У кватэру бацькоў Крысціны Ціманоўскай прыйшлі з ператрусам. «Гэта мая плата»


23 траўня сілавікі прыйшлі з ператрусам у кватэру бацькоў спартоўкі Крысціны Ціманоўскай у Клімавічах. Пра гэта яна паведаміла ў сацсетках.

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВО / Белсат

«Сёння ў маіх бацькоў у Беларусі праводзіў ператрус Следчы камітэт, а ўсё таму, што я хачу свабоды для сваёй краіны, хачу прыязджаць туды на выходных, каб наведваць бацькоў, хачу раз на год прыязджаць у Беларусь дзеля яе цудоўнай прыроды, хачу сустрэцца з сябрамі, хачу пабываць там, дзе я нарадзілася і вырасла, хачу прайсціся па Менску, па сваіх любімых вуліцах, зайсці ў любімую кавярню і выпіць кавы з круасанам.

За гэта мая плата – крымінальныя справы, запалохванні і ператрусы. У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сямʼі, звычайнай правінцыйнай сямʼі, дзе тата ўсё жыццё працаваў пажарным, а мама ў  банку», – піша Крысціна Ціманоўская.

Спартоўка адзначае, што апошнія гады і так былі цяжкімі для ейнае сямʼі.

«Рак у мамы (дзякуй Богу, удалося вылечыць), інсульт у бацькі (цяпер ён інвалід).

Я не разумею, што яшчэ мусіць перажыць мая сямʼя за мае дзеянні і пастановы! Ніхто не нясе адказнасці за мяне, акрамя мяне самой, і калі ва ўладаў Беларусі або Следчага камітэту ёсць пытанні да мяне, то я запрашаю іх у свой новы дом на ператрусы і размовы», – падкрэсліла Ціманоўская.

Яна жыве ў Польшчы пасля вымушанай эміграцыі.

Крысціна Ціманоўская стала прэтэндэнткай на месца ў Каардынацыйнай радзе трэцяга складу і ўвайшла ў выбарчы спіс № 5 «Закон і правапарадак» на чале з Аляксандрам Азравым. Улады ў Беларусі пастанавілі правесці акцыю запалохвання ўсіх, хто высунуўся ў КР. СК завёў крымінальныя справы на кандыдатаў.

Выбары ў КР
Чаму ўдзельнікам плану «Перамога» рассылалі агітацыю да выбараў у Каардынацыйную раду?
2024.05.22 19:43

Усе выбарчыя спісы ў КР былі абвешчаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі арганізацыямі». Крымінальныя справы супраць 257 асобаў заведзеныя паводле наступных артыкулаў:

  • арт. 357 («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады»);
  • арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару»);
  • арт. 361.1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»);
  • арт. 361.4 («Судзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Таксама Следчы камітэт анансаваў арышт і канфіскацыю маёмасці кандыдатаў.

«Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя дзеянні. Следчым камітэтам будуць прыняты вычарпальныя меры дзеля забеспячэння прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі стратаў, у тым ліку ў межах спецыяльнага вядзення», – распавяла прэс-служба СК.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 27 траўня ўключна.

Hавiны
СК распачаў крымінальныя справы супраць усіх кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду
2024.05.21 13:05

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў