўленне баёў на ўсходзе ад Торскага (на левым беразе ракі Жарабец у Данецкай вобласці).

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы наступалі каля сёлаў Раздолаўка і Верхнякаменскае, але прасунуцца не здолелі.

Тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што таксама расейцы ціснуць у ваколіцах Выемкі і на тэрыторыі Белагораўкі. І калі на першым участку ЗСУ ўпэўнена абараняюцца, то ў Белагораўцы сітуацыя застаецца складанай – у першую чаргу праз асаблівасці мясцовага рэльефу. На думку крыніцы, у выпадку поспеху УС РФ на тэрыторыі населенага пункту у небяспечным становішчы акажацца сам Сівэрск.

Іншы праўкраінскі тэлеграм-канал – «Бахмутський Балу» – паведамляе, што на паўднёвым захадзе ад гораду расейцы атакавалі на ўчастку паміж сёламі Фёдараўка і Васюкоўка, але панеслі істотныя страты ды адышлі.

На краматорскім кірунку працягваюцца баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр, а таксама на ягоных флангах – з поўначы і поўдня.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што цягам содняў штурмавыя групы войскаў РФ прасунуліся на адлегласць да аднаго кіламетра і захапілі некалькі апорных пунктаў украінцаў. Пры гэтым канкрэтныя месцы зменаў лініі сутыкнення не агучваюцца.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Валодаюць ініцыятывай Узброеныя сілы РФ і на пакроўскім кірунку, дзе яны наступаюць з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў каля сяла Сокал і ў Новааляксандраўцы.

«НгП раZVедка» піша, што таксама УС РФ падышлі да ўскрайкаў населенага пункту Навасёлаўка Першая і цяпер рыхтуюцца да штурму.

Сямён Пегаў гаворыць, што акрамя гэтага войскі РФ маюць тактычныя поспехі на ўскрайках Карлаўкі.

На курахаўскім кірунку баі лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Краснагораўка, у сяле Георгіеўка і каля Канстанцінаўкі. Зменаў лініі сутыкнення не адзначаецца.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе расейцы ціснуць з поўдня на сяло Ураджайнае, але пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ў Запарожскай вобласці іхныя вайскоўцы захапілі сяло Загорнае (на паўднёвым захадзе ад гораду Гуляйполе). Украінскі бок пакуль не каментуе гэтую інфармацыю.

Таксама ў Запарожскай вобласці расейцы наступаюць на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але поспеху не маюць.

У Херсонскай вобласці Узброеныя сілы РФ зноў безвынікова атакавалі на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў