news
Hавiны
У Польшчы хочуць увесці абавязак атрымаць згоду на секс. Як гэта будзе і ці трэба натарыус
Змены справакавала смерць ад згвалтавання беларускі Лізы.
08.03.202418:27

Згвалтаванне і смерць беларускі Лізаветы ў Варшаве выклікала дыскусію ў польскім грамадстве. У тым ліку прапануецца зрабіць больш жорсткім адпаведнае заканадаўства. Паводле псіхолага, праблема гвалту сапраўды вялікая і захады рабіць трэба, але пры гэтым варта разумець і наступствы.

Марш памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У адказ на смерць у выніку згвалтавання беларускай эмігранткі Лізаветы ў Польшчы думаюць над тым, каб зрабіць больш жорсткім пакаранне за гвалт. Намесніца міністра юстыцыі Мар’я Эйхарт заявіла, што змены ў Крымінальным кодэксе абавязковыя. На сёння ў Польшчы за згвалтаванне пагражае максімум 12 гадоў зняволення, але звычайна суд выносіць нашмат лягчэйшыя выракі. Аднак ужо існуе праект зменаў у Крымінальным кодэксе, які ўтрымлівае значна больш жорсткае пакаранне за згвалтаванне, а таксама новае азначэнне згвалтавання.

Калі рашэнне, прапанаванае дэпутатамі, набудзе моц, зменіцца і само азначэнне: згвалтаваннем будуць лічыцца палавыя стасункі без папярэдняй інфармаванай і свабоднай згоды. Законапраект прадугледжвае і павелічэнне мінімальнага пакарання з двух да трох гадоў. Гэта ключавая змена, якая азначае, што сексуальны гвалт будзе разглядацца як крымінальнае злачынства, а не як правапарушэнне.

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 12:41

А ў польскім Сейме ўжо нават прайшлі слуханні законапраекту, які ўзмацняе пакаранне за згвалтаванне і, кажучы словамі яго суаўтаркі Аніты Кухарскай-Дзедзіц, «адмяняе прэзумпцыю згоды і неабходнасць ахвяры даказваць, што вінаваты нясе адказнасць за нанясенне ёй шкоды». Аўтары законапраекту прапаноўваюць выкрасліць з артыкулу Крымінальнага кодэксу абавязковую наяўнасць гвалту, пагрозы ці падману дзеля схілення асобы да сексуальнага кантакту, пры гэтым увесці абавязковы панятак добраахвотнай і свядомай згоды на палавыя зносіны, а мінімальнае пакаранне за такое злачынства павялічыць з двух да трох гадоў.

«Адсутнасць супраціву не азначае згоды, адсутнасць крыку не азначае згоды, маўчанне таксама не азначае згоды. Алкагольнае ап’яненне не азначае згоды. Смелае адзенне не азначае згоды. Высокія абцасы таксама не азначаюць згоды. Толькі выразная і свядомая згода азначае згоду на сексуальны кантакт», – заявіла дэпутатка Жанэта Цваліна-Сьлівоўска.

Марш памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Маніпуляцыя – таксама гвалт

У каментары «Белсату» Азалія Аліева, клінічная псіхалагіня, назвала важнымі і рашэнні, і сам кірунак, у якім пастанавілі рухацца польскія ўлады. Аднак «важна разумець, якія наступствы могуць быць, і акуратна да гэтага падыходзіць».

Паводле Аліевай, тэма хатняга і сексуальнага гвалту над жанчынамі вельмі актуальная, у тым ліку ў сем’ях:

«Далёка не заўсёды жанчыны наагул разумеюць, што над імі ажыццяўляецца гвалт. Часта яны не разумеюць, што іх схіляюць да сексу нейкімі гвалтоўнымі шляхамі праз маніпуляцыі, напрыклад. Шмат якія маніпуляцыі зусім невідавочныя. Напрыклад, выкліканне ў пачуццё сораму або віны».

Марш памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сярод прыкладаў Аліева прывяла параўнанні з іншымі жанчынамі, прымус жонкі да сексу «ў любы час дня і ночы» праз факт шлюбу, шантаж расстаннем ці прымус да непрымальных для жанчын формаў сексу:

«Таму, на мой погляд, вельмі важна, апроч закону, яшчэ і адукацыйная частка ў плане інфармавання насельніцтва, і мужчынаў у тым ліку, што яны здзяйсняюць гвалт над жанчынаю, што такое маніпуляцыя, чаму нельга гэта рабіць».

Пры гэтым экспертка падкрэсліла, што і жанчыны таксама могуць маніпуляваць мужчынамі ў пытанні сексу:

«У прынцыпе для любога чалавека, які мае ўладу і хоча панаваць над іншым, такі інструмент як пакаранне можа выкарыстоўвацца. Таму важна з гледзішча заканадаўства гэта ўсё вельмі дакладна прапісаць».

Таксама няясна, як будзе даказваць факт прымусу да сексу.

Ці ўсе адразу стануць гвалтаўнікамі?

У эфектыўнасці апісаных прапановаў сумняваюцца і некаторыя польскія дэпутаты. Гэтак, Гжэгаж Плачэк думае, што ў выніку кожнага чалавека будуць «патэнцыйным гвалтаўніком толькі таму, што ён не зафіксуе загадзя свядомай згоды на сексуальны кантакт». Аднак аўтар Instagram-акаўнту «PoPrawnie», адвакат Кшыштаф Крупа сумняваецца ў тым, што закон павялічыць колькасць ілжывых паведамленняў пра згвалтаванне. Паводле яго, факт згвалтавання ўсё адно трэба будзе даказаць:

«Абвінаваціць кагосьці ў гэтым злачынстве будзе нялёгка. І хачу нагадаць, што абвінавачванне ці паклёп на кагосьці ў здзяйсненні злачынства само па сабе ёсць злачынствам».

Пракаментаваў Крупа і форму таго, як людзі мусяць будуць атрымаць згоду адно ад аднаго на палавыя стасункі да і падчас акту:

«Вядома, не заўсёды гэта мусіць быць згода, выказаная вусна, бо нехта хутка скажа, што натарыяльны акт. Не, абсалютна так не мусіць выглядаць. Згода выяўляецца таксама праз розныя жэсты, неабавязкова нават словы, агульную атмасферу, агульныя абставіны, якія атачаюць гэтыя сексуальныя дзеянні. І яна будзе аналізавацца праваахоўнымі органамі ці судом на падставе шэрагу розных абставінаў ранейшых стасункаў, абставінаў гэтай канкрэтнай сустрэчы, гэтага канкрэтнага палавога акту, ці была там насамрэч згода ці не».

Адвакат таксама адзначыў, што ў свеце нават распрацаваныя адмысловыя праграмы на гэты конт.

Ранкам 25 лютага ў цэнтры Варшавы знайшлі голую жанчыну без прыкметаў жыцця. Як высветлілася пазней, 25-гадовая беларуска Лізавета была ахвяраю згвалтавання, нападнік пагражаў ёй нажом, задушыў амаль да смерці. Неўзабаве затрымалі падазраванага, 23-гадовага паляка Дор’яна С. 1 сакавіка Ліза памерла. Пахаваць яе збіраюцца ў Варшаве.

Рэпартаж
Слёзы, крык і цішыня. Прайшоў марш у памяць загінулай пасля нападу ў Варшаве беларускі
2024.03.06 23:28

Макар Мыш belsat.eu