Чаму ўдзельнікам плану «Перамога» рассылалі агітацыю да выбараў у Каардынацыйную раду?


Святлана Ціханоўская пазбавіла Аляксандра Азарава доступу да чат-бота плану «Перамога» пасля таго, як праз гэты бот разаслалі агітацыю за спіс Азарава на выбарах у Каардынацыйную раду. Азараў патлумачыў «Белсату», чаму вырашыў зрабіць такую рассылку, і выказаў надзею на вяртанне доступу да бота.

Кіраўнік арганізацыі «BYPOL» і былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) Аляксандр Азараў (злева) на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

У ноч на 22 траўня ўдзельнікі плану «Перамога» атрымалі паведамленне з заклікам галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду за спіс № 5, які ўзначальвае адказны за план «Перамога» лідар «BYPOL» Аляксандр Азараў. Некаторых гэта абурыла. Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская 22 траўня заявіла, што Азарава пазбавілі доступу да бота плану.

Азараў пацвердзіў «Белсату», што яго адключылі ад бота плану «Перамога». Але падкрэслівае: план «Перамога» – праект не Кабінету ці Офісу Ціханоўскай, а арганізацыі «BYPOL». План быў створаны «Байполам» у траўні 2021 года, у той час былі перамовы з рознымі палітычнымі гульцамі, Святлана Ціханоўская тады падтрымала план.

«Бот быў створаны намі і знаходзіцца пад нашым кантролем, – расказвае Азараў. – Аднак пасля таго, як Святлана Ціханоўская ў 2021 годзе яго падтрымала, ёй быў перададзены доступ кантролю над ботам, але няма магчымасці ў яе рабіць рассылку. То бок, яна скарысталася гэтым кантролем і яго адключыла. На дадзены момант мы вядзем з ёй перамовы па аднаўленні доступу да бота плану „Перамога“».

ГУБАЗіК ужо паведаміў пра пакаранне за гэтую рассылку: мужчыну схапілі за фота на пратэстах, але пасля таго, як яму прыйшоў заклік галасаваць ад боту плану «Перамога», яму сабраліся выставіць абвінавачванне яшчэ і за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні», за што пакаранне большае, чым проста за пратэст.

Ціханоўская казала, што рассылка пра выбары праз бот плану «Перамога» – гэта «злоўжыванне, якое можа паставіць пад пагрозу людзей унутры краіны».

Азараў адказвае, што з гэтым катэгарычна нязгодны: сілавікі і так затрымліваюць людзей з розных нагодаў і прымушаюць казаць на «пакаянных відэа», што затрыманыя ўдзельнічалі ў плане «Перамога». Розным катэгорыям удзельнікаў плану раней рабілі розныя рассылкі. У каментары на Telegram-канале «BYPOL» тлумачылі: раней рассылку рабілі не ўсім, хто падпісаўся на план, і для некаторых гэтае паведамленне стала першым.

«ГУБАЗіК займаецца дыскрэдытацыяй плану „Перамога“ з моманту яго абвяшчэння, паколькі гэты план з’яўляецца сапраўднай і рэальнай пагрозай рэжыму Лукашэнкі, – кажа Азараў. – Мы зрабілі рассылку не толькі ўчора. Мы яе робім рэгулярна, рассылка робіцца прыблізна разы два на месяц.

Цягам апошніх некалькіх гадоў мы выкарыстоўваем рассылку для сувязі з удзельнікамі плану „Перамога“ – для працы, для атрымання інфармацыі. Вось раней ніякіх пытанняў не ўзнікала, а калі гэтая рассылка была звязаная з выбарамі, то тут чамусьці ўключыліся розныя людзі, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў, якім, відаць, не падабаецца тое, што цяпер адбываюцца выбары ў Каардынацыйную раду.

Гэтая рассылка была скіраваная на тое, каб прыцягнуць беларусаў да выбараў у Каардынацыйную раду. Мы лічым, што гэта вельмі важна ў дадзены момант выбраць Каардынацыйную раду, таму і прынялі такое рашэнне, зрабіць гэтую рассылку».

Па словах Азарава, падчас размоваў з людзьмі ў тым ліку ў боце плану «Перамога» стала зразумела, што людзі зусім не чулі пра выбары ў Каардынацыйную раду. Ён дадае, што трансляцыю вялікай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду «глядзела толькі 200 чалавек» (гаворка, імаверна, пра адначасовых гледачоў: агулам сямігадзінная трансляцыя на Youtube мае 4,8 тысячы праглядаў).

Выбары ў КР
Сілавы сцэнар, увага свету і палітвязні. Што казалі на канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду
2024.05.19 14:56

Але можа, прэтэнзіі былі не толькі да рассылкі як такой, а да закліку галасаваць за канкрэтны спіс – спіс № 5 «Закон і правапарадак», які ўзначальвае Азараў?

«Можа быць, – адказвае Азараў. – Але мы палічылі, што план „Перамога“ і бот створаныя „Байполам“, мы працуем у гэтым напрамку, гэта наш план. Таму лагічна было запрасіць беларусаў галасаваць за нас».

У каментары на Telegram-канале «BYPOL» далі таксама спасылку на інструкцыю «Кіберпартызанаў» для тых, хто хоча бяспечна выйсці з бота плану «Перамога». Калі проста выдаліць перапіску, бот зможа напісаць зноў, а калі яго заблакаваць, то сілавікі, якія атрымаюць доступ да тэлефона ці камп’ютара, змогуць пабачыць бота ў спісе заблакаваных. Таму трэба выдаляць ботаў паводле больш складанай інструкцыі.

Выбары ў КР
Як галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Праверылі бэта-версію праграмы
2024.05.20 07:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў