Стан стабільна цяжкі і сярэдняй ступені цяжкасці: што з пацярпелымі ў ДТЗ пад Докшыцамі?


Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя распавяла пра стан пацярпелых у аварыі з мікрааўтобусам, якая адбылася ў Докшыцкім раёне 21 чэрвеня.

ДТЗ у Докшыцкім раёне.
Фота: МУС Беларусі / Telegram

У вынікі сутыкнення легкавога аўтамабіля з мікрааўтобусам у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці пацярпелі 11 чалавек, з іх 8 дзяцей. Адразу пасля здарэння ўсіх даставілі ў Докшыцкую цэнтральную раённую лякарню.

Увечары 21 чэрвеня пяцёра пацярпелых – адзін дарослых і чацвёра дзяцей – былі шпіталізаваныя ў аддзяленне рэанімацыі Докшыцкай лякарні ў цяжкім стане. Астатніх пацыентаў – сярэдняй ступені цяжкасці – шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленне шпіталю.

Для правядзення кансіліумаў і надання неабходнай дапамогі ў докшыцкі шпіталь прыбылі дактары рэспубліканскага ўзроўню – пяцёра нейрахірургаў з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, спінальны хірург і траўматолаг з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, анестэзіёлаг-рэаніматолаг і траўматолаг з больніцы хуткай дапамогі Менску, анестэзіёлаг-рэаніматолаг і дзіцячы хірург з БДМУ і анестэзіёлаг-рэаніматолаг з РНПЦ дзіцячай хірургіі.

Двое цяжкіх пацыентаў былі пераведзеныя для надання дапамогі ў больніцу хуткай медычнай дапамогі ў Менск, яшчэ адзін – у сталічны РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Аднаго чалавека перавялі ў Віцебскі абласны клінічны шпіталь, дваіх дзяцей – у Віцебскі абласны дзіцячы шпіталь. Аднаго з дзяцей перавялі ў Глыбоцкую цэнтральную раённую больніцу.

Адзін пацыент застаецца ў хірургічным аддзяленні докшыцкага шпіталю. Астатніх пацярпелых перавялі на амбулаторнае лячэнне.

Стан траіх пацярпелых, якіх перавялі ў Менск, стабільна цяжкі, пераведзеных у Віцебск, – сярэдняй ступені цяжкасці. Ува ўсіх дыягнаставаныя спалучаныя траўмы: чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, удары, ірваныя раны.

Hавiны
У сутыкненні трактара і маршруткі пад Бабруйскам пацярпелі трынаццаць чалавек
2024.06.04 21:01

ДТЗ адбылося 21 чэрвеня а 19:30 на 107-м кіламетры трасы Р-3 (Лагойск – Глыбокае – мяжа Латвіі). 47-гадовы кіроўца  «Volkswagen Passat» не саступіў дарогі мікрааўтобусу «Iveco Daily», які перавозіў каманду маладых спартоўцаў. У выніку сутыкнення абодва транспартавыя сродкі вылецелі ў кювет.

Кіроўца «Volkswagen Passat» і ягоная 36-гадовая пасажырка загінулі на месцы.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 КК РБ («Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартавым сродкам, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць двух чалавек»).

4 чэрвеня на трасе Бабруйск – Мазыр каля вёскі Брожка Бабруйскага раёну сутыкнуліся маршрутка і трактар. У выніку аварыі пацярпелі 13 чалавек.

20 лютага 2023 года паміж Менскам і Смалявічамі маршрутка сутыкнулася з «МАЗам», у выніку чаго загінулі 13 асобаў. Правяранне паказала, што цяжкавік цягам двух гадоў не праходзіў тэхагляду.

Hавiны
На Гарадзеншчыне маршрутка сутыкнулася з трактарам. Дзесяць пацярпелых
2024.04.06 16:23

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў