Абвінавачваны ў забойстве беларускі ў Варшаве прайшоў судова-псіхалагічную экспертызу


23-гадоваму Дор’яну С., які згвалтаваў і задушыў беларуску Лізавету ў цэнтры польскай сталіцы, правялі псіхалагічнае, псіхіятрычнае і сексалагічнае даследаванне. Цяпер пракуратура чакае вынікаў.

Дор’яна С. вядуць на паўторныя слуханні.
Крыніца: Wirtualna Polska

У каментары «Белсату» прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Шыман Банна расказаў, што экспертызу зладзілі ў 20 днях траўня, а заключэння адмыслоўцаў трэба чакаць каля месяца.

«Паглядзім, што скажуць эксперты, ці ён увогуле можа стаць перад судом», – заўважыў Шыман Банна.

Раней суразмоўца ўжо тлумачыў «Белсату», што Дор’ян С. можа пазбегчы турмы, калі эксперты пастановяць, што ён псіхічна хворы. У такім выпадку імаверны варыянт, што мужчыну будуць трымаць у шпіталі да моманту вылекавання, а потым вызваляць.

Гвалтаўнік застаецца пад вартаю. Тэрмін арышту, санкцыянаваны на прадугледжаныя законам тры месяцы, падоўжылі на чарговыя тры месяцы.

Пахаванне Лізы ў Варшаве, похороны Лизы в Варшаве
Развітанне з беларускай Лізай на Паўночных могілках (Północny cmentarz). Варшава, Польшча. 14 сакавіка 2024 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат

Маладзёна вінавацяць у забойстве, гвалце і разбоі. Калі яго не прызнаюць псіхічна хворым, яму будзе пагражаць ад 12 гадоў турмы да пажыццёвага зняволення. Сабраныя доказы, якія з’явіліся пасля анатамавання, дазваляюць не сумнявацца ў тым, што злачынства здзейсніў менавіта 23-гадовы паляк, сцвярджаюць у пракуратуры. Да таго ж мужчына прызнаў віну.

Дорʼян С. напаў на 25-гадовую беларуску Лізавету Г. 25 лютага. Злачынца пагражаў дзяўчыне нажом, згвалтаваў яе і намагаўся задушыць. Гіпаксія сталася прычынаю незваротных зменаў у мазгах. 1 сакавіка 2024 года Лізавета памерла ў шпіталі. 14 сакавіка дзяўчыну пахавалі на Паўночных могілках Варшавы.

Злачынства выклікала розгалас. У Польшчы пачалі абмяркоўваць узмацненне адказнасці за гвалт. У Варшаве адбыўся марш памяці «Яе звалі Ліза».

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 11:41

Дар’я Форман belsat.eu

Стужка навінаў