Нікол Пашыньян: Дзве краіны АДКБ падтрымлівалі Азербайджан у падрыхтоўцы вайны супраць Арменіі


Нікол Пашыньян зрабіў заяву, што дзве краіны, якія ёсць сябрамі АДКБ, а значыць, фармальнымі хаўруснікамі Арменіі, падтрымлівалі Азербайджан у падрыхтоўцы вайны ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян. Гюмры, Арменія. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: primeminister.am

Такую заяву зрабіў 21 траўня Нікол Пашыньян у парламенце Арменіі. Што гэта за краіны, прэм’ер не ўдакладніў.

«Я ведаю як мінімум дзве краіны АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны стварылі імітацыю таго, што хочуць нам дапамагчы або што яны нібыта нам дапамаглі», – сказаў Нікол Пашыньян.

Армянскі прэм’ер-міністр адзначыў, што гэтая вайна была нават не за Нагорны Карабах, бо вышэйзгаданыя краіны задоўга да тых падзеяў «закрылі паміж сабой» пытанне гэтых тэрыторыяў, мэтай жа вайны ў 2020 годзе было неіснаванне незалежнай дзяржавы Рэспубліка Арменія.

Пры гэтым армянскі лідар заявіў, што пацвярджэнне гэтай інфармацыі ён фактычна атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі, які «сказаў тое, што я спрабаваў сказаць Рэспубліцы Арменія вось ужо чатыры гады: у падрыхтоўцы да 44-дзённай вайны 2020 года нашыя хаўруснікі ўдзельнічалі не на нашым баку».

44-дзённая вайна ў Нагорным Карабаху цягнулася з 27 верасня да 10 лістапада 2020 года. У верасні 2023 года адбылося чарговае абвастрэнне сітуацыі, пасля чаго войскі армянскай арміі пакінулі тэрыторыю Нагорнага Карабаху і ён перайшоў пад кантроль Азербайджану.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў