Беларусь прапанавала ААН прыраўняць санкцыі да актаў агрэсіі


Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў прапанаваў ААН прыраўняць «аднабаковыя» санкцыі да актаў агрэсіі. Гэта ён агучыў на 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН 13 чэрвеня.

Сцяг ААН.
Фота: pravda.com

У сваёй прамове ён абвінавачвае ў нялюдскасці тых, хто ўводзіць санкцыі і кажа, што праз іх Беларусь засталася без некаторых заходніх лекаў. Аднак з яго прамовы вынікае, што любыя санкцыі – гэта акт агрэсіі. Атрымліваецца, у тым ліку санкцыі супраць беларускага ваенпраму, які дапамагае Расеі ваяваць супраць Украіны.

«Прапануем лічыць незаконныя аднабаковыя санкцыі не проста эканамічным тэрарызмам, а актамі агрэсіі з усімі наступствамі, якія вынікаюць», – заяўляе Валянцін Рыбакоў.

Адначасова Рыбакоў кажа, што санкцыі можна параўнаць з наступствамі стыхійных бедстваў, і што Беларусі яны не страшныя. Напрыклад, лекі нібыта ўдалося хутка замяніць.

«Беларусь ганарыцца сваімі дасягненнямі ў сацыяльнай палітыцы і эканоміцы. На фоне беспрэцэдэнтнага ціску Беларусь змагла не проста выстаяць як суверэнная дзяржава, але і працягвае развівацца і выконваць усе свае сацыяльныя абавязкі перад грамадзянамі, не дапускаючы якаснага зніжэння іх узроўню жыцця. Гэта толькі ўмацоўвае нашу ўпэўненасць у тым, што выбраныя Беларуссю мадэль і шлях развіцця з’яўляюцца вернымі», – кажа Рыбакоў.

На заканчэнне беларускі чыноўнік перайшоў да абразаў.

«У тых, хто прыдумляе аднабаковыя санкцыі, няма мазгоў. У тых, хто іх ужывае, няма сэрца. У тых, хто санкцыі апраўдвае, няма сумлення. Вельмі сумна, што ў некаторых усе тры гэтыя якасці спалучаюцца», – сказаў Рыбакоў.

Рыторыка Рыбакова разыходзіцца з тым, што кажуць чыноўнікі ў Беларусі. Напрыклад, дэпутат Алег Гайдукевіч у студзені 2023 года казаў, што санкцыі толькі на карысць Беларусі:

«Мы хутчэй будзем сваё развіваць. Яны нам не патрэбныя. Ім дзякуй трэба сказаць. Яны сябе знішчаюць, уводзячы санкцыі ў дачыненні да тых, за кошт каго жылі».

Дзякуй за санкцыі ў канцы 2023 года сказаў Захаду і Аляксандр Лукашэнка:

«Хачу падзякаваць амерыканцаў і ўвесь заходні свет за тое, што яны ўвялі супраць нас санкцыі. У адваротным выпадку на гэтым вялізным полі стаялі б не беларускія трактары, а амерыканскія і нямецкія».

Каментар
Беларускаму рублю прадраклі падзенне праз санкцыі супраць Маскоўскай біржы
2024.06.13 12:15

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў