Курыя Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі пацвердзіла затрыманне ў Шуміліне двух святароў – айца Анджэя Юхневіча і айца Паўла Лемеха, паведамляе CatholicNews.by.
Згодна з паведамленнем, святары з парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне былі затрыманыя 8 траўня. Цяпер яны адбываюць адміністрацыйны арышт: айцец Анджэй Юхневіч – 15 содняў, айцец Павел Лемех – 10 содняў.
«Заахвочваем шаноўных вернікаў памятаць аб гэтых святарах у малітве, каб Дух Святы даў ім неабходныя сілы і ўзмацніў у гэтым выпрабаванні», – гаворыцца ў паведамленні.
Пра затрыманне святароў 9 траўня паведаміла «Хрысціянская візія». Затрыманне адбылося напярэдадні пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліне.
«Калі ўсе раз’ехаліся, у касцёл прыбылі тры машыны з міліцыяй, усе былі ў цывільным. Агледзелі памяшканні і забралі айца Паўла. У той жа час айца Анджэя затрымалі ў дарозе – ён ехаў на сустрэчу», – распавядалі мясцовыя вернікі.
Святароў перавялі ў ізалятар у Віцебску. Судзілі іх дыстанцыйна 10 траўня. У адзін дзень з імі ў Шуміліне затрымалі жанчыну, якая належыць да той самай каталіцкай парафіі. Яна таксама знаходзілася ў зняволенні ў Віцебску, але 11 траўня высветлілася, што яе адпусцілі.
Якуб Хруст belsat.eu