Палітзняволены журналіст і актывіст польскай меншасці Беларусі Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы. Адпаведнае рашэнне прынялі дэпутаты гарадской рады польскай сталіцы, паведамляе polskieradio.pl.
«Калі мы не можам прымусіць рэжым яго вызваліць, мы можам зрабіць так, каб вакол яго справы не было цішыні», – пракаментаваў падзею польскі палітык Роберт Тышкевіч.
Анджэй Пачобут – журналіст, сябра не прызнанага лукашэнкаўскімі ўладамі Саюзу палякаў. Працаваў над тэмамі, звязанымі з гісторыяй спецслужбаў СССР, антысавецкім супрацівам у Заходняй Беларусі і Арміяй Краёвай.
Ягоныя публікацыі выходзілі ў незалежных гарадзенскіх газетах «Пагоня», «День» і «Местное время», а таксама ў «Народнай волі» і штотыднёвіку Саюзу палякаў «Głos znad Niemna». Пачобут рэдагаваў часопіс аб’яднання «Magazyn Polski na Uchodźstwie», быў карэспандэнтам польскіх медыяў «Gazeta Wyborcza» і «Radio Wnet».
Пачобуту 53 гады, ён жанаты, мае дачку і сына.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Горадні ў так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюзу палякаў Беларусі.
За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939 года Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы». У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне.
8 лютага 2023 года ў абласным судзе Горадні суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
26 траўня суддзя Вярхоўнага Суда Беларусі Ігар Любавіцкі адхіліў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута на вынесены яму прысуд. Разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме. Пасля гэтага Анджэя перавялі са следчага ізалятару ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку.
У кастрычніку 2022 года КДБ РБ унёс Анджэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў.
У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Анджэя Пачобута трымалі ў ШІЗА і не давалі неабходных лекаў. У зняволенага абвастрыліся даўнія праблемы са здароўем: у лістах ён скардзіўся на болі страўніку, у яго быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца. З 26 лютага сёлета пра яго няма ніякіх вестак. Увесь гэты час вызваліць журналіста спрабуе польская дыпламатыя, аднак безвынікова. Анджэй Пачобут застаецца козырам у рукаве беларускага рэжыму ў яго адносінах з Польшчай.
Ася Саковіч belsat.eu