Расейцы перасоўваюцца ў гарадах Ваўчанск і Часаў Яр. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 818-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец 92-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады на варце ўчастку каля гораду Ваўчанск Харкаўскай вобласці, Украіна. 19 траўня 2024 года.
Фота: Inna Varenytsia / Reuters / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскага раёну працягваюцца баі на паўночных ускрайках буйнога сяла Ліпцы. Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ палепшылі сваё становішча, прасунуўшыся на адлегласць да 450 метраў.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – «Рыбарь» – мяркуе, што пра істотныя поспехі каля населенага пункту гаварыць зарана, бо пад кантролем украінцаў па-ранейшаму застаецца панавальная вышыня з паўночнага ўсходу ад Ліпцаў, а таксама шэраг апорных пунктаў каля сяла.

Разам з тым войскі РФ прасунуліся на паўночным усходзе ад Ліпцаў на рубяжы Лук’янцы – Глыбокае, што ўказвае на намер абысці важны населены пункт з флангу.

У Чугуеўскім раёне асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца ў горадзе Ваўчанск, дзе, паводле крыніцы, пад кантролем УС РФ знаходзіцца каля 40% населенага пункту – тэрыторыя з поўначы ад ракі Воўча.

Тым часам тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што расейцы ўжо фарсіравалі раку ў заходняй частцы гораду і прасунуліся па вуліцы Стадыённая ў кірунку мясцовай пажарнай часці.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі атакі праціўніка ў ваколіцах сяла Іванаўка. Цяпер баі працягваюцца каля населеных пунктаў Сынькоўка і Бераставое.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся каля сяла Стэльмахаўка на Луганшчыне (на поўдні ад Бераставога).

Больш спакойная сітуацыя назіраецца на суседнім ліманскім кірунку, дзе расейцы цягам содняў не праводзілі наступальных дзеянняў. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» мяркуе, што зацішша звязанае з перавагай украінцаў у FPV-дронах, дзейнасць якіх не дазваляе праціўніку бяспечна перасоўвацца.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы цягам содняў атакавалі каля населеных пунктаў Выемка і Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Між тым «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся з поўначы ад сяла Вясёлае да Раздолаўкі, выбіўшы праціўніка з лесапаласы і апорнага пункту.

Тым часам удакладнілася сітуацыя ў ваколіцах Белагораўкі ў Луганскай вобласці (на поўдні ад ракі Сівэрскі Данец), пра захоп якой раней заявілі ў Міністэрстве абароны РФ.

Канал «Два майора» піша, што войскі РФ занялі некалькі апорных пунктаў, што і стала ў выніку падставай для паведамленняў пра поўны кантроль над населеным пунктам.

Праўкраінскі «Офіцер» паведамляе пра цяжкія баі на ўсходніх ускрайках Белагораўкі, пры гэтым пад кантролем расейцаў знаходзіцца ўсяго некалькі крайніх вуліц.

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць у Deepstate, публікуючы кадры знішчэння расейскай тэхнікі.

Пры гэтым за ўкраінцамі па-ранейшаму застаецца ключавая вышыня – адвал мелавога кар’еру, – кантроль над якой стратэгічна больш важны, чым над руінамі населенага пункту.

На краматорскім кірунку працягваюцца цяжкія баі ў ваколіцах гораду Часаў Яр. «Рыбарь» піша, што за апошні час расейцы прасунуліся ўздоўж трасы О0506, якая плаўна пераходзіць у вуліцу Зялёная на ўсходзе гораду, да дамоў каля мясцовай вучэльні.

З поўначы ад гэтага ўчастку войскі РФ расшырылі зону кантролю каля лецішчаў з усходу ад рамонтнага заводу, на тэрыторыі якога цяпер ідуць баі.

Адначасова з гэтым расейцы прасунуліся на паўднёвым фланзе ад гораду, амаль цалкам заняўшы тэрыторыю заказніку Ступкі-Галубоўскія-2. Цяпер лінія сутыкнення праходзіць і каля паўднёвых ускрайкаў мікрараёну гораду, які ляжыць з усходу ад каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

«НгП раZVедка» паведамляе, што ніжэй па фронце Узброеныя сілы РФ занялі сяло Клішчыеўка, але пры гэтым ЗСУ захоўваюць за сабой прылеглыя панавальныя вышыні, праз што прынамсі паўднёва-заходняя частка населенага пункту будзе заставацца ў так званай шэрай зоне.

Канал «Офіцер» прызнае невялікія поспехі расейцаў на поўначы сяла, але адмаўляе захоп Клішчыеўкі, паколькі войскі РФ не маюць магчымасці замацавацца ў іншых частках зруйнаванага сяла.

Іншая праўкраінская крыніца – «Бахмутський Балу» – піша, што асобныя пазіцыі ў Клішчыеўцы часцяком пераходзяць з рук у рукі.

Яшчэ ніжэй па лініі сутыкнення расейскія вайскоўцы атакавалі каля сяла Андрэеўка, але прасунуцца не здолелі.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку, па інфармацыі ўкраінскага камандавання, ЗСУ за мінулыя содні адбілі 11 атак праціўніка. Цяпер войскі РФ наступаюць у ваколіцах населеных пунктах Яўгенаўка, Сокал, Навасёлаўка Першая, Севернае і Нятайлава.

Мінабароны РФ піша, што самыя Збройныя сілы контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Агулам, нягледзячы на паступовыя прасоўванні расейцаў на кірунку за апошні час, ЗСУ ўдалося стабілізаваць фронт на захадзе ад страчанай Аўдзееўкі.

На курахаўскім кірунку УС РФ ціснуць у горадзе Краснагораўка, каля Пабеды і ў цэнтральнай частцы сяла Парасковіеўка, але сітуацыя застаецца кантраляванай для Сілаў абароны Украіны.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў. Тут за апошнія дні расейцы прасунуліся на паўднёвым усходзе ад сяла Работына і на захадзе ад суседняга Вэрбовага.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што цяпер пад кантролем ЗСУ застаецца каля 20% Работына, астатняя частка знаходзіцца ў шэрай зоне, бо праціўнік не можа ў ёй замацавацца.

У Херсонскай вобласці працягваюцца лакальныя сутычкі ў астраўной зоне Дняпра і на левабярэжжы, але істотных зменаў па лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў