Сілавікі затрымалі адміністратарку чату «Беларусы ў Турцыі»


Сілавікі затрымалі жанчыну, якая адміністравала чат «Беларусы ў Турцыі». «Пакаяннае» відэа з’явілася ў канале ГУБАЗіКу.

Затрыманая адміністратарка чату «Беларусы ў Турцыі».
Фота: калаж «Беларусь головного мозга»

На камеру жанчына гаворыць, што яна адміністратарка чату дыяспары, які ўваходзіць у сетку dze.chat.

Таксама жанчына кажа, што ў 2020 годзе звярталася ў чаты і боты, якія пазней былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Як падкрэслілі ў апісанні да відэа самі сілавікі, жанчына мае чатыры кватэры ў Менску.

«Адзіны варыянт застацца на свабодзе пад падпіскай – расказаць следству ўсю інфармацыю пра каардынатараў, якія выкарыстоўвалі персону ў сваіх мэтах», – пішу сілавікі пад відэа.

Нагадаем: 24 траўня з’явілася інфармацыя, што, верагодна, чат «Беларусы ў Турцыі» перайшоў пад кантроль сілавікоў. Гэта вынікала з таго, што ў ім рэзка памяняўся адміністратар, пры гэтым новага ніхто з супольнасці не ведаў.

Удзельнікі стварылі новы чат, куды прыйшоў ГУБАЗіК, які пачаў пагражаць усім дэанонам і крымінальнай адказнасцю.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў