«Апошні раз куплялі квадрацыклы». Менская манашка распавяла пра падтрымку арміі Расеі


Свята-Елісавецінскі манастыр у Менску рэгулярна праводзіць мерапрыемствы ў падтрымку расейскай арміі, але ён дапамагае расейскаму войску не толькі малітвамі. У распараджэнне «Белсату» трапіў запіс, на якім манашка Аляксандра падрабязна распавядае, як Свята-Елісавецінскі манастыр і яна асабіста дапамагаюць агрэсіі супраць Украіны.

Канцэрт «Сваіх не кідаем» у «духоўна-асветніцкім» цэнтры «Каўчэг»
Канцэрт «Сваіх не кідаем» у «духоўна-асветніцкім» цэнтры «Каўчэг» пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Менск, Беларусь. 24 лютага 2024 года.
Фота: Максім Чарнагалоў / Obitel-minsk.ru

На пачатку размовы манашка Аляксандра адказвае на пытанне, як наогул можна дапамагчы расейскай арміі.

«Мы тут, менавіта ў Беларусі, купляем толькі тое, што танней можна купіць, чым у Расеі. Таму што група ў нас, заснавальніца, асабіста яна з Масквы. Мы да яе падлучаныя як беларуская частка. І калі заяўкі нейкія прыходзяць ад вайскоўцаў са шпіталяў, то мы размяркоўваем. Мы бярэм толькі тое, што там будзе складана купіць. Напрыклад, мы закупляем жгуты, нейкія лекавыя прэпараты, якія ў нас таннейшыя і якасць лепшая.

А калі ёсць нейкая заяўка на РЭБ, то бок парасоны такія супрацьдронавыя, рацыі нейкія, то, вядома, гэта ўсё купляецца ў Маскве. Гэта значыць, мы бярэм нейкую заяўку, збіраем на яе грошыкі, пасылаем або перадаем. Яны купляюць, нам даюць справаздачу, выкладваюць. Вось так адбываецца дапамога», – тлумачыць манашка.

Далей яна расказвае, што і як можна закупіць і прывезці ў Беларусь з-за мяжы. Яна скардзіцца, што «людзі ў Нямеччыне, якія дапамагаюць», не змаглі перадаць супрацьапёкавых лекаў. Акрамя канкрэтных рэчаў, можна дапамагчы вайне супраць Украіны і грашыма, працягвае Аляксандра.

Hавiны
Свята-Елісавецінскі манастыр, які падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў, гандлюе сваімі таварамі ў Польшчы
2023.09.03 18:16

«Калі ў вас пэўная вялікая нейкая сума, можам ад вас асабіста нешта купіць і перадаць. Альбо купіць тут, альбо ў Маскве, ад вас чыста перадаць. Калі купляецца, нашыя валанцёры фатаграфуюць або відэа здымаюць, выкладваюць чэкі, альбо там хлопцы, гледзячы які кірунак, – яны атрымліваюць і выкладваюць.

Калі вы адтуль [з-за мяжы. – Рэд.] хочаце машыну перагнаць, то гэта іншае пытанне. Я магу даведацца, якая патрэбная, і вам паведаміць. Мы спрабавалі купляць у Беларусі. Была складанасць, калі мы менавіта ў Беларусі купілі на кагосьці, потым з усялякімі дакументамі, пераафармленнямі. І мы ўсё ж такі ў Расеі купляем. Апошні раз мы куплялі квадрацыклы. Яны там цяпер вельмі патрэбныя. Можаце вось купіць яго», – працягвае Аляксандра.

Яна падкрэслівае, што цяпер вельмі патрэбныя электрычныя мапеды і бясшумныя матацыклы.

«Калі ў вас ёсць Telegram, можаце мне што-небудзь напісаць, я магу вам даслаць відэа прыкладна, якія трэба. Ну рацыі вы таксама не правезяце. Можа быць, яшчэ электраматацыкл правезяце», – кажа Аляксандра.

На развітанне яна падрабязна апісвае, які павінен быць бясшумны матацыкл, ды кажа, што ў выпадку чаго сувязь можна трымаць з ёй.

Раней журналісты «Бюро» даведаліся, што Свята-Елісавецінскі манастыр стаў сапраўдным прарасейскім бізнес-холдынгам, праз які ўхіляюцца ад падаткаў.

Hавiны
Свята-Елісавецінскі манастыр ператварыўся ў прарасейскі бізнес-холдынг. Расследаванне «Бюро»
2024.03.19 17:08

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў