Візы і ізаляцыя рэжыму: Ціханоўская сустрэлася з дарадцам Байдэна ў нацыянальнай бяспецы


Святлана Ціханоўская падчас візіту ў ЗША правяла перамовы з дарадцам прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам. Абраная прэзідэнтка адзначыла важнасць выдавання візаў беларусам і дапамогі грамадзянскай супольнасці, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вашынгтон, ЗША. 12 чэрвеня 2024 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Офіс Святланы Ціханоўскай называе сустрэчу з дарадцам у нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам адною з галоўных падчас візіту ў ЗША. Размаўлялі пра Беларусь і Украіну. Ціханоўская абгрунтавала неабходнасць падтрымаць дзве краіны.

«Ціханоўская апавяла пра нашых добраахвотнікаў і валанцёраў ва Украіне ды падкрэсліла важнасць перамогі Украіны для пераменаў у Беларусі. Асобна лідарка ўзняла пытанне ваенна-палітычнай сітуацыі ў нашай краіне, падсвяціўшы мізэрнае падтрыманне грамадствам уступу ў вайну і ўніфікацыі з Расеяй», – паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Агляд
«Прызнаць КР і Пераходны кабінет легітымнымі інстытутамі». ЗША апублікавалі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
2024.06.08 12:54

Суразмоўцы таксама абмеркавалі «ўмацаванне ціску на рэжым Лукашэнкі». Абраная прэзідэнтка адзначыла, што абмежаванні не павінны мець шчылінаў і мусяць быць скіраваныя на вызваленне палітвязняў, супраць рэжыму і яго дапамогі Расеі ў вайне.

«Асобна Ціханоўская падкрэсліла важнасць выдавання візаў і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці за мяжою: неабходна ізаляваць рэжым, а не людзей, бо беларусам і беларускам трэба заставацца мабільнымі», – адзначаецца ў паведамленні Офісу.

Публікацыя пра гэтую сустрэчу з’явілася і на сайце Белага дому. Як паведаміла адміністрацыя прэзідэнта Джо Байдэна, Саліван «выказаў цвёрдае падтрыманне ЗША народу Беларусі ў яго памкненні да дэмакратычнай будучыні». Акрамя таго, дарадца даў зразумець, што Злучаныя Штаты разам з партнёрамі працягнуць працаваць, каб пакараць рэжым Лукашэнкі, не выключаныя новыя санкцыі.

Падчас гэтага візіту ў ЗША Ціханоўская таксама сустрэлася з колішняю спікеркаю Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўсі, з амерыканскімі сенатарамі і з беларускаю дыяспараю.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Нэнсі Пэлоўсі і сенатарамі ЗША
2024.06.12 13:39

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў