У Беларусі трох чалавек абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на расейскай чыгунцы


ГУБАЗіК МУС Беларусі паведаміў аб затрыманні жыхара Берасця і двух расейцаў, якіх затрымалі за спробу рабавання дома бізнесоўца, але па выніку абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на расейскай чыгунцы. Пра гэта гаворыцца ў сюжэце тэлеканалу «Беларусь 1».

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.
Крыніца: mlyn.by

У сюжэце паказалі фрагмент паказанняў затрыманага мінулай восенню 37-гадовага жыхара Берасця, які нібыта падпісаў здзелку са следствам. На ім ён кажа, што ў 2013 годзе займаўся перавозкай тавараў ва Украіну, дзе і пазнаёміўся з грамадзянінам гэтай краіны, які пазней стаў «куратарам украінскіх спецслужбаў».

Прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Дзяніс Азаранка заявіў, што затрыманы нібыта пазнаёміўся з двума жыхарамі Расеі і дамовіўся з імі выконваць заданні ўкраінскіх спецслужбаў.

У сюжэце БТ сцвярджаецца, што берасцеец і расейцы вырашылі наладзіць серыю тэрактаў на расейскай чыгунцы. У ліпені яны накіраваліся ў Бранск, дзе знайшлі схованку, але ў ёй былі муляжы, паколькі яе да гэтага знайшлі спецслужбы.

Затрымалі іх чамусьці не падчас ускрыцця схованкі, а пазней, падчас спробы рабавання дома бізнесмена.

У сюжэце БТ заявілі, што берасцеец абвінавачваецца па пяці артыкулах КК Беларусі, «у тым ліку разбой і тэрарызм».

Інфармацыю пра абвінавачванні на адрас расейцаў не агучвалі нібыта «у інтарэсах следства».

Беларускія «рэйкавыя партызаны» актыўна дзейнічалі ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі з Беларусі на Кіеў ішлі расейскія войскі. Але «рэйкавыя партызаны» тады не падрывалі ўласна рэйкі, а псавалі тэхніку без чалавечых ахвяраў.

Украінскія медыі прыпісваюць СБУ разнастайныя дыверсіі ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны, ды ва ўсіх гэтых акцыях агульная рыса – нацэленасць не на максімальныя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, а на шкоду войскам або акупацыйным уладам.

У Беларусі не былі пацверджаныя амаль ніякія акцыі СБУ – хіба прадстаўнік BYPOL і Аб’яднанага пераходнага кабінету Аляксандр Азараў сцвярджаў, што СБУ аказвала спрыянне ў арганізацыі атакі дронамі на расейскі «лятучы радар» A50 у Мачулішчах. БТ яшчэ да прызнання Азарава вінаваціў СБУ ў акцыі, ды матэрыял атрымаўся з шэрагам нестыковак.

Каментар
Эксперт: КДБ Беларусі важна паказаць сваю значнасць перад ФСБ Расеі і асабіста Лукашэнкам
2024.04.02 16:38

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў