Каталіцкага святара Паўла Лемеха судзілі паўторна


Святара з Шуміліна Паўла Лемеха не выпусцілі на волю і судзілі паўторна, паведамляе «KATOLIK.LIFE». Ён меўся выйсці 18 траўня пасля 10 содняў адміністратыўнага арышту.

Затрыманыя святары Анджэй Юхневіч і Павел Лемех.
Фота: Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ! / Telegram

Сутнасць абвінавачванняў супраць айца Паўла Лемеха ўсё яшчэ невядомая.

«Калі святара не вызвалілі ў суботу, вернікі зразумелі, што яго перазатрымалі паводле новага абвінавачвання і чакалі суда ў панядзелак. Аднак, мяркуючы з усяго, працэс адбыўся ў аўторак. У ізалятары часовага ўтрымання ў Віцебску, дзе з 8 траўня ўтрымліваўся святар, удзень 21 траўня адказвалі, што “на гэты момант ён адсутнічае”, адмовіўшыся растлумачыць, з якой прычыны. Відавочна, у той час над ім ішоў новы суд. Увечары ў ізалятары таксама адмовіліся паведаміць, ці тут айцец Павел», – піша «KATOLIK.LIFE».

Пастанова другога суда пакуль невядомая.

Айца Паўла затрымалі разам з айцом Анджэем Юхневічам. Яны абодва служаць у Шуміліне. Айца Анджэя пакаралі 15 соднямі арышту, ён меўся выйсці на волю 23 траўня. Каб арыштаваць святароў, прыехалі адразу тры машыны міліцыі.

«Агледзелі памяшканні і забралі айца Паўла. У той жа час айца Анджэя затрымалі ў дарозе – ён ехаў на сустрэчу», – расказвалі пра затрыманне вернікі.

У той жа дзень у Шуміліне была арыштаваная верніца за падпісанасць на «экстрэмісцкую» старонку ў сацсетках.

Hавiны
Прыехалі ў касцёл на трох машынах: падрабязнасці затрымання святароў у Шуміліне
2024.05.09 18:07

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў