«Аталянта» перамагла ў Лізе Еўропы, каманда ўзяла трафей упершыню з 1963 года


«Аталянта» ўпершыню ў гісторыі перамагла ў другім паводле значнасці клубным турніры Старога Свету – Лізе Еўропы.

Гульцы і галоўны трэнер «Аталянты» Джан Пʼера Гаспэрыні (першы справа) падчас цырымоніі ўзнагароджання пасля фінальнага матчу Лігі Еўропы УЕФА паміж «Аталянтай» і «Баерам» у Дубліне, Ірландыя, 22 траўня 2024 г.
Фота: Michele Maraviglia / Xinhua News Agency / Forum

Каманда з італьянскага Бэргама ў фінале разграміла з лікам 3:0 левэркузэнскі «Баер». Сустрэча адбылася на забітым пад завязку дублінскім стадыёне «Aviva», што змяшчае амаль 52 тысячы гледачоў. Матч абслугоўвала брыгада арбітраў на чале з румынам Іштванам Ковачам.

Ужо на 12-й хвіліне сустрэчы нападнік «Аталянты» Адэмола Лукмэн з галявой перадачы Давідэ Дзапакосты адкрыў лік у гульні. Затым на 26-й нігерыйскі форвард забіў другі мяч, аформіўшы дубль. Пасля перапынку, на 75-й хвіліне, усё той жа Адэмола Лукмэн аформіў хет-трык, давёўшы лік у матчы да разгромнага.

Лукман – другі гулец у гісторыі фіналаў Лігі Еўропы / Кубка УЕФА, які вызначыўся хет-трыкам у фінале Еўракубка. Першым тры мячы ў галоўным старце забіў Юп Гайнкес у 1975 годзе за мёнхэнглядбахскую «Барусію». Раней ні разу афрыканскі футбаліст не забіваў больш за адзін гол у фінале Еўракубкаў.

«Гэта адзін з найлепшых дзён майго жыцця. Неймаверная  гульня ў выкананні ўсёй каманды. Мы гэта зрабілі – фантастыка! Рады проста ад таго, што мы перамаглі. Сёння мы ўвайшлі ў гісторыю», – пракаментаваў гульню паўабаронца «Аталянты» Адэмола Лукмэн.

Галоўны трэнер «Аталянты», 66-гадовы Джан-Пʼера Гаспэрыні, упершыню за сваю трэнерскую кар’еру заваяваў трафей. За восем сезонаў ён зрабіў з правінцыйнай і мала каму цікавай «Аталянты» сапраўдны феномен. Мала таго, што бэргамаскія гульцы некалькі разоў траплялі ў тройку найлепшых у серыі «А», дык яны яшчэ і тройчы пацярпелі паразу ў фінале Кубка Італіі.

«Мы ўсе творцы гэтага гістарычнага дасягнення. Бэргама – невялікі горад, але паглядзіце, колькі тут нашых заўзятараў! Футбалісты правялі выдатны матч. Імкнуліся не даць «Баеру» гуляць у футбол, паглядзіце на тры прыгажуны мячы, якія мы забілі. У гэтай Лізе Еўропы мы правялі цудоўныя матчы са «Спортынгам», «Лівэрпулам». Гэта быў складаны шлях»! – сказаў Гаспэрыні.

Галоўны трэнер «Аталянты» Джан-Пʼера Гаспэрыні.
Фота: Yannis Halas / imago sport / Forum

У сёлетнім сезоне «Баер» упершыню прапусціў тры мячы і не забіў ніводнага за матч. Клуб з Левэркузэну падышоў да фіналу Лігі Еўропы з 51 двубоем без паразаў ва ўсіх турнірах. Гэта рэкорд для Топ-5 лігаў еўрапейскага футболу. Апошні раз Шабі Алёнса і кампанія саступалі яшчэ летась, у заключнай гульні нацыянальнага чэмпіянату, «Бохуму». Сёлетняе першынство Нямеччыны «Баер» прайшоў без паразаў, такое адбылося ўпершыню ў гісторыі Бундэслігі. Ужо менш чым праз два дні, у суботу 25 траўня, каманду чакае яшчэ фінал Кубка Нямеччыны супраць «Кайзэрсляўтэрну».

«Мусім павіншаваць «Аталянту», яны сёння былі найлепшыя. Мы не змаглі згуляць у сваю гульню, а яны дзеялі вельмі інтэнсіўна. Настрой гульцоў быў добры, але ў нас былі праблемы. Нам не ўдавалася ствараць галявыя моманты», – сказаў Шабі Алёнса, галоўны трэнер «Баеру».

Згодна з рэгламентам, пераможца фіналу Лігі Еўропы атрымоўвае наўпроставую пуцёўку ў Лігу чэмпіёнаў на наступны сезон. Але абедзве каманды пропуск туды ўжо сабе забяспечылі. «Аталянта» за дзве гульні да заканчэння чэмпіянату Італіі не апусціцца ніжэй за пятае месца. «Баер», у сваю чаргу, упершыню ў гісторыі клубу заваяваў залатыя медалі Бундэслігі.

Адэмала Лукмэн святкуе перамогу пасля фінальнай гульні ў Лізе Еўропы УЕФА.
Фота: Mika Volkmann / imago sport / Forum

Кубак, што ўручаецца за перамогу ў Лізе Еўропы, прадстаўляе сабой срэбную ёмістасць вагой 15 кілаграмаў і вышынёй 65 сантыметраў. Трафей у выглядзе срэбнага кубка быў распрацаваны і выраблены ў міланскай майстэрні «Бэртоні». Фігуры гульцоў, якія змагаюцца за мяч, размешчаныя крыху вышэй за платформу, нясуць не толькі дэкаратыўную функцыю, але і надаюць устойлівасць усёй канструкцыі: на іх абапіраецца васьмігранны кубак з эмблемай УЕФА.

У суботу, 1 чэрвеня, стане вядомы пераможца і галоўнага клубнага турніру Старога Свету – Лігі Чэмпіёнаў УЕФА. За ганаровы трафей паспрачаюцца: дортмундская «Барусія», якая ў паўфінале пакінула за бортам французскі «Пары Сэн-Жэрмэн», згуляе з 14-разовым пераможцам турніру, мадрыдскім «Рэалам». Каралеўскі клуб у ½ фіналу паводле сумы двух матчаў адолеў мюнхенскую «Баварыю» з агульным лікам 4:3. Гэта будзе 69-е разыгранне галоўнага клубнага турніру УЕФА і 32-е з моманту яго ператварэння ў Лігу чэмпіёнаў. Фінал пройдзе на славутым лонданскім стадыёне «Ўэмблі», які пасля рэканструкцыі можа змясціць 90 тысяч гледачоў. Галоўным арбітрам фінальнага двубою прызначаны славенец Слаўка Вінчыч. Для 44-гадовага рэферы гэта будзе другі фінал еўракубка: у 2021-м ён судзіў фінал Лігі Еўропы ў Сэвіллі, з удзелам нямецкага «Айнтрахту» і шатландскага «Рэйнджэрзу».

14-га жніўня адбудзецца матч за Суперкубак УЕФА. За трафей паспрачаюцца: «Аталянта»(сёлетні пераможца Лігі Еўропы) і наймацнейшы з фінальнай пары Лігі Чэмпіэнаў «Рэал» – «Барусія». Фінал Суперкубка пройдзе ў Варшаве на нацыянальным стадыёне.

Інтэрв’ю
Кацярына Сныціна: «Зуб даю, што больш не вярнуся ў прафесійны баскетбол у якасці гульца!»
2024.05.22 14:32

Павел Алейнікаў belsat.eu

Стужка навінаў