Дзевяць гадоў за данаты і новыя палітвязні


«Белсат» працягвае сачыць за хронікай палітычнага пераследу, які працягваецца ў Беларусі.

20 траўня ў Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 39-гадоваму Артуру Ролічу. Яго судзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за данаты на карысць розных беларускіх ініцыятываў. Агучаны прысуд – 9 гадоў пазбаўлення волі. Вядома, што Артура Роліча затрымалі ў Беларусі па вяртанні з-за мяжы.

Артур Роліч.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 9 чалавек. Гэта Аляксандр Пазняк, Віталь Варфаламееў, Аляксандр Тысевіч, Васіль Алексяюк, Мікалай Нікіцюк, Андрэй Салапура, Арцём Ботаў, Аляксандр Якубук, Глеб Клімовіч. Такім чынам, на сённяшні дзень колькасць палітвязняў у Беларусі складае 1410 чалавек.

У Менску пачаўся суд над 18-гадовым студэнтам першага курса БДПУ Германам Лебедзевым. Яго вінавацяць паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Германа затрымалі ў верасні 2023 года, праз месяц пасля наступлення паўналецця, за тое, што нібыта ён «адміністраваў нацыяналістычны чат беларусаў і ўкраінцаў» распаўсюджваў «нацысцкія і экстрэмісцкія матэрыялы».

У Гомлі затрымалі былога міліцыянта Вілена Тургунава за негатыўныя каментары ў інтэрнэце, у тым ліку ў бок супрацоўнікаў міліцыі. Затрыманы актыўна вёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі. Затрыманы таксама сваяк Тургунава – Ігар Казубаў, які служыў у гомельскай міліцыі ў 1990-я, яго судзілі за «распальванне варожасці», «абразу Лукашэнкі», «паклёп на Лукашэнку». Якое пакаранне вынеслі мужчыну, невядома.

Стала вядома аб затрыманні сілавікамі адміністратара чата «Беларусы на Шры-Ланцы». Затрыманага завуць Віктар Чайка, ён таксама з’яўляецца аўтарам ютуб-канала «Дыялогі аб Міры». Прычыны затрымання і абвінавачанні, якія яму выстаўляюць, пакуль невядомыя.

Следчы камітэт распачаў спецвядзенне ў дачыненні да гаспадыні крамы «Адметнасць» Вольгі Верамеевай і жонкі палітвязня Паўла МажэйкіІрыны Чарняўкі. Над жанчынамі збіраюцца правесці завочны суд, інкрымінуючы ім арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).  Дзеля гэтага іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь.

У Гарадзенскім абласным судзе прайшоў суд над лідчуком Паўлам Лукашэвічам. Яго абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абразе суддзі альбо народнага засядацеля» (арт. 391 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК), прысудзіўшы агулам чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 22 тысяч рублёў.

Сёння стала вядома пра затрыманне беларускамоўнага вядоўцы Андрэя Паплаўскага. У канале сілавікоў з’явілася «пакаяльнае відэа», у якім затрыманы «сазнаецца», што прытрымліваўся «мяккіх апазіцыйных поглядаў», быў падпісаны на «Nexta» і перасылаў пасты з гэтага каналу.

У Берасці прайшоў суд над яшчэ пяццю ўдзельнікамі пратэстаў 10 жніўня 2020 года. Паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») асудзілі Маргарыту Ацемасаву, Ганну Васільеву, Арцёма Ботава, Андрэя Салапуру, Аляксандра Якубука. Ім прызначылі ад двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» да паўтара года калоніі.

Таксама сёння стала вядома аб затрыманні сілавікамі жыхара Бабруйска. Яго абвінавачваюць у тым, што ён нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў