У цэнтры Варшавы мужчына згвалціў і душыў маладую беларуску, яна ў лякарні ў цяжкім стане


Ранкам 25 лютага ў самым цэнтры Варшавы знайшлі траўмаваную ахвяру згвалтавання, расказваў шэраг польскіх медыяў, як то Gazeta Wyborcza і Nasze Miasto. Выданні Miejski Reporter і TVP.info даведаліся, што ахвяра – грамадзянка Беларусі.

Як расказваюць польскія журналісты, 20-гадовую або 23-гадовую жанчыну знайшлі ранкам у непрытомным стане і без адзення на лесвічнай пляцоўцы дому 47 на вуліцы Журавей (Żurawia 47).

Паведамлялася, што жанчыну знайшлі без адзення, са слядамі здушэння і без прыкметаў жыцця – хадзілі нават чуткі, што яна памерла. Пацярпелую даставілі ў рэанімацыю. Паводле звестак на поўдзень 26 лютага жанчына заставалася ў цяжкім стане.

На месцы паліцыя ачапіла некалькі вуліцаў. Пасля прагляду камераў назірання знайшлі падазраванага, каля 18:30 затрымалі 30-гадовага (паводле іншых звестак, 23-гадовага) мужчыну ў кватэры на вуліцы Ракавецкай (Rakowiecka). У кватэры знайшлі кнігі пра забойствы і згвалтаванні. Калі віна мужчыны пацвердзіцца, яму пагражае пажыццёвае зняволенне.

Паводле неафіцыйных звестак выдання «Miejski Reporter», знайшліся таксама відавочцы здарэння. Паводле TVP.info, затрыманы – паляк, які меў у мінулым праблемы з наркотыкамі.

Выданне прыблізна рэканструявала паслядоўнасць падзеяў. Каля 5:00 мужчына працяглы час сачыў за дзяўчынай, якая ішла і хісталася – магчыма, была ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення. Злачынца надзеў балаклаву, падышоў да яе ззаду, прыставіў да горла нож і зацягнуў у браму дому. Каля брамы яны былі каля 30 хвілінаў, злачынца брутальна згвалціў дзяўчыну і спрабаваў задушыць, пасля чаго выйшаў, нібы нічога не здарылася, схадзіў у краму, раскідаў рэчы ахвяры па некалькіх вуліцах у ваколіцах, сеў у трамвай і з’ехаў.

«Гэта датычыць не толькі Варшавы, але і ўсіх буйных гарадоў, – сказаў выданню «Nasze Miasto» прадстаўнік Камендатуры сталічнай паліцыі Робэрт Шумята. – Асабліва пасля наступлення цемры трэба звяртаць увагу, дзе ідзяце, трымацца публічных месцаў, пазбягаць брамаў, зараснікаў, цёмных вулак і паркаў.

Паліцыянты патрулююць вуліцы 24 гадзіны на дзень, але ўсе мусяць разумець, што мы не можам быць усюды адначасова. Памятайце: вяртаючыся з імпрэзы ўначы, не ідзіце адныя, намагайцеся трымацца групамі або выклікаць таксоўку. Можна таксама падтрымліваць сталы кантакт з сябрамі праз тэлефон падчас вяртання дамоў.

Калі адчуеце нейкую пагрозу, не бойцеся тэлефанаваць на нумар 112».

Hавiны
Для беларуса, які насмерць збіў раварыстку ў Познані, бок абвінавачання запатрабаваў 7,5 года турмы
2024.02.01 13:19

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў