Без скандалу не абышлося: прайшло першае агульнае пасяджэнне КР другога і трэцяга скліканняў


12 чэрвеня прайшло першае агульнае пасяджэнне Каардынацыйнай рады 2-га і 3-га скліканняў. Мерапрыемства праходзіла ў онлайн-фармаце. Але падчас яго не абышлося без скандалу: прадстаўнікі некалькіх спісаў пакінулі пасяджэнне з-за працэдурных парушэнняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вялікая палітычная канферэнцыя па выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Пачала пасяджэнне беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. Яна падзякавала ўсім, хто наважыўся ўзяць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду, і выказала жаданне, каб гэты орган стаў платформай не толькі для каардынацыі, але і для кансалідацыі дэмакратычных сілаў.

Святлана Ціханоўская прапанавала ўдзельнікам новага складу КР факусавацца на тым, што аб’ядноўвае, а не дзеліць. Яна паведаміла, што праект Пратаколу ўзаемадзеяння паміж Каардынацыйнай радай, Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам, ужо падрыхтаваны і ў найбліжэйшы час будзе прадстаўлены на разгляд усіх трох структур. Ціханоўская выказала спадзяванне, што гэты дакумент стане свайго роду «малой канстытуцыяй» дэмакратычнага руху.

Выступ Святланы Ціханоўскай падчас першага агульнага пасяджэння КР-2 і К-3.
Фота: скрыншот з відэа / YouTube / Каардынацыйная рада

Таксама беларуская дэмакратычная лідарка абазначыла напрамкі працы, на якіх неабходна сфакусавацца новаму складу Каардынацыйнай рады. Сярод іх – пытанне палітвязняў, праца ўнутры краіны, міжнародная дзейнасць, пытанне кансалідацыі беларусаў замежжа і праца з дыяспарай, падтрымка Украіны і добраахвотнікаў, а таксама распрацоўка візіі новай Беларусі.

Сыход удзельнікаў

Пасля выступлення Святланы Ціханоўскай слова было перададзена спікеру Каардынацыйнай рады другога склікання Андрэю Ягораву, які стаў знаёміць прысутных з правіламі работы і механізмамі, якія існуюць унутры Каардынацыйнай рады. Аднак падчас ягонай прамовы з онлайн-эфіру пачалі выходзіць удзельнікі некалькіх спісаў. Пры гэтым самае цікавае пачалося не столькі на экране трансляцыі, колькі ў чаце пад ёй.

«У звязку з тым, што арганізатары не прыслухаліся да заявы большасці спісаў адносна павесткі паседжання – спіс Еўрапейскі выбар пакінуў паседжанне. Усяго выйшлі 4 спісы. Жыве Беларусь», – з’явілася першае паведамленне ў чаце YouTube-канала, на якім транслявалася пасяджэнне. Пазней ідэнтычнае паведамленне з’явіліся ад імя Аліны Коўшык, яшчэ адной прадстаўніцы спісу «Еўрапейскі выбар».

Павел Латушка (спіс «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду») даў у чаце больш разгорнуты каментар, ён падзякаваў Святлане Ціханоўскай за вітанні і пасланне для новай Каардынацыйнай рады і пры гэтым адзначыў, што ягоны спіс «пакінуў пасяджэнне, таму што былы спікер КР Андрэй Ягораў адмовіўся прыслухацца да пазіцыі большасці пры падрыхтоўцы парадка дня сённяшняга пасяджэння».

Больш катэгарычным быў у каментарах адзін з чальцоў спісу «Каманды Латушкі і руху «За свабоду» Андрэй Курэйчык. Ён адзначыў, што ўсе выйшлі з гэтага пасяджэння, бо «Ягораў спрабуе захаваць уладу любой цаной і ціснуць на КР 3-га склікання».

У чым справа

Як аказалася, напярэдадні пасяджэння ўдзельнікі абраных выбарчых спісаў Каардынацыйнай Рады 3-га склікання выступілі з супольнай заявай, датычнай арганізацыі працы Каардынацыйнай рады, сфармаванай па выніках выбараў 2024 года.

У ёй, у прыватнасці, гаварылася пра тое, што падпісанты прымаюць «за кропку адліку паўнамоцтваў новай Каардынацыйнай рады правядзенне фармальнага сходу 12 чэрвеня 2024, парадак дня якога мусіць быць абмежаваны вітальнымі выступамі прэзідэнткі-элект Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады 3-га склікання».

«Мы бярэм на сябе адказнасць у фармаванні працоўных органаў і павесткі дня першага працоўнага паседжання новай Каардынацыйнай рады. Для рэалізацыі гэтай задачы будзе сфармаваны аргкамітэт, у які мусяць быць вылучаны па аднаму прадстаўніку ад кожнага спісу, з вагою голаса згодна колькасці працэнтаў, атрыманых па выніках выбараў 2024 году», – адзначалася ў заяве.

Таксама падпісанты заклікалі каардынатараў іншых выбарчых спісаў далучыцца да працы аргкамітэта па арганізацыі першага працоўнага паседжання абранай Каардынацыйнай рады.

Пад заявай паставілі свае подпісы 28 чалавек са спісу «Каманды Латушкi i руху «За Свабоду», 8 чалавек з «Еўрапейскага Выбару», 8 – са спісу «Незалежныя беларусы», 6 – са спісу «Воля» і трое ўдзельнікаў спісу «Хопіць Баяцца».

«Белсат» звязаўся з кіраўніком руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам, каб удакладніць, што на самой справе адбылося падчас агульнага пасяджэння прадстаўнікоў КР 2-га і 3-га склікання.

«Я думаю, пачаць трэба з тлумачэння таго, што згодна з нават дзейным статутам Каардынацыйнай рады не існуе такой працэдуры, як сумеснае пасяджэнне. Бо ўступленне ў свае абавязкі прадстаўнікі Каардынацыйнай рады новага склікання павінны пачынаць з уласнага пасяджэння. Тым не менш, калі такая прапанова паступіла, нам давялося правесці дастаткова сур’ёзныя дыскусіі, бо значная большасць новаабраных прадстаўнікоў не пагаджалася на такое нестатутнае мерапрыемства», – кажа Юрась Губарэвіч.

Паводле кіраўніка руху «За свабоду», некаторых прадстаўнікоў прыйшлося пераконваць у тым, што калі гэтае пасяджэнне пройдзе ў фармаце вітальных словаў, то ў прынцыпе нічога кепскага ў гэтым няма. Менавіта такая прапанова была сфармуляваная ад імя пяці спісаў, агульны колькасны склад якіх сягае дзвюх трацінаў новаабраных прадстаўнікоў КР, і накіраваная ў сакратарыят.

«Але, на жаль, яна была праігнараваная. Нам такім чынам прадэманстравалі, што мы не можам уплываць на фармаванне павесткі дня, што рашэнні ўсе прымаюць кіраўнікі папярэдняй Каардынацыйнай рады, якія не лічацца з меркаваннем новаабраных прадстаўнікоў. Канечне, у шэрагу ўдзельнікаў гэта выклікала абурэнне і жаданне проста пакінуць такое паседжанне, дзе іх меркаванне ігнаруецца», – адзначыў Юрась Губарэвіч.

Што да самой заявы ад імя пяці спісаў, адзначае суразмоўца «Белсата», то яна была апублічаная і накіраваная ў сакратарыят, які адносіцца да Каардынацыйнай рады 2-га склікання, і тое, як дадзеная інфармацыя павінна была быць даведзеная да спікера – гэта ўжо ўнутраныя працэдуры КР другога склікання.

Адказаў наш суразмоўца і на крытыку, якая прагучала падчас пасяджэння ў адрас кааліцыі з пяці спісаў аб тым, што яны хочуць захапіць лідарства. Юрась Губарэвіч адзначыў, што яму гэта нагадвае тэзы Аляксандра Лукашэнкі, які раней казаў, што апазіцыя хоча захапіць уладу, а ў 2020 годзе казаў, што большасць грамадства хоча захапіць уладу і паказваў, што меркаванне большасці можна ігнараваць. «Мне здаецца, мы павінны адмаўляцца ад такіх традыцыяў», – адзначыў кіраўнік руху «За свабоду».

На пытанне аб тым, што будзе далей і як не дапусціць да таго, каб сённяшняя сітуацыя прывяла да крызісу ў Каардынацыйнай радзе, Юрась Губарэвіч адказаў, што сам факт дамоваздольнасці дзвюх трацінаў гэтага органу сведчыць пра тое, што ніякіх крызісаў не будзе.

«Гэта сведчыць пра тое, што рашэнні могуць прымацца ў працоўным парадку, натуральна пасля падрабязнага абмеркавання кожнай пазіцыі, у тым ліку абавязкова тых, хто можа апынуцца ў меншасці. Хаця тут яшчэ рана ставіць кропку на канчатковай канфігурацыі. Ёсць спадзяванне, што да канструктыўнай працы будуць далучацца ўсе без выключэння выбарчыя спісы і персанальна сябры Каардынацыйнай рады», – адказаў Юрась Губарэвіч.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў