Ад хіджаба да бікіні яшчэ адзін крок

Ніхто не мог сабе ўявіць у гэты нядзельны вечар, што загалоўкі навінавых агенцтваў раптам застракацяць навіной аб знікненні ўрадавага верталёта ў Іране. Што здарылася?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ўскладаюць кветкі каля амбасады Ірану ў Маскве ў памяць аб прэзідэнту Ірану Эбрагіме Раісі, міністру замежных справаў Гусэйне Аміры-Абдулагіяне і іншых іранскіх афіцыйных асобах, якія загінулі ў нядзелю ў выніку падзення верталёта ў Іране. Масква, Расея. 20 траўня 2024 года.
Фота: Sefa Karacan / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Адныя спасылаліся на іранскія крыніцы і пісалі пра цвёрдую пасадку, іншыя – пра тое, што верталёт разбіўся. На борце былі прэзідэнт краіны Эбрагім Раісі, міністр замежных справаў Ірану Гусэйн Амір-Абдулагіян і яшчэ некалькі чыноўнікаў, імёны якіх нічога не гавораць замежнай публіцы.

Камісія яшчэ не зрабіла ніякіх высноваў аб прычыне катастрофы, але афіцыйныя СМІ як на каманду паўтараюць аб «жахлівых умовах надвор’я». Вельмі паказальна, што больш за ўсіх пра гэта гаворыць камандуючы іранскай арміяй.

Невядома, ці мае катастрофа рукатворны характар, як і невядома, наколькі яна можа паўплываць на далейшую палітыку самой краіны і адносіны Ірану з Расеяй. Бо кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў рабіў стаўку на Раісі, заключыўшы з ім шэраг дамоваў.

Меркаванні
Адэкватнасць як гарантыя бяспекі. Як будуць паводзіць сябе іранскія аятолы?
2023.10.18 18:02

Што ж цяпер? Гэта ж менавіта прэзідэнт Ірану быў куратарам паставак БПЛА для расейскага войска. Цяпер з «Шагэдамі», якія бамбуюць мірныя ўкраінскія гарады, могуць пачацца праблемы. Але ёсць для Расеі яшчэ адзін небяспечны момант – Іран можа пайсці на нармалізацыю адносінаў з ЗША, а гэта можа разбурыць расейскія планы аб развіцці важнага для яе транспартнага калідору Поўнач – Поўдзень і яшчэ больш узмацніць яе міжнародную ізаляцыю. А гэта ўскладніць умяшанне Расеі ў супрацьстаянне Арменіі і Азербайджану.

Хутчэй за ўсё, гібель Раісі можа прывесці да яшчэ большага ўзмацнення духавенства на чале з кланам Хамэнэі. На сённяшні дзень Іран – адна з нешматлікіх існых тэакратыяў у свеце.

Дзяржаву ўзначальвае найвышэйшы кіраўнік, яго абіраюць пажыццёва. Цяпер гэта Алі Хамэнэі. Тады як прэзідэнта выбіраюць на чатыры гады, і ён можа заставацца на пасадзе не больш за два тэрміны. Ён усяго толькі выконвае прадстаўнічыя функцыі. Пасля таго як пасада прэмʼер-міністра ў краіне была скасаваная, гэтыя функцыі сумяшчае прэзідэнт.

Сам цяперашні найвышэйшы кіраўнік быў прэзідэнтам з 1981 да 1989 года пасля таго, як быў забіты ягоны папярэднік, месяца не прабыўшы на пасадзе. Гэта пры ім у 1988 годзе былі пакараныя смерцю тысячы палітычных зняволеных.

Тады адным з чатырох арганізатараў камісіі гэтага жудаснага судзілішча быў цяперашні нябожчык Эбрагім Раісі. Гэтую камісію ў народзе празвалі «камітэтам смерці». Раісі асабіста глядзеў на пакаранне смерцю суайчыннікаў. Забівалі нават дзяцей. 13-гадовых падлеткаў забівалі за раз па шэсць чалавек – вешалі іх на кранах.

Раісі зарабіў сабе на гэтым мянушку «тэгеранскі мяснік». Яго паплечнікі знаходзілі ў кішэнях ахвяраў грошы, а Раісі на іх арганізоўваў вечарынкі. Да гэтага часу невядомая дакладная колькасць забітых. Некаторыя інфармацыйныя агенцтвы, у прыватнасці, «The Telegraph», пісалі тады пра 30 тысяч забітых ахвяраў рэжыму.

Калі з правамі і свабодамі чалавека ўсё зразумела, то, можа, ісламская рэвалюцыя садзейнічала развіццю эканомікі? Тым больш, што еўрапейскія краіны не былі гандлёвымі партнёрамі Ірану. У гэтай галіне іх санкцыі для яго не страшныя. Іран як экспартаваў энергарэсурсы, так і працягвае гэта рабіць. Нафту і газ купляюць Арабскія Эміраты, Турцыя, Індыя і Кітай. Але ёсць санкцыі іншага характару, якія ўплываюць на фінансавую сферу.

Эканоміка Ірану ў цяжкім стане яшчэ і ў выніку карупцыі. Некаторыя аналітыкі лічылі, што на змену 86-гадоваму Алі Хамэнэі прыйдзе ягоны сын Маджтаба або Раісі. Магчыма, Хамэнэі заменяць на кіроўную раду з некалькіх чалавек. Але ці змогуць яны ажыццявіць працэс перадачы ўлады за зачыненымі дзвярыма?

Хаця пакуль жа Хамэнэі жывы. Пакуль. Літаральна пару гадоў таму, у 2022-м, Іран скаланалі масавыя пратэсты. Людзі выходзілі на вуліцы, патрабуючы свабоды. Тэрор сілавікоў прывёў да шматлікіх ахвяраў. Але незадаволенасць людзей перамагчы не здолеў. На чале пратэстаў сталі жанчыны. Іх адразу падтрымалі мужчыны.

Менавіта хіджаб, і асабліва прымусовае яго нашэнне, стаўся сімвалам аўтарытарнага рэжыму аятолаў. Жанчыны падчас пратэстаў спальвалі на камеры хіджабы і стрыглі валасы.

Зневажанне правоў іранцаў пачалося з жанчын. Першы ж указ аяталы Хамэнэі ў 1979 годзе быў накіраваны менавіта супраць правоў жанчын. Улады тады задушылі дэманстрацыі, але ці дапамогуць ім забарона камунікацыі з навакольным светам і грубая сіла яшчэ раз задушыць унутраны пратэст, калі ён выбухне з новай сілай? Ці зробіцца Іран свецкай дзяржавай, ці змогуць жанчыны зноў смела хадзіць па вуліцах, смяяцца, сядзець у кафэ, кіраваць аўтамабілямі, як мы гэта ўжо бачылі на старых фатаграфіях і ў фільмах.

Можна, як аказалася, загнаць цэлую краіну «пад плінтус».

Ці зможа яна зноў заняць сваё годнае месца сярод роўных? Напэўна, шмат хто задаецца цяпер пытаннем: ці зможа смерць Раісі нешта змяніць у краіне? Ці змятуць ненавіснага Алі Хамэнэі свежыя сілы?

Здаецца, што не давядзецца чакаць занадта доўга. Іран цяперашні вельмі нагадвае тагачасны СССР. Хто тады мог ведаць, да якіх жудасных наступстваў прывядзе тая самая рэвалюцыя?

Аналітыка
Магчымасць пераменаў у Іране або кірунак на агрэсію. Як смерць прэзідэнта паўплывае на краіну?
2024.05.20 16:13

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў