Расея ўдарыла па Харкаве авіябомбамі. Ёсць загінулыя


У суботу 22 чэрвеня расейская армія нанесла ўдары кіраванымі авіябомбамі па Харкаве. У выніку загінулі як мінімум тры чалавекі, 29 былі параненыя.

Наступствы ўдару Расеі па Харкаву 22 чэрвеня 2024 года.
Фота: Klymenko_MVS / Telegram

«Акупанты нанеслі ўдары па Харкаве. Месцы траплянняў правяраюць экстранныя службы… Акупанты КАБамі (карэктуемыя авіябомбы – рэд.) ударылі па жылой забудове», – паведаміў у 15:19 кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінегубаў.

Паводле мэра Харкава Ігара Церахава, па горадзе былі нанесеныя чатыры ўдары. Авіябомбай была часткова зруйнаваная сцяна жылога дому і цалкам знішчаныя кватэры як мінімум на трох паверхах.

Па стане на 17:00 вядома пра трох загінулых і 29 параненых. Працягваецца разбор завалаў.

Абстрэл Харкава пракаментаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Гэты расейскі тэрор кіраванымі авіябомбамі павінен быць спынены і можа быць спынены. Патрэбныя моцныя рашэнні партнёраў, каб мы маглі знішчаць расейскіх тэрарыстаў і расейскую баявую авіяцыю там, дзе яны ёсць. Мы ўжо даказалі, што абараніць людзей і жыцці ад ракетнага тэрору рэальна, у прыватнасці, ачысткай памежных рэгіёнаў ад пускавых установак тэрарыстаў. Трэба абараніць і ад бомбаў. Патрэбная гэтая рашучасць».

Hавiны
Колькасць ахвяраў ракетнага ўдару па Харкаву вырасла да 9 чалавек
2024.06.01 20:02

У траўні бягучага года расейскія войскі аднавілі наступ на Харкаўскім кірунку. Удзень 25 траўня быў абстраляны гіпермаркет «Эпіцэнтр» у адным са спальных раёнах гораду. Потым удары былі нанесеныя па цэнтры Харкава. Тады загінулі не менш за 19 чалавек, 79 былі параненыя.

Яшчэ адзін удар па Харкаве расейскія войскі нанеслі ўноч на 31 траўня. Адна з ракетаў трапіла ў жылы дом, цалкам знішчыўшы тры паверхі. Тады загінулі 9 чалавек.

Hавiны
Поспехі расейцаў пад Харкавам або ІПСА? Што адбываецца ва Украіне?
2024.06.13 19:40

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў