Польшча мае намер мадэрнізаваць агароджу на мяжы з Беларуссю


Польшча збіраецца выдаткаваць дадатковыя сродкі на мадэрнізацыю агароджы на мяжы з Беларуссю. Агульную суму затратаў ацэньваюць на 1,5 мільярда злотых, або 350 мільёнаў еўраў у эквіваленце. Пра гэта заявіў намеснік міністра абароны краіны Цэзары Томчык, заўважыла выданне Reform.news.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: bstok.pl

Выступаючы ў эфіры тэлеканалу TVN24, намеснік міністра абароны Польшчы падкрэсліў, што пабудаваная агароджа часовая, яе плануюць мадэрнізаваць.

Паводле інфармацыі, агучанай Цэзарыем Томчыкам, мадэрнізацыя агароджы абыдзецца прыкладна ў 1,5 мільярда злотых: «Менавіта столькі мае быць вылучана для гэтай агароджы, каб яна сапраўды спрацавала. Умацаванне будзе распрацаванае Сілезскім тэхналагічным універсітэтам і нашымі інжынерамі, каб зрабіць яго непераадольным», – прыводзіць словы Томчыка Reform.news.

Адно з заданняў, якое мусіць выконваць агароджа, паводле Томчыка, – гэта спыненне нелегальнай міграцыі. У той жа час намеснік міністра падкрэсліў, што агароджа не ёсць вайсковым аб’ектам.

Нагадаем, што польскія ўлады збіраюцца ўзвесці фартыфікацыйныя збудаванні на мяжы з Беларуссю, пра што заяўляў прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск падчас наведвання вайскова-аператыўнай групы Падляшша каля Беластоку на мяжы з Беларуссю 11 траўня.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў