Расейцы развіваюць поспех на краматорскім кірунку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 820-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ваеннаслужачыя 93-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ вядуць агонь з французскага мінамёту MO-120-RT па расейскіх войсках каля Бахмуту, Украіна. 22 траўня 2024 года.
Фота: Iryna Rybakova / AP / East News

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на двух участках фронту – у ваколіцах буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што на першым участку праціўнік панёс істотныя страты і перайшоў да актыўнай абароны.

У Ваўчанску расейцы таксама маюць сур’ёзныя страты, таму цяпер могуць перакінуць дадатковыя сілы з іншых кірункаў, каб працягнуць актыўныя штурмавыя дзеянні.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што ў Ваўчанску баі паступова набываюць пазіцыйны характар.

Між тым іншая прарасейская крыніца – «Архангел Спецназа» – сцвярджае, што цягам апошніх содняў войскі РФ прасунуліся ў ваколіцах Ліпцаў і ў Ваўчанску на адлегласць каля 500 і 400 метраў адпаведна.

Тэлеграм-канал «Два майора» таксама піша пра поспехі расейцаў, а таксама фіксуе перакіданне рэзерваў ЗСУ з іншых участкаў фронту, пры дапамозе якіх украінскае камандаванне разлічвае адкінуць праціўніка да дзяржаўнай мяжы.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку, паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, цягам апошніх содняў сілы абароны адбілі шэраг атак праціўніка каля населеных пунктаў Бераставое, Макееўка, Стэльмахаўка і Грэкаўка.

Сырскі гаворыць, што таксама расейцы працягваюць ціснуць у лясным масіве з поўначы ад Купянску. Акрамя гэтага назіраецца складаная сітуацыя ў ваколіцах сяла Кіслоўка, дзе УС РФ намагаюцца прарваць абарону ўкраінцаў і выйсці да ракі Аскіл.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» мяркуе, пакуль на апошнім участку перад Узброенымі сіламі РФ стаіць больш лакальная задача: тут яны рухаюцца з поўначы ад сяла да суседняй Іванаўкі, на паўднёвых ускрайках якой ужо праводзіцца выведка боем.

На ліманскім кірунку расейцы наступаюць на левым беразе ракі Жарабец, імкнучыся выбіць ЗСУ з займанага плацдарму, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва (на паўднёвым захадзе ад гораду Крэмінная ў Луганскай вобласці). Пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец расейцы ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Выемка і Верхнякаменскае, але прасоўванняў за апошнія содні не маюць.

Больш складаная для ЗСУ сітуацыя назіраецца на краматорскім кірунку, расейцы маюць лакальныя поспехі.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў каля гораду Часаў Яр і ў сяле Клішчыеўка.

«Рыбарь» сцвярджае, што ў самім Часавым Яры УС РФ удалося зачапіцца за вышынную забудову на ўсходзе гораду.

Канал «Два майора» піша, што адначасова з гэтым расейцы расшыраюць зону кантролю ў лясным масіве з поўдня ад гэтай часткі гораду.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Военкор Котенок» – паведамляе, што Узброеныя сілы РФ перайшлі канал Сівэрскі Данец – Данбас і замацаваліся на заходнім беразе.

Тым часам у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ніжэй па лініі сутыкнення пад іхны кантроль перайшло сяло Андрэеўка (з поўдня ад Клішчыеўкі).

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку сітуацыя таксама застаецца напружанай – тут Сілы абароны краіны адбілі не менш за 25 атак праціўніка за содні.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ аднавілі рух у бок населеных пунктаў Сокал і Новааляксандраўка, а таксама амаль выбілі праціўніка з сёлаў Нятайлава і Уманскае.

Тым часам канал «Два майора» мяркуе, што Нятайлава ўжо цалкам знаходзіцца пад кантролем УС РФ.

На курахаўскім кірунку актыўнасць расейцаў лакалізуецца ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Канстанцінаўка, Парасковіеўка і Новаміхайлаўка.

У Deepstate прызнаюць прасоўванні войскаў РФ у Краснагораўцы. Прарасейскія крыніцы ўдакладняюць, што Узброеныя сілы РФ занялі забудову на захадзе ад цагельнага заводу, але ЗСУ пакуль захоўваюць пазіцыі ў шматпавярховых дамах у паўночнай частцы гораду.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці расейцы наступаюць на так званым урэмаўскім выступе каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае. 

«Рыбарь» сцвярджае, што на паўднёвых ускрайках першага населенага пункту войскі РФ занялі каля 10 прыватных дамоў, у гэты ж час у Старамаёрскім яны прасунуліся на адлегласць да 1,5 кіламетра, заняўшы чатыры апорныя пункты ўкраінцаў.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў, але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакуюць на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі, але поспеху не маюць.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што Збройныя сілы выйшлі з плацдарму ў сяле Крынкі і замацаваліся на іншым, больш прыдатным для вядзення абароны, участку на левабярэжжы.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў