Расейцы прасунуліся ў Часавым Яры і занялі Клішчыеўку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 819-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пажарныя працуюць на месцы ўдару расейскага беспілотніка па прыватнаму будынку ў прыгарадзе Харкава, Украіна. 21 траўня 2024 года.
Фота: Sergey Bobok / AFP / East News

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Украіны працягваюцца баі каля буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна, але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Выданне BILD мяркуе, што ўкраінцам удалося спыніць праціўніка на гэтых участках фронту дзякуючы пастаўкам амерыканскай зброі.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Военкор Котенок» піша, што прасоўванні войскаў РФ застопарыліся пры падыходзе да першых падрыхтаваных пазіцыяў праціўніка, акрамя гэтага ўкраінцы дасягнулі перавагі ў жывой сіле за кошт увядзення рэзерваў.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў на купянскім кірунку Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка, Бераставое і Іванаўка.

У гэты ж час на суседнім ліманскім кірунку расейскія вайскоўцы наступалі на левым беразе ракі Жарабец каля сёлаў Макееўка, Невельскае і Церны, але прасунуцца не здолелі.

Агулам, паводле ўкраінскага ведамства, сітуацыя на паўночным усходзе краіны застаецца кантраляванай.

У сваю чаргу Міністэрства абароны РФ заявіла пра паляпшэнне становішча сваіх вайскоўцамі на пярэднім краі ў ваколіцах сёлаў Іванаўка і Макееўка.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім кірункі расейцы ціснуць на ўсходзе аднайменнага выступу каля населеных пунктаў Белагораўка, Выемка і Раздолаўка, але пакуль значных поспехаў не маюць.

У гэты ж час цяжкая для ЗСУ сітуацыя назіраецца на краматорскім кірунку.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні Узброеных сілаў РФ у горадзе Часаў Яр.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што расейцы праводзяць масавыя штурмы і маюць поспех у мікрараёне з усходу ад каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

Мінабароны РФ піша, што ніжэй па лініі сутыкнення пад іхны кантроль цалкам перайшла тэрыторыя зруйнаванага сяла Клішчыеўка (на поўдні ад гораду Бахмут).

Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што агулам расейцы прасунуліся на адлегласць да аднаго кіламетра, а таксама выбілі ЗСУ з панавальнай вышыні 215,7 метра ў ваколіцах населенага пункту.

Адзначаецца, што ў такой сітуацыі ўкраінскія вайскоўцы пачалі адыход за канал у ваколіцах сяла Белая Гара.

Іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь», – мяркуе, што поспехі войскаў РФ на краматорскім кірунку сталі вынікам перакідання часткі падраздзяленняў ЗСУ на поўнач Харкаўскай вобласці.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ фіксуецца і на пакроўскім кірунку, дзе яны цягам апошніх содняў правялі не менш за 37 атак.

У Deepstate пішуць, што пры гэтым расейцы прасунуліся каля населеных пунктаў Сокал, Нятайлава і Салаўёва.

«Военкор Котенок» піша, што цяпер у Нятайлаве за ЗСУ застаўся апошні невялікі апорны пункт на поўдні сяла.

Тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што ўкраінцы пачалі адыход у бок суседняй Карлаўкі.

Расейскае камандаванне паведамляе пра адбіццё сямі контратак праціўніка каля сёлаў Архангельскае, Салаўёва, Нятайлава і Уманскае.

На курахаўскім кірунку працягваюцца баі ў горадзе Краснагораўка, а таксама ў ваколіцах сяла Парасковіеўка.

«Рыбарь» піша, што расейцы крыху расшырылі зону кантролю з поўдня ад апошняга населенага пункту, наступаючы ўздоўж лесапалосаў у бок суседняй Канстанцінаўкі.

Між тым вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ гавораць, што Сілам абароны Украіны ўпершыню за доўгі час удалося спыніць праціўніка на ўсіх асноўных участках кірунку.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці расейцы зноў атакавалі на так званым урэмаўскім выступе каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але поспеху не мелі.

У Запарожскай вобласці УС РФ праводзяць штурмавыя дзеянні на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў. «Рыбарь» фіксуе заняцце пазіцыяў на паўночных ускрайках зруйнаванага сяла Работына.

У Херсонскай вобласці расейцы тройчы безвынікова атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з плацдарму ў ваколіцах сяла Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў