У Харкаўскай вобласці працягваюцца баі за Ваўчанск. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 812-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у штурмавой трэніроўцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 траўня 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваецца наступальная аперацыя Узброеных сілаў РФ, разлічаная на стварэнне так званай буфернай зоны каля памежжа, а таксама на сцягванне рэзерваў ЗСУ з іншых участкаў фронту.

Удзень 15 траўня ў Міністэрстве абароны РФ афіцыйна пацвердзілі ранейшыя паведамленні пра захоп расейскімі вайскоўцамі сёлаў Глыбокае і Лук’янцы на поўначы Харкаўскага раёну.

У сваю чаргу ў Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі, што каля Лук’янцаў сілы абароны краіны праз агнявую перавагу праціўніка і штурмавыя дзеянні былі вымушаныя адысці і заняць больш выгадныя пазіцыі.

Аналагічная сітуацыя для ЗСУ склалася на яшчэ адным участку фронту на купянскім кірунку – у Чугуеўскім раёне, – дзе ўкраінцы адышлі з часткі пазіцыяў у ваколіцах гораду Ваўчанск.

Тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» піша, што ў самім Ваўчанску баі змясціліся ў цэнтр гораду, які войскі РФ узялі ў паўкальцо.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «Рыбарь» сцвярджае, што паўночная частка гораду пераважна знаходзіцца пад кантролем УС РФ, разам з тым крыніца адзначае, што прасунуцца на поўдзень будзе складана, бо расейцы самыя знішчылі масты цераз раку Воўча.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць спробы расейскіх вайскоўцаў замацавацца на захадзе ад гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Старыца і Бугруватка, каб у далейшым абысці Ваўчанск з флангу.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў расейцы атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэльмахаўка, Бераставое, Новаягораўка, Пішчанае, Мясажарыўка і Твэрдахлібава на купянскім кірунку і каля Новасадовага на ліманскім.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што войскі РФ прарвалі абарону ўкраінцаў у сяле Бераставое і занялі цэнтральную частку населенага пункту. Пры гэтым удакладняецца, што ЗСУ пачалі вывад сваіх сілаў з сяла.

Мінабароны РФ піша, што самыя Збройныя сілы 10 разоў контратакавалі каля населеных пунктаў Макееўка і Новаягораўка ў Луганскай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На сівэрскім кірункі ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць на выступе па фронце ў ваколіцах сёлаў Спірнае і Раздолаўка, але пакуль істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

На суседнім краматорскім кірункі баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Часаў Яр, які расейцы штурмуюць з усходу, а таксама намагаюцца абысці па флангах з поўначы і поўдня.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў на паўночным фланзе ў ваколіцах сяла Калінаўка.

У гэты ж час «Рыбарь» адзначае, што баі на гэтым участку маюць сустрэчны характар.

Далей на поўдзень па лініі сутыкнення расейцы атакуюць каля населеных пунктаў Клішчыеўка, Андрэеўка і Курдзюмаўка, але поспеху не маюць.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку працягваюцца баі на захадзе ад гораду Аўдзееўка ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Нятайлава і Уманскае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што апошні населены пункт перайшоў пад поўны кантроль УС РФ.

«Рыбарь» піша, што акрамя гэтага расейцы прасунуліся ў пасадках на поўдні ад населенага пункту.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў фіксуе рух Узброеных сілаў РФ і ў сяле Нятайлава.

На курахаўскім кірунку найбольш гарачым участкам фронту застаецца тэрыторыя і ваколіцы Краснагораўкі. Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што цяпер асноўныя баявыя дзеянні змясціліся ў паўночную частку гораду, якая ўяўляе з сябе амаль цалкам зруйнаваны авіяцыяй і артылерыяй праціўніка прыватны сектар.

Далей на поўдзень баі лакалізубцца ў ваколіцах населеных пунктаў Георгіеўка, Пабеда і Парасковіеўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» паведамляе, што войскі зайшлі на тэрыторыю Парасковіеўкі і распачалі баі за сяло.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў расейцы цягам апошніх содняў прынамсі 18 разоў штурмавалі ваколіцы сяла Старамаёрскае. «НгП раZVедка» піша, што ЗСУ паступова выціскаюцца на паўночныя ўскрайкі населенага пункту.

Канал «Воин DV» сцвярджае, што таксама на ўрэмаўскім кірунку расейцы занялі чарговы апорны пункт ЗСУ з поўдня ад гораду Гуляйполе.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што апошні населены пункт цалкам перайшоў пад кантроль расейцаў.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што сяло па-ранейшаму застаецца ў так званай шэрай зоне, а ўсе падыходы да яго знаходзяцца пад кантролем ЗСУ. Пры гэтым праціўнік сапраўды часам намагаецца заехаць у Работына, але замацавацца не можа.

У Херсонскай вобласці расейскія вайскоўцы цягам содняў чатыры разы атакавалі плацдарм сілаў абароны Украіны ў сяле Крынкі на левабярэжжы Дняпра, але прасунуцца не здолелі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў