Павел Латушка абмеркаваў з польскімі ўладамі пытанне выплаты пенсіяў беларусам у Польшчы


Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі польскага Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі. Ён узняў пытанне пра выплату пенсіяў беларускім пенсіянерам, якія апынуліся на тэрыторыі Польшчы.

Павел Латушка расказвае пра вынікі сустрэчы ў Міністэрстве сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі.
Фота: скрыншот з відэа / Народнае антыкрызіснае ўпраўленне

Паводле Паўла Латушкі, падчас сустрэчы з намеснікам міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Сэбаст’янам Гаеўскім у першую чаргу ўздымалася пытанне выплаты пенсіяў для беларусаў, якія маюць статус міжнароднай аховы, атрыманай на тэрыторыі Польшчы.

«Гэтая праблема, будзем казаць шчыра, даволі складаная, і развязаць яе дастаткова складана, – адзначыў Павел Латушка. – Мы мусім сыходзіць з разумення, што ў Польшчы дзейнічае агульнапенсійнае заканадаўства, якое даволі дакладна вызначае права на атрыманне пенсіі. Яно наступае толькі ў тым выпадку, калі чалавек мае адпаведны стаж працы на тэрыторыі Польшчы».

Калі ж стажу няма, падкрэслівае палітык, то пачынае дзейнічаць двухбаковае пагадненне паміж урадам Беларусі і Польшчы, якое дае права пераводу пенсіі, што налічалася ў Беларусі, праз Установу сацыяльнага страхавання (ZUS) для выплаты на тэрыторыі Польшчы.

Паводле звестак, прыведзеных намеснікам міністра, за мінулы год ва Установу сацыяльнага страхавання звярнулася ўсяго 107 грамадзянаў Беларусі з просьбай пацвердзіць праз афіцыйныя каналы, што яны маюць права на атрыманне пенсіі на тэрыторыі Беларусі, і перавесці гэтыя выплаты ў Польшчу.

У цяперашні момант, адзначыў Павел Латушка, можна гаварыць пра тое, што намеснік міністра ўзяў на сябе абавязанне супольна з міністэрствамі замежных і ўнутраных справаў Польшчы прааналізаваць выкананне двухбаковага пагаднення і высветліць, якія праблемы ўзнікаюць у сувязі з гэтым: ці то немагчыма атрымаць дакументы ў Беларусі, ці то беларускі бок не выплочвае пенсіяў, ці то маюць месца дадатковыя пагрозы для бяспекі і рэпрэсіяў у дачыненні грамадзянаў Беларусі, калі яны звяртаюцца для атрымання адпаведных дакументаў у сваёй краіне.

У міністэрстве пацвердзілі гатовасць разглядаць усе індывідуальныя выпадкі праблемаў атрымання пенсіяў, таму Павел Латушка заклікае беларусаў дасылаць свае запыты ў чат-бот Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасля чаго разам з адвакатам яны будуць прагледжаныя і перанакіраваныя ў польскае міністэрства.

Палітык падкрэсліў, што, калі грамадзянін Беларусі не мае магчымасці на сённяшні момант атрымаць пенсію на тэрыторыі Польшчы, ён можа скарыстацца выплатамі сацыяльнага характару, якія можна атрымаць у мясцовых органах улады згодна з месцам жыхарства. Але трэба ўлічваць, што для іх атрымання ёсць цэлы шэраг дадатковых умоваў.

У міністэрстве таксама паабяцалі даць разгорнуты адказ наконт праблемных пытанняў сацыяльных выплатаў для беларусаў, якія маюць міжнародную ахову, а таксама скласці дарожную мапу сацыяльнай дапамогі, якую ў будучыні Народнае антыкрызіснае ўпраўленне распаўсюдзіць праз свае каналы камунікацыі.

У сваю чаргу Павел Латушка падказаў беларусам, якія пакуль не маюць магчымасці атрымання пенсіяў на тэрыторыі Польшчы, невялікі лайфхак.

«Калі ў вас ёсць магчымасць працаўладкавацца літаральна на некалькі дзён, на адзін месяц ці на два-тры, то вы атрымаеце права на пенсію на тэрыторыі Польшчы. Нават калі гэтая пенсія будзе адзін ці два злотыя, вы таксама будзеце мець права на атрыманне з Упраўлення сацыяльнай абароны насельніцтва Польшчы трынаццатай і чатырнаццатай пенсіяў, якія вам будуць выплачвацца па выніках года. Вось на гэтую суму вы таксама зможаце разлічваць», – сказаў Павел Латушка.

Hавiны
Беларусам у эміграцыі прапанавалі аддаваць 29 % заробку на беларускую пенсію
2024.04.12 15:12

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў