У ПК «Воўчыя норы» згарэлі ўсе камп’ютары. Асуджаныя не могуць цяпер рабіць відэазванкі


У папраўчай калоніі № 22 (вядомай пад назваю «Воўчыя норы») згарэлі ўсе камп’ютары, набытыя нядаўна, каб асуджаныя маглі рабіць відэазванкі. Папраўчая ўстанова падлічвае страты ад навальніцы 20 траўня: ва ўстанове згарэлі ўсе падлучаныя электрапрыборы, перадае MAYDAY.TEAM.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Engin Akyurt / Pexels

Папраўчая калонія № 22 цягам содняў была адрэзаная ад вонкавага свету. Прычына – наймацнейшая залева з навальніцай, што прайшла ў панядзелак, 20 траўня, у ваколіцах вёсак Даманава і Боркі. Стыхія цалкам адлучыла тэлефонную сувязь у калоніі, а цяпер стала вядома, што ў ПК № 22 ад удараў маланкі згарэлі ўсе падлучаныя на той момант электрапрыборы. Таму цяпер адмененыя ўсе відэазванкі.

ПК № 22 лічыцца івацэвіцкай, бо размешчаная ў Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці. Але насамрэч пад яе патрэбы ў 1993 годзе была аддадзена закрытая ракетная вайсковая частка, што стаіць у глыбокім лесе на мяжы Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў. Сістэма навальнічнай абароны выкарыстоўвалася з тых жа часоў.

Калонія месціцца прыкладна за 20 км ад райцэнтру на шляху ад Івацэвічаў да Слоніму. Утрымліваць асуджаных у ёй сталі з 2000 года, адпаведна, камунікацыі з тых часоў не мяняліся, а ўсе рамонты рабіліся рукамі зняволеных і за кошт іхных сваякоў.

Калонія ўзмоцненага рэжыму «Воўчыя норы» апошнімі гадамі стала вядомая тым, што сюды пачалі накіроўваць палітычных вязняў. Раней у калоніі адбывалі пакаранне зняволеныя з наркатычнымі артыкуламі. Акрамя гэтага, адміністрацыя папраўчай установы здаўна славіцца сваёй жорсткасцю і стварэннем невыносных умоваў для асуджаных.

Цяпер у калоніі ў Івацэвічах адбываюць тэрміны не менш як 63 палітзняволеныя. Напрыклад, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які хварэе на анкалогію і зазнае ў калоніі катаванні.

зона.бел
Як самая жорсткая ў краіне калонія «Воўчыя норы» перапрафілявалася з наркатычных на палітычных вязняў
2022.05.27 13:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў