Кацярына Сныціна: «Зуб даю, што больш не вярнуся ў прафесійны баскетбол у якасці гульца!»


Вядомая беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна завяршыла прафесійную кар’еру. Мы пагутарылі з ёю пра тое, як яна прыйшла да такога рашэння, як адчувае сябе ў новым статусе і што збіраецца рабіць далей.  

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна.
Фота: snytsina / Instagram

– Прачынаешся раніцай – не трэба ісці на трэніроўку, гульні ўвечары няма. Як у цябе першыя дні без баскетболу праходзяць?

– Я злавіла гэта адчуванне, калі я сапраўды пражыла некаторы час сваім новым жыццём. У мяне не было будніка, я прачнулася проста таму, што я прачнулася, выйшла на вуліцу і пайшла ў краму.

Я ішла, усміхнулася і злавіла сябе на думцы, што адна частка майго жыцця скончылася, зараз пачнецца іншая, якая – я не ведаю! Усміхнулася таму моманту, што сонца на вуліцы, я іду, а мне лёгка, спакойна, сапраўды кайфанула.

– У баскетбольную залу не хочацца схадзіць?

– Я не так даўно адтуль выйшла, таму мне зусім не хочацца ў залу!

– Свой апошні сезон у прафесійным спорце ты скончыла хет-трыкам: выйграла Кубак і чэмпіянат Вялікай Брытаніі, а таксама Еўракубак. Зоркі сышліся?

– Мне нагадалі пра тое, што на пачатку сезону я давала інтэрв’ю, і на пытанне, якія ў мяне чаканні ад сезону, я сказала, што хачу выйграць усё, у чым я ўдзельнічаю. Я пра гэта забылася, зрабіла сваю працу, а ў канцы аказалася, што ўсё менавіта так і здарылася. Гэта класнае адчуванне. Я размаўляла са сваімі дзяўчатамі з каманды і сказала ім, што вы не ўяўляеце, які гэта кайф, ведаць, што ты хочаш скончыць кар’еру, усё выгуляць у такім класным калектыве. Я ім пажадала такога ж афігеннага завяршэння кар’еры ў свой час.

Даведка
Кацярына Сныціна нарадзілася 2 верасня 1985 года ў Усць-Каменагорску (Казахстан). Гуляла на пазіцыі лёгкага форварда. Выступала за клубы з Беларусі, Францыі, Расеі, Польшчы, Турцыі, Вугоршчыны, Вялікай Брытаніі. У гэтым сезоне ў складзе клубу «Лондан Лаянз» Кацярына стала пераможцай Еўракубку, а таксама выгуляла чэмпіянат і Кубак Вялікай Брытаніі. Бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы 2007 года ў складзе зборнай Беларусі. Удзельніца Алімпійскіх гульняў у Пекіне і Рыа-дэ-Жанейра. У 2020 годзе Кацярына Сныціна падтрымала пратэсты і выступіла супраць фальсіфікацыі выбараў, а таксама супраць гвалту, які чынілі ў паслявыбарчы час сілавікі рэжыму Лукашэнкі. У 2021 годзе яна была выключаная са складу нацыянальнай зборнай Беларусі.

– Ты доўгі час гуляла ў Турцыі, у Расеі, Польшчы, наогул у цябе багатая геаграфія клубаў, за якія ты выступала. Як ставяцца да легіянераў у розных краінах, як адбываецца адаптацыя?

– Тое, што я легіянер, мне заўсёды давала звышматывацыю. Таму што легіянераў запрашаюць для таго, каб яны зрабілі каманду лепшай, каб клуб перамагаў. У мяне заўсёды была за гэта адказнасць.  У некаторых камандах у мяне атрымлівалася добра працаваць з трэнерамі, у нейкіх не вельмі. Мая кар’ера не была ідэальная ў гэтым плане. Па вялікім рахунку, мне заўсёды было камфортна працаваць, і тут не мае значэння – легіянер ты, ці не. Гэта залежыць ад чалавечых якасцяў, маіх як гульца і, адпаведна, трэнера, ці проста зоркі супалі.

– Самая яркая спартовая падзея ў тваёй кар’еры?

– На першым месцы заўсёды будзе стаяць бронза чэмпіянату Еўропы 2007 года. А вось гэты мой апошні сезон я б паставіла на другую пазіцыю.

– Ці сочыш ты за баскетболам у Беларусі?

– Я бачыла, што «Менск» перагуляў «Гарызонт». Мне было проста цікава, хто яшчэ з майго ўзросту працягвае гуляць. Я паглядзела склад камандаў, гульцоў майго года там ужо няма. Рэдкія моманты, калі «Трыбуна» нешта выстаўляе пра беларускі баскетбол, я магу прачытаць.

– Калісьці да вас, гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі, прыстала мянушка – «Буяльскія дзяўчаты» [Анатоль Буяльскі быў галоўным трэнерам жаночай зборнай Беларусі. – Рэд.]. Ці ўспамінаеш той час?

– Безумоўна. Я цяпер напісала ўсім трэнерам, хто паўплываў на маю кар’еру, і вядома ж, Анатоль Сяргеевіч Буяльскі ў гэтым спісе.

– Ці маеш зносіны ты з кімсьці з той вашай слаўнай каманды?

– Нядаўна віншавала Наташу Марчанку з днём нараджэння. Гэта зорка беларускага баскетболу. Дарэчы, і Лена Леўчанка з ёй там была, таму мне ўдалося адным званком «пабачыць» іх абедзвюх. Напэўна, на гэтым усё, толькі з Ленай і з Наташай маю зносіны. На жаль, з усяго складу нашай нацыянальнай каманды толькі адзін чалавек напісаў, што віншуе мяне і вельмі за мяне рады.

Hавiны
Баскетбалістка Кацярына Сныціна завершыла кар’ёру пераможным матчам
2024.05.19 19:27

– Пра нашую федэрацыю баскетболу, напэўна, тады ўжо няма сэнсу пытацца?

– Смешна. Яны мяне наогул заблакавалі пару гадоў таму, таму я не ведаю, што яны там робяць.

– Як прафесійны спартовец вырашае завяршыць сваю кар’еру? Гэтая думка выношваецца на працягу нейкага часу, або гэта адбываецца імгненна? Як у цябе было?

– У мяне выйшла так, што я пра гэта думала ў сярэдзіне пазамінулага сезону. Але потым прыйшла нашая новая трэнерка, з якой я правяла заканчэнне мінулага сезону і вось гэты цэлы сезон. Проста я зразумела, што пад яе кіраўніцтвам у нас будзе больш шанцаў дасягнуць мэтаў, якія мы сабе ставім. Потым у мінулым сезоне я зноў пачала пра гэта думаць. Мы былі на зборах у Славеніі летам, і ў нас дзень пачынаўся а сёмай раніцы.

Мы трэнаваліся чатыры гадзіны, а ўвечары яшчэ тры. Пасля гэтага я зразумела, што гэта будзе мой заключны сезон, бо я не хачу для свайго цела такіх нагрузак. Насамрэч я абвесціла пра заканчэнне кар’еры перад першай афіцыйнай гульнёй, і з гэтага дня ні разу не пашкадавала, што гэтак зрабіла.

Пасля апошняй гульні, калі з распранальні ўсе фатографы, трэнеры сышлі, грала музыка: дзяўчаты там, хтосьці танчыць, хтосьці там нешта жуе, хтосьці смяецца, размаўляе. І вось па такім моманце, вось менавіта ў распранальні, калі мы ўсе разам тусуемся, я дакладна буду сумаваць. Але не ўпэўненая, што буду сумаваць па трэнаваннях, гульнях і паездках, калі табе трэба падымацца на досвітку, пятнццаць гадзінаў кудысьці дабірацца. Па такіх момантах, ад якіх я стамілася, мне здаецца, не буду сумаваць, прынамсі, у бліжэйшы час.

– Ну, спорт жа, я думаю, усё адно застанецца ў тваім жыцці?

– Я з самага пачатку свайго жыцця нічым не захаплялася, акрамя баскетболу. Ва ўсіх было хоць нейкае хобі, у мяне быў толькі баскетбол.

Цяпер у мяне ёсць афігенная магчымасць паспрабаваць розныя віды спорту, розныя віды дзейнасці: ад малявання да танцаў, дапусцім.

Я дакладна паспрабую знайсці якое-небудзь новае хобі для здароўя, гэта значыць, каб мне было цікава займацца і ў трэнажорнай зале, і бегаць, і ездзіць на ровары, трымаць сябе ў форме. Але гэта дакладна не будзе нічога, звязанага з баскетболам.

– Салодкага зможаш дазволіць сабе ўжо ў вялікай колькасці?

– Так, мы нядаўна на арэне былі цэлы дзень, і ў нас была магчымасць пад’есці, у пакоі з ежай шведскі стол: рыс, курыца, чыпсы, салата. Я ўзяла рыс, курыцу, прайшла міма чыпсаў, а ў мяне была такая міска для салаты. І тады я зразумела, што салату можна ўжо не есці. Я буду сабе дазваляць нашмат больш, чым я дазваляла сабе падчас кар’еры. Таму ў гэтым плане нашмат прасцей будзе.

Фота: snytsina / Instagram

– Думаю, нашым чытачам будзе цікава даведацца і пра асабістае жыццё Каці Сныцінай.

– У мяне ўсё выдатна з асабістым жыццём. Дзякуй, што спыталі.

– Ты сама пра гэта пісала, казала, што знайшла сваё каханне. Ці цяжка было сказаць пра гэта ўголас, каб даведаліся ўсе, а не толькі блізкія табе людзі?

– Для мяне гэта было не цяжка. Пачалося ўсё з інтэрв’ю на YouTube-канале ў праграме Колі Халезіна (сузаснавальнік Беларускага свабоднага тэатру). Мы загадзя з ім прагаворвалі, што ў мяне там будзе мой камінг-аўт. Я не скажу, што я не нервавалася напярэдадні, але ў выніку ўсё атрымалася так, як мне хацелася. Гэта прайшло без нейкага негатыву. Былі словы падтрымкі і радасці за мяне. Шмат пажаданняў усяго найлепшага нашай новай сям’і. Таму, напэўна, скажу, што мой камінг-аўт прайшоў класна, і мне было прыемна гэтым падзяліцца. Гэта не тое, што я трымала гэта ў сабе і пакутавала ад гэтага, не. Але мне было прыемна падзяліцца сваёй радасцю з беларусамі. Я гляджу на гэта так, як быццам бы я з сябрамі дзялюся радасцю, якая ў мяне адбываецца ў жыцці. І мне здаецца, што класна атрымалася.

– Ці спрабавалі неяк узаконіць свае дачыненні?

– Так, я думаю, у нас усё атрымаецца. Можа быць, не да канца гэтага года, але ў наступным годзе, мне здаецца, у нас атрымаецца гэта зрабіць.

– Ці чула ты пра выбары ў Каардынацыйную раду? Будзеш галасаваць?

– Чула, бачыла, спрабавала разабрацца. Цяпер я на пару дзён выпала з апошніх навінаў, з-за гульні, падрыхтоўкі да матчу. Ці буду галасаваць – не ведаю, пакуль што не магу сказаць.

Інтэрв’ю
«Усе мы мусім несці калектыўную адказнасць». Кацярына Сныціна пра рэакцыю спартовай супольнасці на вайну ва Украіне
2022.04.02 16:45

– Як табе навіна з радзімы: усе выбарчыя спісы ў Каардынацыйную раду абвесцілі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

– Ну, гэта краіна, дзе няма законаў, таму нічога дзіўнага не адбываецца.

– Дзе збіраецеся жыць далей, чым будзеш займацца?

– У Лондане застанемся. У мяне ёсць адзін праект, у сярэдзіне чэрвеня я змагу ўжо афіцыйна пра яго казаць, таму вось пра ўсё даведаецеся.

– Як думаеш, колькі працягнеш без баскетболу, каб не схадзіць у залу, пакідаць мячык?

– Я стаўлю на дзесяць гадоў, каб я з’явілася ў баскетбольнай зале дзеля таго, каб пакідаць і патрэнавацца. Хадзіць у трэнажорную залу, мне здаецца, я магу пачаць ужо праз дзесяць дзён. Проста таму, што мне падабаецца гэта рабіць, я да гэтага стаўлюся з лёгкасцю, гэта значыць, калі адчуваю, што мне хочацца. Зала проста пад домам, я магу спакойна выйсці на гадзінку. Гэта значыць, што на гэта мне не трэба збіраць нейкія эмацыйныя, маральныя, фізічныя сілы, гэта папросту радасць.

Фота: snytsina / Instagram

– А не можа быць такога, што ты перадумаеш і вернешся ў прафесійны баскетбол?

– Не, я ў такім стане, што дакладна ўпэўненая. Зуб даю, што больш не вярнуся ў прафесійны баскетбол у якасці гульца!

– Што хочаш сказаць заўзятарам і ўсім людзям, якія сачылі за тваёй кар’ерай, падтрымлівалі цябе?

– Дзякуй, што былі побач, пісалі, прыходзілі на нашыя гульні ў Палац спорту, што ездзілі за намі па Еўропе, глядзелі нашыя гульні, што прачыналіся пасярод ночы, каб пабачыць гульні нацыянальнай каманды, калі мы гулялі ў Пекіне або ў Рыа-дэ-Жанейра.

Дзякуй за тое, што дасылалі словы падтрымання, і словы непадтрымання, але пры гэтым любыя паведамленні мяне асабіста матывавалі і надавалі сілы.

Мае заўзятары застануцца са мной і ў маім жыцці на працягу не толькі кар’еры, таму што з многімі я маю зносіны ў Instagram, многіх я сустракаю, калі прыязджаю ў Еўропу. Ці нават тут, у Лондане было вельмі шмат беларусаў. Яны былі раскіданыя па зале, але, мне здаецца, было чалавек трыццаць, так дакладна.

– Як даўно ты была на радзіме?

– Я не была дома крыху менш за чатыры гады. У жніўні 2020 года я з’ехала яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў працаваць паводле кантракту. У мяне сезон пачынаўся ў Турцыі, таму я з’ехала ў першыя дні жніўня, і з гэтага моманту я не вярталася дадому. Часам каўбасіць. Прырода ў Англіі, яна ў прынцыпе падобная на беларускую. І вось я на прыродзе, у нейкім прыгожым, такім спакойным месцы, дзе птушкі спяваюць.

Мне прыгожа, а я сумую па доме.

Вось гэта неяк у мяне так ўзаемазвязана. Вядома, сумую, але цяпер такі час, і вось такія абставіны.

– Што параіш людзям, якія толькі цяпер пакінулі Беларусь і спрабуюць уладкавацца на новым месцы?

– Знайсці час займацца не толькі сваім пераездам, уладкаваннем у новай краіне, у новым горадзе, але і займацца спортам. Я ўпэўненая, што на працягу чатырох гадоў, калі я не была на радзіме, не ідэальна спраўлялася на эмацыйным, ментальным узроўні. Я ўпэўненая, што дзякуючы таму, у якой была добрай фізічнай форме, я шмат з чым давала рады нашмат лепш, чым людзі, якія не прысвячалі часу спорту. Я ўпэўненая, што менавіта маё фізічнае здароўе, фізічны стан, тое, што ў мяне была магчымасць як мінімум на дзве гадзіны ў дзень адключаць тэлефон, адключацца мазгамі ад усяго таго, што адбываецца і трэнавацца, мне гэта вельмі моцна дапамагло. Менавіта таму я ўпэўненая, што спорт застанецца маім жыццём, бо я не ведаю, як без спорту даваць рады нейкім праблемам.

Фота: snytsina / Instagram

– Што для цябе значыць дом?

– Дом для мяне – гэта заўсёды месца, дзе мне спакойна, дзе мне нікуды не трэба, я нікуды не спяшаюся. Таму Сныціна дома такая ж, як і на вуліцы, і на баскетбольнай пляцоўцы, я спакойна займаюся сваімі справамі.

– У цябе з’явіцца больш вольнага часу, як плануеш яго праводзіць?

– Вось у гэтым і кайф, што я буду спазнаваць нешта новае. Усе ведаюць, што ў спартоўцаў ёсць спартовае жыццё, а потым пачынаецца зусім іншае. У мяне ёсць магчымасць пачаць жыць вось гэтае жыццё, якім жыве большасць людзей. Мне яшчэ вельмі пашанцавала, што я ў Лондане, тут велізарныя магчымасці знайсці хобі, ад малявання да танцаў. Пакуль у мяне планаў няма. На гэты тыдзень наогул я сабе паспрабавала мінімум усяго паставіць, проста каб выдыхнуць і дома паляжаць.

– Калі мы вернемся ў Беларусь? Што дзеля гэтага трэба рабіць?

– Не ведаю, шчыра не ведаю, але я буду прытрымлівацца таго выказвання, якое дзесьці, напэўна, пасля 2022 года пачалі выкарыстоўваць многія. Гэта больш не спрынт, гэта рэальна марафон. Проста трэба дацягнуць да канца і апынуцца ў Беларусі, у новай Беларусі. А што для гэтага зрабіць, гэта вяртае мяне да пытання, ці буду я галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Я не ведаю, што можа ў нейкі бок змяніць сітуацыю ў нашай краіне, я не ведаю, што рабіць, таму працягваю актыўна сачыць за тым, што адбываецца. Цяпер я ў такім моманце, калі не ведаю, што рабіць. Гэта цяжка для чалавека, які прызвычаены дзейнічаць. Для мяне гэта даволі-такі незвычайная сітуацыя, але такі цяпер стан. На сённяшні дзень у мяне няма канкрэтных адказаў.

Беларускі свет
«Рэжым ведае, што яго гадзіннік цікае і хутка ўсё скончыцца» – Кацярына Сныціна
2022.10.11 20:20

Павел Алейнікаў / АБ  belsat.eu 

Стужка навінаў