«З дна ўсё грукаюць і грукаюць». Для ацэнкі правоў чалавека ў Беларусі не хапае нізкіх балаў


Беларускі Хельсінскі камітэт 13 чэрвеня прадставіў звесткі Нацыянальнага індэксу правоў чалавека за пяць гадоў – за 2019–2023 гады. Пра тое, як ствараўся гэты індэкс і што ён паказаў, распавяла экспертка БХК Кацярына Кузняцова, якая з’яўляецца каардынатаркай яго падрыхтоўкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ідэю стварэння Нацыянальнага індэкса правоў чалавека яшчэ ў 2018 годзе прапанаваў былы кіраўнік БХК Алег Гулак з мэтай «мяккага падштурхоўвання перадусім дзяржавы да таго, каб яна ўдасканальвала хаця б трошкі заканадаўства і практыку, якая забяспечвае рэалізацыю правоў чалавека».

«Гэта была чарговая адліга. Дзяржава тады часам слухала грамадзянскую супольнасць, і індэкс зараджаўся, вядома, зусім у іншай атмасферы, у іншых надзеях, у іншай разумовай рамцы», – адзначыла Кацярына Кузняцова.

Пералік правоў для складання індэксу грунтуецца на міжнародных пактах аб грамадзянскіх і палітычных правах і аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, прынятых Генеральнай Асамблеяй ААН 16 снежня 1966 года. У індэкс не ўвайшлі правы, парушэнне якіх не ўласцівае Беларусі з прычыны эканамічных, культурных, гістарычных і іншых абставінаў. Агулам індэкс складаецца з ацэнкі 10 грамадзянскіх і палітычных і 8 сацыяльных, эканамічных і культурных правоў. Гэтыя правы падзеленыя на 48 элементаў, для кожнага з якіх вызначаны шэраг ідэальных станаў, дасягненне якіх азначала б поўную рэалізацыю элемента права на ўзроўні заканадаўства і практыкі яго ўжывання.

Ацэнку гэтых станаў робіць група экспертаў ад 4 да 6 чалавек (не заўсёды гэта юрысты або праваабаронцы), у залежнасці ад складанасці і комплекснасці права. Яны з улікам розных звестак выстаўляюць ацэнку па 10-бальнай шкале, дзе 1 – рэальнасць ніяк не суадносіцца з ідэальным станам, 10 – ідэальны стан і рэальнасць супадаюць.

Кузняцова падкрэсліла, што індэкс правоў чалавека зʼяўляецца менавіта нацыянальным і не суадносіцца з іншымі краінамі.

«Тут мы параўноўваем Беларусь з цудоўнай Беларуссю будучыні, выдатнай Беларуссю таго, у што яна павінна была б ператварыцца, калі б выконвала ўсе свае міжнародныя абавязкі», – сказала прадстаўніца БХК.

Пры гэтым яна адзначыла, што для Беларусі характэрная сітуацыя, «калі закон кшталту ёсць, але на практыцы гэтага няма». Гэта, з яе слоў, гэта ўскладняе ацэнку правоў, як і тое, што «дзяржава закрывае ўсё больш і больш звестак».

Небяспечна блізка да мінімальных значэнняў

Першая ацэнка Нацыянальнага індэкса правоў чалавека была зробленая ў 2020 годзе і ахоплівала 2019-ы. Гэта, паводле эксперткі, дапамагло лепш зразумець, як змянілася сітуацыя ў Беларусі з тых часоў. Першы індэкс па выніках 2019 года меў сярэдні бал 4,1 з максімальных 10. Па выніках 2023 года ён апусціўся да 2,4.

«Мы вельмі блізка, небяспечна блізка падыходзім да нашых мінімальных парогавых значэнняў», – адзначыла Кузняцова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле яе, мацней за ўсё ўпалі ацэнкі грамадзянскіх і палітычных правоў. Але пры гэтым «нельга сказаць, што сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы ў нас квітнеюць і пахнуць» – іх падзенне проста не гэтак рэзкае.

У цэлым колькасць адзнак у 1 бал вырасла да 40. А ацэнкі ад 8 да 10 скараціліся да 3. Агулам з 2019 па 2023 гады палепшыліся толькі 6 ацэнак, што знаходзіцца «ў межах амаль статыстычнай хібнасці». Названыя паляпшэнні звязаныя з прыняццем закона аб персанальных дадзеных, дазволам галасаваць затрыманым і гэтак далей. Без зменаў за пяць гадоў засталіся 9 адзнак. Гэта ў тым ліку тое, што ў Беларусі не расстрэльваюць жанчын і асобаў маладзейшых за 18 гадоў, не праводзяць навуковых даследаванняў і медычных эксперыментаў над затрыманымі і зняволенымі. Усе астатнія ацэнкі пагоршыліся.

Прадстаўніца БХК адзначыла, што асабліва моцна пагоршыліся ацэнкі, якія датычаць права на справядлівы суд, свабоду думкі, сумлення, рэлігіі, права на жыццё і мірны сход, права на ўдзел у культурным жыцці і права на працу. У прыватнасці, найбольш моцна пагоршылася сітуацыя з правам абвінавачанага быць судзімым у сваёй прысутнасці, паўторнымі судамі за адны і тыя ж дзеянні, неінфармаваннем пра змест абвінавачвання. Рэзка пагоршылася сітуацыя і з адвольным пазбаўленнем жыцця, у тым ліку пры разгоне і задушэнні мірных пратэстаў. Права на апошнія ў Беларусі, дарэчы, таксама атрымала ацэнку 1.

«Гэтага права ў нас проста няма», – адзначыла Кузняцова.

Даволі сурʼёзна ўпаў крытэр, які датычыць свабоднай працы без усякага прымусу. Асабліва гэта адбылося праз неабгрунтаваныя звальненні.

Праблемы былі і раней, але цяпер надзвычайны рэжым

Экспертка заявіла, што і ацэнка ў 4,1 бала ў 2019 года была «мякка скажам, не бліскучай». Але ўлады хоць бы фармальна прызнавалі міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, рабілі намаганні ўдасканаліць заканадаўства. Пры гэтым ужо тады доўгі час не выконваліся рэкамендацыі міжнародных кантрольных органаў, праваўжывальная практыка часта парушала нормы закона, а палітычныя правы былі вельмі значна абмежаваныя.

«Гэта значыць, сістэмныя праблемы былі і раней. Іншая справа, што 2020 год вельмі сурʼёзна абудзіў шмат людзей. Шмат якія людзі вынырнулі са свайго прыватнага бытавога жыцця, паглядзелі вакол, ператварыліся рэальна ў грамадзянаў і ўсвядомілі, што, напэўна, ёсць пытанні ў краіне», – сказала Кузняцова.

Нядзельнае шэсце
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Цяпер жа, паводле яе, у Беларусі фактычна ўведзены надзвычайны рэжым, які ўключае ў сябе сістэмныя масавыя рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Пры гэтым ужо «не зусім зразумела», кім ёсць іншадумцы.

Таксама часткай цяперашняй сітуацыі зʼяўляецца «спецыфічны легізм» у выглядзе «бурлівай дзейнасці ў заканадаўчым афармленні беззаконня». Разам з выхадам Беларусі з міжнародных дамоваў у сферы правоў чалавека гэта выліваецца ў «закукленне, выбудоўванне зноўку жалезнай заслоны».

Не толькі палітыка, але і эканоміка

Кузняцова падкрэсліла, што пагаршэнне сітуацыі з палітычнымі правамі наўпрост уплывае і на правы эканамічныя, калі становіцца «прасцей звольніць, мацней заняволіць, размеркаваць і замацаваць». А шмат якія ўразлівыя групы проста не трапляюць у сферу ўвагі ўладаў, дадала яна.

Экспертка адзначыла, што правы чалавека важныя нават не для рэалізацыі палітычных памкненняў, а, напрыклад, у пытаннях захавання і перадачы ў спадчыну нажытай маёмасці.

«Сабе вы купілі цяпер кватэрку, машынку, лецішча, зрабілі фірмачку. Але для таго, каб у вас не адабралі гэтую кватэрку, машынку, фірмачку пры вашым жыцці, і для таго, каб яна шчасна была перададзеная вашым дзецям, унукам, партнёрам, для гэтага патрэбныя інстытуты, якія нармальныя працуюць. Жывыя адвакаты, якія не баяцца ўзяць вашу справу, бо вы судзіцеся з кім-небудзь з раённых бонзаў. Суд, якому вы можаце давяраць і куды вы можаце пайсці. Сістэма выканаўчай і праваахоўнай улады, якая гэтыя рашэнні суда можа адстаяць», – падкрэсліла прадстаўніца БХК.

Пацыент амаль памёр

І сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца. Прычым так, што экспертам ужо не хапае балаў для яе ацэнкі.

«Ніхто не думаў, што нам не хопіць адзінкі, ніхто не думаў, што са дна ўсё грукаюць і грукаюць. І ў сітуацыі, калі на 2023 год у нас 40 адзінак, мы сапраўды можам прыйсці да таго, што калі ўсё будзе рухацца так, як яно рухаецца, то наш індэкс будзе ўяўляць з сябе роўную лінію адзінак. Гэта азначае, што пацыент памёр. Лінія без пікаў – гэта смерць», – сказала экспертка.

Кузняцова адзначыла, што індэкс таксама не ўлічвае шэраг правоў, якія тычыліся неактуальнымі ў 2019 годзе. Напрыклад, свабоду перамяшчэння.

У цэлым жа, заключыла экспертка, тэму правоў чалавека ў Беларусі неабходна ўвесь час падтрымліваць, каб дзяржава хаця б «краёчкам свядомасці» звяртала на яе ўвагу. Інакш «гэты самы Левіяфан пачне іх [людзей. – рэд. belsat.eu] жэрці».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў