Падкантрольны ГУБАЗіКу Telegram-канал «ГУ БАЗА» апублікаваў яшчэ два «пакаянныя» відэа з беларусамі, якім нібыта прыйшла рассылка ад плану «Перамога».
Адзін з затрыманых – настаўнік гісторыі адной з менскіх школаў. На «пакаянным» відэа ён кажа, што быў падпісаны на Telegram-канал Zerkalo.io. Акрамя таго, настаўніку прыйшла рассылка ад чат-боту плану «Перамога» з заклікам удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду.
«Я калісьці даўно мінуў там рэгістрацыю. Паспяхова выдаліў, заблакаваў гэты бот. Але апавяшчэнне ўсё роўна прыйшло. І з-за гэтага цяпер у мяне вялікія праблемы. Супрацоўнікі знайшлі гэтае паведамленне і цяпер мне пагражае крымінальная адказнасць. Хоць я мог абыйсціся звычайнымі соднямі», – кажа ён на відэа, якое прымусілі запісаць сілавікі.
Другі затрыманы – мужчына, які працуе будаўніком у энергетычнай сферы. На відэа ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах і данаціў «Краіне для жыцця».
«Таксама ў 2021 годзе я прайшоў апытанне плана «Перамога». Затым я пра гэта забыўся і бот выдаліў. Сёння да мяне прыйшлі супрацоўнікі міліцыі наконт таго, што я фінансаваў экстрэмісцкую арганізацыю і ў тэлефоне было знойдзена паведамленне плана «Перамога» . Я гэта паведамленне не ўбачыў, не ведаў, што яно ёсць на тэлефоне. Цяпер з-за гэтага я буду прыцягнуты да крымінальнай адказнасці», – кажа мужчына на відэа, якое прымусілі запісаць сілавікі.
Невядома, ці сапраўды байцы ГУБАЗіКу знайшлі на тэлефонах затрыманых рассылку ад плану «Перамога» або спецслужбы проста хочуць пасеяць паніку сярод беларусаў.
Нагадаем, што 21 траўня, людзі, калісьці зарэгістраваныя ў плане «Перамога», атрымалі рассылку з заклікам прагаласаваць за лідара спісу № 5 на выбарах у Каардынацыйную раду. Здарэнне выклікала вялікі скандал, шмат для каго такая рассылка сталася шокам. За гэта былога кіраўніка арганізацыі «BYPOL» Аляксандра Азарава пазбавілі доступу да чат-боту плана «Перамога».
Глеб Нержын belsat.eu