У Польшчы хочуць зрабіць больш жорсткім пакаранне за згвалтаванне


Смерць 25-гадовай беларускі Лізаветы выклікала ў Польшчы дыскусію на тэму ўвядзення больш жорсткага пакарання для вінаватых у сексуальных злачынствах. Намесніца міністра юстыцыі Марыя Эйхарт заявіла, што змены ў крымінальным кодэксе абавязковыя.

Затрыманне Дарыюша С., падазраванага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізаветы. Крыніца: fakt.pl

Намесніца міністра юстыцыі выказалася пра здарэнне ў эфіры TVN24:

«Гэта выключна жахлівая гісторыя, якая шакуе на многіх узроўнях. Сёння мы кажам ужо пра забойства, а не толькі пра гвалт. Шакуе абыякавасць, чэрствасць. У такіх сітуацыях заўсёды трэба рэагаваць, калі не самастойна, то трэба выклікаць паліцыю».

Марыя Эйхарт сказала таксама пра змены ў заканадаўстве, якія трэба ўвесці як мага хутчэй. На дадзены момант у Польшчы за згвалтаванне пагражае максімум 12 гадоў зняволення, але звычайна суд выносіць нашмат лягчэйшыя выракі. Але ўжо існуе праект зменаў у крымінальным кодэксе, які ўтрымлівае значна больш жорсткае пакаранне за згвалтаванне, а таксама змяненне вызначэння згвалтавання.

Калі рашэнне, прапанаванае дэпутатамі, уступіць у сілу, палавыя зносіны без папярэдняй інфармаванай і свабоднай згоды будуць лічыцца згвалтаваннем. Законапраект таксама прадугледжвае павелічэнне мінімальнага пакарання з двух да трох гадоў. Гэта ключавое змяненне, якое азначае, што згвалтаванне будзе разглядацца як крымінальнае злачынства, а не як правапарушэнне.

«Гэтыя змяненні абавязковыя. Нас да гэтага абавязвае стамбульская канвенцыя. Яна вымагае, каб у артыкуле адносна згвалтавання была спасылка на адсутнасць згоды пацярпелага», – падкрэсліла Эйхарт.

Абнаўляецца
Памерла беларуска Лізавета, на якую напалі і згвалцілі ў Варшаве
2024.03.01 15:07

Напад на 25-гадовую беларуску Лізавету адбыўся ў цэнтры Варшавы 25 лютага, калі яна вярталася ўначы дадому пешшу. Злачынца кінуўся на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі яе рэанімаваць, потым даставілі ў клінічны шпіталь Дзіцяці Ісуса Універсітэцкага клінічнага цэнтру Варшаўскага медычнага ўніверсітэту на вуліцы Ліндлі ў Варшаве.

Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго, што нападнік яе душыў, у дзяўчыны спынялася сэрца, у мозг пэўны час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

1 сакавіка стала вядома, што Лізавета памерла. Нападніка на дзяўчыну затрымалі праз некалькі гадзінаў пасля здзяйснення злачынства. Ім аказаўся жыхар Варшавы 23-гадовы Дарыян С. Паліцыя затрымала яго праз некалькі гадзінаў пасля ўчынення злачынства, калі ён выходзіў са здымнай кватэры, дзе жыў разам са сваёй дзяўчынай. Раней хлопца судзілі за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Паводле Onet.pl, ён пройдзе праз псіхіятрычную экспертызу, якая мусіць вызначыць ягоную свядомасць у момант нападу. Калі вынікі ўскрыцця цела пацвердзіцца, што смерць Лізаветы наступіла ў выніку дзеянняў нападніка, то гэта можа паўплываць на абвінавачанні, якія выстаўляюцца Дарыяну С., ён паўстане перад судом за яе забойства.

Пахаваюць Лізавету ў Варшаве.

Hавiны
Беларус у Варшаве задумаў праект самаабароны для жанчын, каб мінімізаваць «гамон»
2024.03.02 12:27

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў